«АНТОША, ПАШУКАЙ МЯЧ ПАД ЯБЛЫНЯЙ». БЭЙСБАЛІСТЫ СА СКІДЗЕЛЯ РЫХТУЮЦЦА ДА АЛІМПІЯДЫ 2020 ГОДУ

«Дзесяць інінгаў супраць „Мінску“ гулялі, уяві?» Інінгі, дагаўты і хоўм-раны* — у Скідзелі шмат хто разумее, пра што ідзе гаворка. У гэтым 10-тысячным гарадку пад Гародняй гуляе адна з наймацнейшых у Беларусі камандаў па бэйсболе. З трох школ тут, бадай, няма ніводнай клясы, дзе б не было бэйсбалістаў. Чаму адзіная каманда вобласьці не зьбірае стадыёнаў і як беларуская мова дапамагае ў бэйсболе, Свабода даведалася падчас гульні ў Скідзелі.
Мячом шапку парвала, а потым хадзіў як п’яны
У мінулую нядзелю ў Скідзелі быў «геймдэй». Другі дзень запар мясцовая каманда «Цукровы шторм» сустракалася зь лідэрам чэмпіянату Беларусі — «Мінскам». Калісьці галоўны трэнэр менчукоў Аляксандар Сячко зрабіў шмат, каб навучыць скідзельцаў гульні. Цяпер былыя вучні — прынцыповыя супернікі «Мінска».
Каманда «Мінск» прыехала на гульню ў Скідзель да сваіх прынцыповых супернікаў — «Цукровага Шторму»
Праўда, пра прынцыповы матч у Скідзелі ведаюць ня ўсе. Пра «геймдэй» не нагадвае ніводная аб’ява ў горадзе.
За паўгадзіны да матча на стадыён прыходзіць першы заўзятар — Расьціслаў Сьцепанюк. З 73-гадовым дзядулем вітаюцца трэнэры ды гульцы. Сьцепанюк не прапускае ніводнай хатняй гульні і няблага разьбіраецца ў правілах.
73-гадовы заўзятар Расьціслаў Сьцепанюк «трохі разумее» правілы і сочыць за лікам
«Я калісьці ў дзяцінстве ў лапту гуляў, — кажа ён. — Там трэба было гумовы мяч біць і лавіць».
Правілы бэйсболу, калі той зьявіўся ў Скідзелі, Сьцепанюк пытаўся ў трэнэраў. Цяпер кажа, што «трохі разумее».
З закінутага поля ў Скідзелі зрабілі спэцыяльны бэйсбольны стадыён
Ён абірае месца за бэкстопам — плотам, што абараняе трыбуны ад мячоў. Бэкстоп зроблены са старых тэлеграфных слупоў, паміж якімі нацягнута сетка-рабіца. Але вышыні слупоў часам не хапае. Два месяцы таму мяч пасьля ўдару пераляцеў праз 15-мэтровы плот і трапіў Сьцепанюку ў галаву.
«Нават шапка лопнула, — паказвае ён зашытую панаму. — Цэлы тыдзень як п’яны хадзіў. Хіба страсеньне мозгу было».
У каманду паставілі гуляць былых валейбалістаў і футбалістаў
Да пачатку гульні падцягваюцца яшчэ колькі гледачоў. І хоць на стадыёне няма табло, усе ведаюць, зь якім лікам ідзе гульня.
Юры Штро рыхтуе каманду да гульні супраць «Мінску»
15 год таму правілы бэйсболу сталі вывучаць былыя футбалісты і валейбалісты. Аляксандар Фурман, выкладчык фізкультуры мясцовай школы, пазнаёміўся з трэнэрам бэйсбольнай каманды з Салігорску. Захапіўся і перавёў хлопцаў зь іншых сэкцыяў у бэйсбол.
Багажнікі трэнэраў — гэта склады спартовага інвэнтару
«Аднойчы прыяжджае Фурман, адкрывае багажнік сваёй машыны, а там усё ў пальчатках, мячах і бітах, — узгадвае пачатак бэйсболу ў Скідзелі 35-гадовы Андрэй Матвееў, гулец дарослай каманды і трэнэр малодшых групаў. — Паспрабавалі, і ня можам ужо спыніцца».
Андрэй Матвееў — перайшоў у бэйсбол з валейболу. Спачатку гуляў, а потым стаў яшчэ і трэнэрам у дзіцячых групах
У каманду прыйшлі старэйшыя школьнікі зь іншых сэкцыяў і сябры Фурмана. Сярод іх — Юры Штро. Разам з Фурманам і тады, і сёньня яны займаліся грузаперавозкамі. Разам сталі і гуляць у бэйсбол.
«Мы з Сашам служылі разам, у нас зь ім была фура — стары МАЗ, і я ў школьную спартзалю прыходзіў кожны вечар», — узгадвае Штро.
Юры Штро, гуляе ў бэйсбол у Скідзелі з 2002 года. Цяпер ён — трэнэр дарослай каманды
Два месяцы новая скідзельская каманда трэніравалася і потым адправілася на кубак Беларусі ў Магілёў. Потым да іх у Скідзель прыехалі берасьцейскія «Зубры» — самая моцная на той час каманда Беларусі. Яны прайгралі скідзельцам.
«У мяне дома дагэтуль вісіць плякат з афішай пра тую гульню», — кажа Матвееў.

Якія квіткі? Пойдзе дождж, і ўсе гледачы сыдуць. Можа, пад бярозай два чалавекі застануцца
Каманда называецца «Цукровы шторм», бо іхні галоўны спонсар — Скідзельскі цукровы камбінат. Толькі дзякуючы падтрымцы заводу ў Скідзелі зьявіўся адмысловы бэйсбольны стадыён. Старое закінутае поле выраўнялі, паставілі вакол яго плот, пару лавак.
Імправізаваная перапранальня на стадыёне
Стадыён цалкам самаробны, але тэрміналёгію тут выкарыстоўваюць прафэсійную. Лавы, дзе сядзяць гульцы, — гэта «дагаўт». Высокі плот — «бэкстоп».
Таксама павінны яшчэ быць крытыя трыбуны і асьвятляльнікі. Калі б гэта было, у Скідзелі можна было б нават правесьці чэмпіянат Эўропы сярод дзяцей, упэўнены Фурман, які цяпер займае пасаду старшыні бэйсбольна-сафтбольнага клюбу. Дзіцячыя каманды са Скідзеля — адны з наймацнейшых ва ўсім рэгіёне. А таму цікавасьць да Скідзеля ў Эўропе ёсьць.
Напярэдадні «гэймдэю» хлопцы абнаўляюць разьметку на полі
Але грошай на лепшую інфраструктуру няма. І дзе іх узяць, Фурман ня ведае. За кошт цукровага заводу і гарадзенскага райвыканкаму тут утрымліваюць трох трэнэраў, арганізуюць выезды для дзіцячых і дарослых камандаў.
«Напэўна, у гэтым павінна быць зацікаўлена абласное ўпраўленьне спорту, — кажа Фурман. — Але вобласьці мы не цікавыя».
«Цукровы Шторм» мае назву ў гонар свайго галоўнага спонсара і заснавальніка — Скідзельскага цукровага заводу
«Цукровы шторм» — адзіная ў Скідзелі рэспубліканская каманда і адзіная ў Гарадзенскай вобласьці каманда па бэйсболе. У 2011 годзе яны выйгралі чэмпіянат Беларусі. Дзіцячыя каманды вядомыя нават за мяжой. Але ў самім горадзе на гэтай вядомасьці клюб зарабіць ня можа.
Праўда, бэйсбалістаў запрашаюць на розныя майстар-клясы, дзе распавядаюць, як можна зарабіць: выпускаць фірмовыя майкі, прадаваць квіткі на матчы.
Звычайна матч цягнецца каля дзьвюх з паловай гадзінаў
«Нават калі зрабіць квіткі па 50 капеек, то людзі будуць сьмяяцца, — кажа Штро. — На гульню прыходзяць толькі бацькі і знаёмыя. Гэта 30–40 чалавек. А калі пойдзе дождж, яны ўсе сыдуць. Можа, два чалавекі вось пад той бярозай застануцца».
Адданыя заўзятары скідзельскай каманды
Пошукі мяча ў гародзе — асобная гульня
Падчас нядзельнай гульні акурат пайшоў дождж. І, як прадказваў Юры Штро, заўзятары разышліся па хатах. Толькі пару чалавек сядзелі пад парасонамі, і яшчэ пару схаваліся разам з камандай пад бярозай каля «дагаўта».
Частка гледачоў — гэта людзі, што жывуць побач са стадыёнам. Але ня ўсе суседзі рады, што поле пад бокам. «Бэкстоп» з тэлеграфных слупоў не заўжды ратуе, і мяч вылятае вонкі. Часьцей за ўсё ён трапляе ў гарод суседняй хаты. Гаспадыня злуецца, калі па ейным гародзе паўдня лазяць бэйсбалісты.
Так хлопцы шукаюць мяч ў садзе суседняй ад стадыёну хаце
Пошукі мяча нагадваюць паралельную гульню. Кожныя 5–10 хвілін нехта зь дзяцей-заўзятараў ці запасных гульцоў бяжыць у гарод па мяч. Але ня кожны раз яго знаходзяць.
«Антоша, вось пад той яблыняй пашукай», — паказвае Штро траекторыю падзеньня мяча аднаму з гульцоў.
Там жа, каля саду, прыпаркаваныя машыны. Пасьля таго як 150-грамовы мяч чарговым разам пераляцеў бэкстоп, пачуўся глухі ўдар у корпус машыны.
«А нядаўна ў той хаце шыфэр мячом пабіла, — паказвае заўзятар-Сьцепанюк на страху суседняй хаты. — Унь, сьвежы ліст ужо паклалі там».
Бэйсболу ў Беларусі ўжо амаль 30 год, а спорт усё адно застаецца экзатычным
«Мінск» — адзіная прафэсійная каманда ў Беларусі. Гульцам плацяць грошы, а таму яны ня мусяць адпрошвацца з працы, як аўтфілдэры ды кэтчэры з «Цукровага шторму». За Скідзель гуляюць рабочыя з цукровага заводу, грузчыкі ды прадаўцы.
«Мінск» — адзіная прафэсійная каманда ў Беларусі, дзе гульцам плаяцяць грошы
Нядзельная гульня адбываецца праз пару тыдняў пасьля навіны, што бэйсбол уключылі ў Алімпійскія гульні 2020 году ў Токіё. Можна лічыць, што сёньня пачынаецца падрыхтоўка да наступнай Алімпіяды.
«Гэта павінна неяк паўплываць, — кажа Аляксандар Сячко, які таксама ўзначальвае Беларускую бэйсбольную фэдэрацыю. — Вялікіх чаканьняў у нас наконт гэтага няма. Але надзея ёсьць».
Выканаўчы дырэктар Міжнароднай канфэдэрацыі бэйсболу і сафтболу Міхаэль Шміт бачыць вялікую пэрспэктыву для разьвіцьця бэйсболу ў Беларусі
Раней бэйсбалістам адмаўлялі ў фінансавай дапамозе, бо гэта не алімпійскі від спорту. Цяпер бэйсбол хочуць уключыць у школьную праграму. Дамаўляцца наконт гэтага прыяжджаў у чэрвені 2016 году Міхаэль Шміт, выканаўчы дырэктар Міжнароднай канфэдэрацыі бэйсболу і сафтболу (МАБС). Арганізацыя гатовая дапамагаць беларускім школам з інвэнтаром, экіпіроўкай і навучаньнем трэнэраў.
«Тут павінны быць задзейнічаныя дзяржаўныя структуры, — кажа Сячко. — А калі спорту ня будзе ў школьнай праграме, ён застанецца экзотыкай. Хоць бэйсбол у Беларусі існуе з 1988 году, а пытаньні пра гульню такія самыя, як і 30 год таму».
Сячко тлумачыць: бэйсбол адрозьніваецца ад іншых відаў спорту тым, што тут могуць гуляць дзеці рознай камплекцыі. Калі для футболу ці валейболу патрэбныя высокія атлетычныя хлопцы, то ў бэйсболе знойдуць пазыцыю для розных дзяцей.
Беларуская мова дапамагае на міжнародных спаборніцтвах
Сярод дарослых камандаў на міжнародныя спаборніцтвы сёлета езьдзіў толькі «Мінск». Як пераможца чэмпіянату Беларусі каманда выступала на другім па значнасьці турніры Эўропы — Кубку фэдэрацыі. Там яны занялі перадапошняе месца, але захавалі месца для Беларусі ў Кубку на наступны год.
Нашмат часьцей на міжнародных турнірах выступаюць дзіцячыя каманды. Сёлета каманды 12- і 15-гадовых хлопцаў выступалі ў эўрапейскіх кубках.
Аляксандр Сячко — галоўны трэнер каманды «Мінск»
Дарэчы, на міжнародных спаборніцтвах хлопцам дапамагае беларуская мова. Калі гуляюць супраць расейцаў, украінцаў ці літоўцаў, якія ведаюць расейскую, трэнэры даюць каманды па-беларуску. Тады супернік не разумее, да чаго рыхтавацца.
«Мы кажам „ахвярны ўдар“, і нас не разумеюць, — кажа Сячко. — Ці „другая“ база. Якая зь іх — „другая“?»
У лексыконе ж саміх гульцоў вельмі шмат англіцызмаў — прафэсійнай лексыкі. Дзеці, што прыйшлі паглядзець на дарослую каманду, увесь час абмяркоўваюць «хоўм-раны». Гэта вельмі моцна адбіты за межы поля мяч, за які каманда атрымлівае адзін пункт.
Каб не бэйсбол, дзеці б ня бачылі сьвету
Самыя моцныя дзіцячыя каманды ў Беларусі — са Скідзеля. Яны штогод перамагаюць у сваіх узроставых чэмпіянатах. Штро кажа, што яшчэ пяць год іх ніхто не пераможа.
Дзіцячыя групы вядуць тры трэнэры — былыя гульцы «Цукровага шторму». Усе групы разам наведвае больш за сто дзяцей. Гэта самы папулярны спорт у Скідзелі.
«Чаму дзеці ідуць да нас? Гэта ж нешта новае, і нам лёгка перавабіць да сябе дзяцей, — кажа Матвееў. — І ўсе бачаць нашы вынікі — неаднаразовыя перамогі».
Якім чынам Скідзель рыхтуе такія моцныя каманды? Сячко кажа, што ў малым горадзе прасьцей сабраць бэйсбольную сэкцыю, чым у вялікім. У Менску дзяцей перавабліваюць у іншыя віды спорту, якіх у Скідзелі проста няма.
«Самыя таленавітыя дзеці тут прыходзяць у бэйсбол, — кажа Сячко. — Таму ў такіх гарадах, як Скідзель ці Лагішын, амаль усе дзеці ахопленыя бэйсболам».
Трэнэры кажуць, што матываваць школьнікаў лёгка. Многіх гульцоў запрашаюць у трэніровачныя лягеры за мяжой, куды яны наўрад ці трапілі б без бэйсболу.
Самі ж трэнэры працуюць на палову стаўкі. Летам, можна сказаць, жывуць на полі, а зімой — у спартзалі.
«Навошта мне гэта? — задаецца пытаньнем Штро. — Каб не бэйсбол, гэтыя дзеці ня бачылі б сьвету. Можа, калі буду старым, хто скажа «дзякуй».
Кароткі бэйсбольна-беларускі слоўнік
Аўтфілдэр гулец каманды, якая абараняецца. Ён знаходзіцца ў зьнешнім полі, на выпадак, калі мяч вылеціць далёка.
Бэкстоп плот за «хатняй» базай. Абараняе гледачоў ад мячоў, якія вылятаюць за бэтэра.
Бэтэр (адбівач) гулец зь бітай. Адбівае мячы, якія кідае яму пітчэр. Мяч павінен ляцець не вышэй за грудзі. Задача бэтэра — адбіць як найдалей. Пакуль аўтфілдэры будуць лавіць мяч, бэтэр бяжыць да першай базы. Калі ўдар выйшаў моцны, то можа прабегчы і наступную базу.
Дагаўт лава, дзе сядзіць каманда. На полі два дагаўты — для мясцовай і гасьцявой каманды.
Інінг частка гульні, аналяг тайма ці раўнда. На пачатку кожнага інінгу адна каманда атакуе, а другая абараняецца, потым — наадварот. Звычайна гуляюць дзевяць інінгаў. Калі пасьля дзевяці інінгаў лік застаецца роўны, гуляюць яшчэ адзін інінг. Кожны наступны можа стаць апошнім.
Кэтчэр гулец каманды, які знаходзіцца за «домам» і прымае мяч, які падае пітчэр.
Пітчэр падае мяч на бэтэра. Калі бэтэр не трапляе па мячы, яго павінен злавіць кэтчэр, які гуляе ў адной камандзе зь пітчэрам.
Хатняя база першая база, на якой стаіць бэтэр і адбівае падачы пітчэра. У адрозьненьне ад астатніх трох базаў, яна не чатырох-, а пяцікутная.
Хоўм-ран калі бэтэр выбівае мяч за межы поля, гэта адразу залічваецца за адзін пункт. У такім разе ён спакойна абягае ўсе базы.
Credits

Аўтар: Антон Трафімовіч, АШ. Дызайн і распрацоўка Pangea Design.


2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода