— А можа возьмеце гурток? Нам гурткі вельмі патрэбныя. Колькі той працы? Ну, застаняцеся ў другую змену на пару гадзінаў, затое капейчына і нам меней клопату з управай.
Кожны навучальны год у пэдкалектывах чуваць тую самую прапанову-загад: бярыце гурткі, нам патрэбныя грошы, нас задзяўбе ўправа адукацыі, калі мы ня будзем зарабляць. Штогод пэдагогаў угаворваюць або прымушаюць узяць такую падпрацоўку. Нягледзячы на тое, што гэта дадатковы заробак, а ў школах і садках лішніх грошай не бывае, пагаджаюцца далёка ня ўсе. Вельмі сумняваюся, што нават зь сёлетнімі абяцаньнямі падняць заробкі настаўнікам, якія аказваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі, пэдагогі будуць біцца за права ўзяць гурток — гемарой яшчэ той, скажам шчыра.
Тут патрэбная агаворка: маюцца на ўвазе менавіта тыя гурткі, якія пэдагогі бяруць у дадатак да асноўнай працы. Пра цэнтры дзіцячай творчасьці, супрацоўнікі якіх гадамі варацца ў «сваёй тэме», згадваць ня будзем — гэта абсалютна іншая гісторыя. У выпадку зь людзьмі, якія працуюць у школах і ў садках, сытуацыя выглядае платнай экскурсіяй у пекла. Нават калі маеш добрую катэгорыю і працуеш у Менску.
Сытуацыя выглядае платнай экскурсіяй у пекла.
Вось ужо другі год да мяне не чапляюцца з гурткамі, і я неапісальна шчасьлівая. Першыя гады сваёй пэдагагічнай кар’еры я брала гурткі, бо начальства насядала і на мяне. Той досьвед падпрацоўкі пэдагогам дадатковай адукацыі я згадваю з жахам. Магчыма, калі б я вяла маляваньне або вучыла пяцігодак крэсьліць фігуркі па кропачках, мне было б прасьцей і выгадней: пасадзі сабе дзясятак малых за столікі і глядзі, каб правільна выконвалі заданьне і не дурэлі. Потым яны пакажуць сваім бацькам намаляванага зайца або прадэманструюць правільна абведзеныя фігуркі — вось і вынік, на гуртку не абы чым займаюцца.
Але ж я вяду музыку і не магу на кожным занятку даваць вынік. Дзіця немагчыма за адзін занятак навучыць сьпяваць або танчыць, нельга за тыдзень-другі паставіць з групай музычную казку. А яшчэ многія дзеці проста відавочна ня маюць здольнасьцяў да музыкі, і самае большае, што я магу для іх зрабіць ва ўмовах працы ў групе — гэта не прышчапіць нянавісьці да мастацтва. Зрэшты, калі бацькі самі захацелі адвесьці на музычны гурток няздольнае і нематываванае дзіця, яно хутчэй за ўсё будзе мець праблемы з паводзінамі і зьбіваць з тропу астатніх. І добра, калі там няма амбіцыяў, адваротна прапарцыйных таленту. Іначай бацькі абвінавацяць мяне ў выцягваньні грошай — чаму ж гэта іх зорачка ня грае галоўную ролю, а скача ў масоўцы сярод вавёрак і мядзьведзяў?
Гэта агульная праблема кіраўнікоў падобных гурткоў, таму тут звычайна вельмі вялікі адток выхаванцаў — ня кожны можа стаць зоркай, а цалкам пазьбегнуць расчараваньняў нерэальна.
Фінансавая справаздачнасьць па гуртках — гэта ягадкі, горкія і атрутныя.
Зрэшты, гэта кветачкі. А вось фінансавая справаздачнасьць па гуртках — гэта ягадкі, горкія і атрутныя. Каб гурток быў устойліва рэнтабэльным, трэба мець у ім ня меней за 50 дзяцей па сьпісе, то бок, чатыры падгрупы. Калі дзеці цягам навучальнага году адсейваюцца, рэнтабэльнасьць гуртка пачынае падаць і пэдагог вымушаны рабіць усё, каб прыцягнуць новых дзяцей. Магчыма, у школе зь некалькімі сотнямі вучняў гэта не такая і праблема, а вось у дзіцячым садку, дзе 100-200 выхаванцаў, прапанова дадатковых адукацыйных паслугаў перавышае попыт на іх. Калі вы страцілі выхаванца, бо яму або надакучыла або ён надоўга захварэў ці перабраўся да бабулі на час сямейнага крызісу ў бацькоў, то іншых вы наўрад ці прыцягнеце. Дзеці там даўно падзеленыя па інтарэсах і пэдагогах.
Грошы з бацькоў даводзіцца літаральна выбіваць.
Яшчэ болей марокі з адсочваньнем аплаты. Адна мая калега, якую аднойчы сьлёзна ўгаварылі ўзяць гурток падрыхтоўкі дзяцей да школы, наракала, што грошы з бацькоў даводзіцца літаральна выбіваць. Калі заходзіць гаворка пра аплату гурткоў, многія таты і мамы раптоўна ператвараюцца ў нейкія бездапаможныя істоты: пераводзяць грошы не на той рахунак, губляюць квітанцыі, ня плацяць па тры месяцы, а потым запэўніваюць, што плацілі, але касірка ў банку нешта накруціла. І менавіта кіраўнік гуртка павінен выпісваць кожны месяц стос квітанцыяў, правяраць нумары рахункаў, кантраляваць аплату і даставаць бацькоў, каб не прамаруджвалі зь пераводам грошай. А сёлета можна прадказаць яшчэ адну праблему: памер аплаты будзе залежаць ад кваліфікацыйнай катэгорыі пэдагога, і некаторыя бацькі не адразу скемяць, чым настаўнік А. зь першай катэгорыяй лепшы за настаўніка Б. без катэгорыі, хоць яны вядуць аднолькавыя гурткі.
І ў якасьці вішанькі на торце — да заняткаў у гуртку трэба рыхтавацца, прычым, можа быць, сур’ёзьней, чым да звычайных заняткаў ці ўрокаў. Калі датрымлівацца ўсіх правілаў, то трэба весьці такую самую дакумэнтацыю з плянамі і канспэктамі заняткаў. Я ня ведаю ніводнага настаўніка, выхавальніка або спэцыяліста, які пасьпявае разабрацца з усімі паперамі на працы і ніколі ня піша плянаў начамі, асабліва калі абяцаюць праверку. Зь вядзеннем гуртка аб’ём папяроваай працы для пэдагога павялічваецца ўдвая, і яго ніяк ня ўключыш у цыклаграму на асноўнай пасадзе. Калі гэта тэатральны гурток, яго кіраўнік будзе ў вольны час пісаць сцэнары і рабіць касьцюмы. Калі гэта гурток лепкі, то яго кіраўнік будзе гартаць тэматычныя часопісы і набываць за свае грошы матэрыялы... Сумнеўная гэта радасьць — вычынка даражэйшая за аўчынку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.