Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы ж ведаеце, што ў нас усё няправільна ў краіне...» — магілёўцы пра выбары


Найбольш папулярны ў Магілёве плякат пра выбары
Найбольш папулярны ў Магілёве плякат пра выбары

Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў набліжаюцца да завяршэньня. Пачалі зьяўляцца першыя абвесткі з запрашэньнем прагаласаваць датэрмінова.

Ці вызначыліся выбарцы, за каго галасаваць, ці пойдуць наагул на выбары і ці заўважылі яны агітацыйную кампанію?

Самым папулярным адказам быў «ня вызначыўся, але пайду». З двух дзясяткаў апытаных мінакоў на пешаходнай вуліцы Ленінскай палова адказала менавіта так.

Кандыдаты ў дэпутаты пасіўныя

«Я пайду на выбары ў асноўны дзень галасаваньня. Датэрмінова не зьбіраюся. З кандыдатам ня вызначылася, бо ў мяне замала інфармацыі. Маім бацькам прыйшла ўлётка са зьвесткамі пра кандыдатаў, а мне яшчэ не», — давяла сваю пазыцыю адна зь першых суразмоўніц.

Жанчына сярэдняга веку, аднак, ня верыць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць нешта зьмяніць у краіне.

«Наўрад ці яны здольныя на гэта. У тых праграмах, якія мне даводзілася бачыць, нічога кардынальнага не прапануецца. Мне падаецца, што наагул дужа пасіўна паводзяць сябе кандыдаты. Можа, яны і ня могуць данесьці свае дэпутацкія намеры калектывам, у якіх выступаюць».

Наступная суразмоўніца, таго ж узросту, што і папярэдняя, таксама зьбіраецца галасаваць і таксама са сваім выбарам ня вызначылася. На пытаньне, ці чакае ад дэпутатаў пераменаў, заяўляе:

«Пра якія перамены вы кажыце? Вы ж ведаеце, што ў нас усё няправільна ў краіне...».

Вы ж ведаеце: у нас вырашае ўсё адзін чалавек

«Як па мяне, то гэтыя выбары нічога не вырашаюць. Кандыдаты мне не вядомыя», — адрапартаваў яшчэ адзін мінак.

«Складаных пытаньняў вырашыць яны ня могуць, — заявіў ён. — Таму вялікіх спадзяваньняў на дэпутатаў я не ўскладаю. У нас усё вырашае адзін чалавек, і вы самі ведаеце пра гэта».

У некаторых месцах агітацыя нагадвае ўпрыгожваньне
У некаторых месцах агітацыя нагадвае ўпрыгожваньне

Пра тое, што ў Беларусі рашэньні прымае толькі адзін чалавек, казалі і наступныя суразмоўніцы. Адна зь іх зьбіраецца ісьці на выбары, але вырашала прагаласаваць супраць усіх. Праігнараваць выбары дзяўчына ня можа, бо лічыць, што прыйсьці на ўчастак для галасаваньня — ейны абавязак:

«А за каго галасаваць? Я нікому ня веру! Я наагул ня ўпэўненая, што Палата прадстаўнікоў нешта вырашае. У нас, па-мойму, усё вырашае толькі прэзыдэнт. Таму гэтыя выбары — простая фармальнасьць».

Бел-чырвона-белы сьцяг — сымбаль выбараў

Суразмоўніца зь сяброўкай зьвярнула ўвагу на пікеты вылучэнцаў ад апазыцыі:

«Нашу ўвагу прыцягнулі бел-чырвона-белыя сьцягі. Такія сьцягі нязвыкла бачыць. Як правіла, калі яны зьяўляюцца, то гэта нейкі несанкцыянаваны пікет. Такія ў нас асацыяцыі».

Агітацыйны пікет вылучэнцаў ад апазыцыі. Без ажыятажу
Агітацыйны пікет вылучэнцаў ад апазыцыі. Без ажыятажу

«Выбары наведваць трэба, бо гэта наш абавязак як грамадзянаў Рэспублікі Беларусь», — працягнулі гутарку двое студэнтаў. Якія пытаньні ў кампэтэнцыі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і што гэта за орган, хлопцы адказаць не змаглі, аднак, сваё студэнцкае пажаданьне выказалі.

Дэпутаты зрабіце бясплатны праезд студэнтам

«Хацелася б, каб яны чаго зрабілі для студэнтаў. Нам цяпер цяжка жыць. Хаця б праезд у транспарце зрабілі бясплатным. Няхай падумаюць наагул пра льготы для студэнтаў».

Малады чалавек у інвалідным вазку таксама заявіў, што зьбіраецца галасаваць. Са сваім кандыдатам, праўда, яшчэ ня вызначыўся. Адзначае: як прыйдзе на ўчастак, тады і зробіць выбар на карысьць каго-небудзь.

«Наўрад ці абраны дэпутат зьбіраецца трымацца сваёй праграмы, — лічыць ён. — Іхныя праграмы — гэта выбарчы трук, каб выбарцы за вылучэнца прагаласавалі».

Запрашэньне на выбары і датэрміновае галасаваньне
Запрашэньне на выбары і датэрміновае галасаваньне

Наступны суразмоўца на выбары пойдзе ўпершыню. Сёлета яму споўнілася васямнаццаць.

«Трэба ісьці, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак», — упэўнена заяўляе ён. З выбарам кандыдатуры ў маладога чалавека сытуацыя няпэўная. На ягоную думку, замала інфармацыі пра кандыдатаў на дэпутацтва: «Таму давядзецца вызначацца непасрэдна на ўчастку».

«Я ня веру, што дэпутаты будуць выконваць свае абяцаньні. Гэта кажу абапіраючыся на досьвед сваіх бацькоў. Яны таксама лічаць, што свае абяцаньні абраньнікі забываюць. І наагул няма інфармацыі, што яны робяць будучы дэпутатамі», — сказаў маладзён.

А што зьмянілася за пяць гадоў? Паляпшэньня няма!

«На выбары не пайду і кандыдатамі не цікаўлюся. У мяне замала аптымізму, што яны могуць нешта зьмяніць ці паўплываць на сытуацыю», — без развагаў заявіў мужчына сярэдняга веку.

«Давайце разьбірацца: што зьмянілася за прамінулыя пяць гадоў? Паляпшэньня няма. Толькі пагаршэньне. Ні радасьці, ні жаданьня ісьці на выбары ў мяне няма. Ратацыя дэпутатаў наагул патрэбная. Адны могуць засядзецца. Няхай іншыя прыйдуць, троху пабагацеюць».

Каля падʼездаў агітацыя ўсіх кандыдатаў разам
Каля падʼездаў агітацыя ўсіх кандыдатаў разам

«Я ня бачу сэнсу ісьці галасаваць», — далучылася да гутаркі жанчына.

«Ніводнаму дэпутату я ня веру. З тых шасьці чалавек, якія ідуць у дэпутаты там, дзе я жыву, ніводзін мне не спадабаўся. Мой унутраны сьвет не падказаў, за каго я мушу прагаласаваць».

Агітацыя не закранае выбарца

«Асьвятленьне гэтых выбараў не такое, як бы хацелася», — выказаў меркаваньне яшчэ адзін мінак. Малады чалавек не зьбіраецца ісьці на выбары. Паводле яго, кандыдаты выступаюць і даносяць свае выбарчыя абяцаньні, аднак, на ягоную думку, іхная агітацыя праходзіць непрыкметна і не закранае выбарца«.

«Калі ж галасаваць за абы-каго, каб толькі прагаласаваць, дык навошта наагул ісьці на выбары?», — падсумаваў ён.

«Ды нічога гэтыя дэпутаты не вырашаюць», — заяўляе мужчына сярэдняга веку.

«У нашай краіны доўг трынаццаць мільярдаў даляраў. Ад новага году ён павялічыўся на 800 мільёнаў. Мы ўсё далей залазім у даўгі. Адзін крэдыт бяром, каб пагасіць другі. Нас выратуе толькі цуд».

Агітацыйная кампанія ня змусіла магілёўцаў зьвярнуць увагу на выбарчыя баталіі кандыдатаў у дэпутатаў. Гэта адзначалі многія суразмоўцы. На пікеты гараджане стараліся не зьвяртаць увагі.

Улётку ўзяла, каб не пакрыўдзіць

«Я звычайна праходжу міма іх», — прызнаецца мужчына з дачкой на плячах. У малой у руках агітацыйная ўлётка.

«Мяне асабліва не цікавіць выбарчы працэс. І на выбары я не зьбіраюся. Не чакаю, што пасьля іх нешта зьменіцца. Людзі, якіх выбіраюць, нічога не вырашаюць, а які тады сэнс хадзіць на гэтыя выбары?»

«Паперку нам далі. Мы ўзялі яе, каб ня крыўдзіць, — шчыра прызналіся наступныя суразмоўніцы. — Выбары нас не цікавяць, як і тыя хто ўдзельнічае ў іх. У палітыку ня лезем».

Актывісты ініцыятыўных груп вылучэнцаў у дэпутаты кажуць, што бальшыня выбарцаў ня вызначыліся з сваімі кандыдатамі і мала імі цікавіцца.

Няшмат людзей на выбары пойдзе сьвядома

«Я не магу сказаць, што шмат людзей прыйдзе галасаваць сьвядома. Падпісваліся ў нас у асноўным выбарцы пад зваротамі за вырашэньне нейкіх сацыяльных праблемаў. Аднак нават улёткі такога кшталту іх палохалі», — апавядае пра актыўнасьць выбарцаў Сьвятлана, актывістка ініцыятыўнай групы аднаго з апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

Такую агітацыю можа сабе дазволіць ня кожны кандыдат
Такую агітацыю можа сабе дазволіць ня кожны кандыдат

«Браць баяцца, падыходзіць баяцца. Гэта боязь ня столькі апазыцыі, колькі выбараў як палітычнага дзейства», — адзначае яна

«Пануе меркаваньне, што лепей ня ўмешвацца, бо зьменаў і так ня будзе. Людзі кажуць, што Палата прадстаўнікоў нічога не вырашае і гэты орган абсалютна не патрэбны. Нямала людзей даводзяць сваю пазыцыю агрэсіўна. Я нават навучылася на хамства па-хамску адказваць».

Сярод агрэсіўных людзі пэнсійнага веку

«Сярод агрэсіўна настроеных дужа шмат людзей пэнсійнага веку. Яны азлоблена выказваюцца ці то супраць дэпутатаў, ці ў абарону іх», — далучылася да гутаркі яшчэ адна актывістка ініцыятыўнай групы Ядвіга.

Расьцяжка пра выбары каля аблвыканкаму
Расьцяжка пра выбары каля аблвыканкаму

«Моладзь жа прагне пераменаў, — дадала яна — Некаторыя падыходзілі фатаграфаваліся на фоне нашых сьцягоў. Веры, аднак, што Палата прадстаўнікоў можа стаць ініцыятарам пераменаў, у іх няма. Пануе апатыя і пасіўнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG