Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба слухаць дыяспару?


Улюблёны аргумэнт некаторых удзельнікаў беларускіх палітычных дыскусій палягае ў тым, што пра стан рэчаў у Беларусі разважаць могуць нібыта толькі людзі, што знаходзяцца ў Беларусі. «Ты хто ўвогуле такі?» — бяспройгрышны спосаб выказацца, калі няма чаго заявіць па зьмесьце размовы.

А я вось лічу наадварот: эмігранты знаходзяцца ў такім становішчы, якое нават абавязвае іх актыўна выказвацца пра беларускую палітыку і дзейнічаць на карысьць Беларусі.

Беларусь — краіна зь яскрава аўтарытарным рэжымам. У цяперашняй Беларусі немагчыма займацца палітыкай, ня будучы пад пільным наглядам спэцслужбаў. Улада мае вялікую практыку ціску на апазыцыйных актывістаў. Яна мае вагары, каб па палітычных матывах выганяць людзей з працы ці вучобы, адбіраць бізнэс, ня кажучы пра арышты і ўвязьненьне ці нават, магчыма, яшчэ горшыя рэчы.

У цяперашняй Беларусі немагчыма займацца палітыкай, ня будучы пад пільным наглядам спэцслужбаў

Наўрад ці ад гэтага беларуская апазыцыя цалкам складаецца з штатных супрацоўнікаў або нават завэрбаваных інфарматараў спэцслужбаў. Але вельмі лягічна паверыць у тое, што яна дзейнічае зь вялікай аглядкай на ўладу. У беларускай палітыцы, відавочна, засталіся ці сапраўдныя героі, ці тыя, каму няма чаго губляць, ці тыя, хто дакладна ведае рамкі і ня ходзіць «за сьцяжкі».

Адзіныя людзі, хто можа дзейнічаць і выказвацца, не азіраючыся на беларускую дзяржаву, гэта тыя, хто ад яе не залежаць або амаль не залежаць. Такія людзі ёсьць толькі ў замежжы, сярод беларускай дыяспары (сябе я да іх не адношу — я жыву на тэрыторыі так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі).

Эмігранты, карыстайцеся вашым становішчам, карыстайцеся вашаю свабодай і магчымасьцямі.

У часы савецкай акупацыі Беларусі сытуацыя была яшчэ больш выразнай: на тэрыторыі БССР апазыцыі не было нават намінальнай. Эміграцыйныя асяродкі на чале з Радай БНР былі адзінай існуючай у сьвеце альтэрнатыўнай беларускай палітычнай сілай. Тагачасныя беларускія эмігранты не адарваліся ад сваёй радзімы і шмат зрабілі для прасоўваньня інтарэсаў Беларусі.

Таму замест таго, каб агрызацца, калі беларус з Варшавы, Прагі ці Нью-Ёрку выказваецца па тэме беларускай палітыкі, трэба наадварот заклікаць тых, хто жыве на захад ад Буга, як мага актыўней браць удзел у беларускай палітыцы, нават у дыстанцыйным фармаце.

Эмігранты, карыстайцеся вашым становішчам, карыстайцеся вашаю свабодай і магчымасьцямі. Рабіце тое, чаго ня могуць сабе дазволіць рабіць людзі ў Беларусі: актыўней дапамагайце Беларусі зрабіцца дэмакратычнай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG