Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паабяцала ў відэатрансьляцыі «Советской Белоруссии», што беларусаў запросяць на выбары ў Палату прадстаўнікоў праз SMS. ЦВК выслаў заяўку ў Мінсувязі, каб тое разаслала SMS-паведамленьні ўсім беларускім абанэнтам.
Але запрашэньні прыйдуць і тым, каму на выбары ісьці ня трэба. Рассылка пойдзе ўсім абанэнтам беларускіх апэратараў, у тым ліку дзецям і іншаземцам. Ярмошына папрасіла паставіцца да гэтага з разуменьнем.
Асноўны дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў — 11 верасьня. Але беларусаў заклікаюць (часам з пагрозамі) ісьці галасаваць датэрмінова — прагаласавалі 9,63% за два дні. Праваабаронцы і актывісты раяць не рабіць гэтага, бо падчас датэрміновага галасаваньня фальсыфікаваць вынікі значна лягчэй.
Масавая рассылка SMS беларусам аднойчы абярнулася непаразуменьнем. Пасьля цыклёну «Даніэла», які заваліў Беларусь сьнегам у студзені 2016 году, ад імя Менгарвыканкаму масава рассылаліся паведамленьні «Пераканаўча просім прыбраць сьнег каля машынамесцаў і ў дварах. Гарвыканкам».
Шматлікіх карыстальнікаў сеціва зьдзівіла, сярод іншага, фармулёўка без «калі ласка» ці «будзем удзячныя». На экстраны тэлефон 101 паступіла больш за 5000 тэлефанаваньняў зьдзіўленых менчукоў.
Кіраўнік прэс-службы Менгарвыканкаму пазьней патлумачыў, што фармулёўка была такой праз абмежаванасьць колькасьці знакаў у SMS, а старшыня Менгарвыканкаму казаў, што мабільныя апэратары рассылалі тыя паведамленьні бясплатна.