Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым трымаецца незалежнасьць


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Зноў сустракаю меркаваньне, што незалежнасьць далася Беларусі выпадкова, паводле «саюзнай разнарадкі», «упала зь неба», а не была здабытая натхнёным намаганьнем тысяч людзей.

Пётра Садоўскі нават назваў гэта «журналісцкім штампам».

На маю думку, пытаньне насамрэч ня ў тым – далася незалежнасьць ці была здабытая, а ў тым, хто пра гэта гаворыць. І мяжа пралягае ня толькі праз журналісцкую супольнасьць, а праз увесь народ. Для адных самастойная краіна Беларусь – безумоўная каштоўнасьць, для другіх – не. Таму першыя ніколі ня скажуць, што «ўпала зь неба», бо каштоўнасьці ня «звальваюцца на галаву».

Для большасьці беларусаў незалежнасьць сапраўды «ўпала», бо ім і так і гэтак жывецца сабе, бо яны ў 1991-м галасавалі за СССР, гэта значыць, супраць незалежнасьці. Для тых жа, хто ад 80-х ці нават 70-х і раней набліжаў яе, пашыраючы яе ідэю сярод іншых, хто цярпеў за сваю дзейнасьць, хто проста марыў бачыць Беларусь самастойнай краінай, марыў вырвацца з савецкага калгасу, хто ўрэшце і здабыў яе ў падпольлі, на плошчы і ў парлямэнце – а гэта многія тысячы беларусаў – нішто ніадкуль ня «ўпала».

Такая выснова нараджае два наступныя пытаньні.

Ці робіцца з гадамі тых, хто разумее каштоўнасьць самастойнай Беларусі болей?

Людзі прывыклі да сваіх беларускіх пашпартоў, беларускіх грошай, беларускіх нумароў на машынах. Мяркую, што большасьці па-ранейшаму гэта нічога не каштуе і яны маральна гатовыя памяняць пашпарты, грошы і нумары на расейскія. Яшчэ ёсьць самастойны беларускі спорт. Але тыя, хто ўхваляе выступы беларусаў на Алімпіядзе пад расейскім сьцягам, як і тыя, хто чапляе георгіеўскія стужкі і перапісвае па-расейску дарожныя знакі, набліжаюць страту незалежнасьці, якая «нічога не каштуе». Астатнія па-ранейшаму глядзяць маскоўскую праграму «Время» і яе мясцовыя клоны, слухаюць «Русское радио» і яго тутэйшыя копіі, знаходзяцца ў прапагандысцкім полі Маскоўскага патрыярхату, па-ранейшаму жывуць у СССР, што ўсё ясьней прамалёўваецца як – у Расеі.

Што да прыхільнікаў незалежнасьці, дык у 1995-м меркавалася, што іх мільён – тых, хто не падтрымаў рэфэрэндум. У кожным разе, пры аўтарытарнай мадэлі дзяржавы незалежнасьць трымаецца не на іх. І тут – другое пытаньне – на чым яна трымаецца?

Сёньня яна трымаецца на Лукашэнку, нават не на рэжыме асабістае ўлады, які ён збудаваў. Яна трымаецца на грамадзяніну Лукашэнку і больш ні на чым. Ці ўсьведамляюць гэта тыя, хто ведае кошт незалежнасьці, тыя, хто хацеў бы падтрымаць незалежнасьць і тыя, хто да іх далучыўся за гэтыя 25 гадоў?

Ці ўсьведамляюць, што незалежнасьць Беларусі трымаецца на часовай і самай ненадзейнай апоры, якую толькі можна прыдумаць для незалежнасьці? І калі ўсьведамляюць, дык ці выбудоўваюць, як могуць, альтэрнатыўнае апірышча для самастойнасьці Беларусі?

Адзіны надзейны фундамэнт, які прыхільнікі незалежнасьці маглі б самастойна і незалежна ад Лукашэнкі збудаваць на будучыню – гэта жывая беларуская мова дачыненьняў людзей. Няма ў нас адной на ўсіх рэлігіі ці адной на ўсіх традыцыі ці яшчэ чаго-небудзь аднаго на ўсіх. Ёсьць толькі мова. Як, напрыклад, гэта было ў балтыйскіх народаў напярэдадні распаду СССР.

І тут узьнікае яшчэ адно пытаньне, якое я пакіну адкрытым. Чаму жывой беларускай мовы ў дачыненьнях людзей ня робіцца адчувальна болей? Калі тых, хто разумее каштоўнасьць самастойнай Беларусі, сапраўды мільён, дык чыста мэханічна кожны дзявяты мог бы гаварыць на вуліцы, у краме, у транспарце па-беларуску. Выходзіць, такіх не мільён? І тыя, хто ведаў кошт незалежнасьці, страцілі гэтую веру і пагадзіліся з тым, што беларуская незалежнасьць «звалілася на галаву»?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG