Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.
Глод: Нацыянальны банк Беларусі і Камітэт дзяржаўнага кантролю прынялі сумесную пастанову — цяпер уся інфармацыя аб безнаяўных плацяжах звыш 300 рублёў будзе перадавацца ў Камітэт дзяржкантролю. Гэта азначае, што ўсе нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі абавязаныя паведамляць у галоўны кантрольны орган аб безнаяўных плацяжах сваіх кліентаў. Гаворка ідзе пра безнаяўныя плацяжы і ў беларускіх рублях, і ў валюце.
Пастанова зацьвердзіла два істотныя адрозьненьні ад цяперашняй сытуацыі. Першае — да зьяўленьня гэтага дакумэнта падобную інфармацыю ў КДК падавалі толькі банкі. Другое — зьменшылася сума, якая падпадае пад кантроль. Раней мінімум быў 5 мільёнаў недамінаваных рублёў, цяпер ён зьніжаецца да трох мільёнаў гэткіх самых рублёў.
відавочна, заможных людзей засталося мала: усе маёмасьць і нерухомасьць ўжо даўным-даўно перапісаныя на брата, на свата
Экспэрты лічаць новаўвядзеньне новай схемай выяўленьня беларусаў, якія жывуць «не па сродках». Так, дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч адзначае, што Міністэрства па падатках і зборах атрымлівае ўсю інфармацыю пра зьдзелкі з нерухомасьцю (кватэры, дамы, гаражы), усе дадзеныя аб пакупках і продажах аўтамабіляў.
Але, відавочна, заможных людзей засталося мала: усе маёмасьць і нерухомасьць ўжо даўным-даўно перапісаныя на брата, на свата, на цешчу — капаць ужо няма чаго. І вось тут эстафэту прымае Дзяржкантроль, які пачне правяраць плацяжы на суму звыш 300 рублёў, то бок 150 даляраў. Месячныя заробкі беларусаў, асабліва ў рэгіёнах, спакойна ўкладаюцца ў названую суму. А калі чалавек аднаразова выдаткаваў 300 рублёў, значыць, ён жыве не на адзін заробак. Дзяржава і занялася пошукам такіх людзей.
Фінансавыя экспэрты зьдзіўленыя зьніжэньнем сумы мінімальнага плацяжу для прадастаўленьня інфармацыі ў КДК. Яны мяркуюць, што праваахоўныя органы хочуць кантраляваць не толькі буйныя, але і практычна і невялікія зьдзелкі. Пакуль кантралёры правяраюць па сваіх базах, ці няма нейкай падазронай інфармацыі, зьвязанай з чалавекам, які правёў апэрацыю. А хутка ўся гэтая інфармацыя патрапіць у падатковую інспэкцыю, дзе будуць сумаваць ўсе выдаткі і прыбыткі.
Экспэрты таксама прагназуюць, што цяпер людзі, якім ёсьць што хаваць, будуць баяцца рабіць безнаяўныя плацяжы. А гэта можа прывесьці да павелічэньня долі наяўных плацяжоў у эканоміцы, з чым раней улады зьбіраліся змагацца. Карацей, спэцыялісты ў галіне фінансаў дастаткова скептычна ставяцца да новай супольнай ініцыятывы эканамістаў і кантралёраў. А на вашую думку, калегі, ці папоўніцца дзяржаўная скарбонка ад новых захадаў улады?
Цыганкоў: Уражвае тая сума, якую зьбіраюцца кантраляваць улады — 150 даляраў! У краінах Эўропы падазрэньні ці інтарэс нейкіх ведамстваў выклікаюць пераводы ў сотні тысячаў даляраў, у лепшым выпадку — ў дзясяткі. Гэта кажа пра ўзровень фінансавага «росквіту» ў краіне.
Першым жа вынікам гэтай меры будзе тое, што ўсё больш людзей будуць спрабаваць пераходзіць на наяўныя грошы. Ўяўляю сабе прадпрымальнікаў, якія абмяркоўваюць магчымую ўгоду, і разважаючы над тым, як арганізоўваць перавод грошай, лішні раз цяпер падумаюць, ці трэба пераводзіць безнаяўныя.
Першым жа вынікам гэтай меры будзе тое, што ўсё больш людзей будуць спрабаваць пераходзіць на наяўныя грошы
Нават выклікае зьдзіўленьне такое рашэньне, і няўжо ўлады не разьлічваюць, што адбудзецца масавы пераход на наяўныя грошы? Ну і канешне гэта кажа пра агульную тэндэнцыю апошніх гадоў — узрастаньне вагі і маштабаў кантрольных органаў. Нават паводле колькасьці. Калі знайсьці нешта станоўчае, усё большую вагу набываюць падатковыя органы. Раней яшчэ, гадоў 10-15 таму яны былі непрыкметныя, і падаткі з грамадзян складалі вельмі маленькую частку даходу беларускага бюджэту. Цяпер з кожным годам гэтая лічба павялічваецца, падатковыя органы ўсё больш актыўна працуюць з грамадзянамі і патрабуюць тлумачэньні.
Дракахруст: Сапраўды высілкі беларускіх падаткавікоў нагадваюць высілкі іх сярэднявечных калегаў, якія сядзелі і прыдумлялі, чым бы яшчэ народзец абкласьці. О, давайце падатак на лапці ўвядзем! Лапці многія носяць — дык па капейцы з кожнага лапця, вось і будзе дзяржаве прыбытак.
І мы бачым за апошнія гады, колькі розных прыдумак такога кшталту было, хаця некаторыя былі адхіленыя. Вы памятаеце: падатак на дармаедзтва прыдумалі, потым на пасылкі, потым, дзякуй Богу, не спраўдзілася, на ўвоз імпартных тавараў. І вось і цяперашняе рашэньне — ў тым жа рэчышчы.
Выклічуць чалавека, адкуль у вас такія грошы і выдаткі? Будзе чалавек бегаць, насіць нейкія даведкі, ад цешчы, ад зяця — што пазычылі.
Будзем сачыць не толькі за буйнымі зьдзелкамі, якія і так адсочваюцца, а і за дробнымі. Фіскальны інтарэс адціскае ўсе астатнія матывы.
Адзін зь іх — што народ, сапраўды, проста сыйдзе ў наяўны абарот. Людзі будуць нават невялікія трансакцыі аплачваць наяўнымі. А другое, такое зьніжэньне плянкі — гэта ж які рост у разы аб’ёму інфармацыі, якую трэба прааналізаваць? І што зь ёй рабіць, калі гэта мільёны файлаў, мільёны зьвестак?
Я мяркую, што так, як заўжды. Вось ёсьць мільён файлаў, ткнулі пальцам — паглядзелі, можа з гэтага можна нечага дамагчыся. Выклічуць чалавека, адкуль у вас такія грошы і выдаткі? Будзе чалавек бегаць, насіць нейкія даведкі, ад цешчы, ад зяця — што пазычылі. Нехта адаб’ецца, а нехта не. І можна будзе вычапіць зь яго нейкую суму.
Але такі даход выглядае непрапарцыйным тым высілкам і тым нэгатыўным зьявам, наступствам, пра якія мы з вамі казалі. Гэта сыход абароту ў цень, у наяўныя, і велізарны рост аб’ёму працы падаткавікоў. Але аб’ём працы вырасьце — значыць, дзяржава грошы будзе даваць.
Што да пераходу ў наяўную сфэру: беларусы будуць глядзець. Калі гэтая новая пастанова будзе дзейнічаць масава, калі людзі будуць ведаць, што шмат іх знаёмых выклікалі ў падатковую за адносна невялікія трансакцыі — тады яны самі іх рабіць ня будуць. А калі гэта будзе разава, не надта масава, то хутчэй за ўсё гэта будзе такі дамоклаў меч, які будзе вісець над грамадзтвам, над людзьмі для такога селектыўнага выхопліваньня.
Але такое ўражаньне, што нагрузка на падаткавікоў будзе каштаваць можа больш, чым тыя штрафы, якія яны змогуць здабыць пры гэтай новай практыцы.
Цыганкоў: Але тут ёсьць і бюракратычны аспэкт, які мы недастаткова падкрэсьлілі. Кожнае ведамства зацікаўленае ў сваім разрастаньні, гэта міжнародна прызнаны закон бюракратыі. І, прасунуўшы такое рашэньне, ведамства будзе даказваць карысьць і неабходнасьць сваёй працы, а значыць неабходнасьць павелічэньня штату, заробкаў.