Пра гэта паведаміў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Генадзь Давыдзька ў тэлепраграме «Клюб рэдактараў», паказанай 27 жніўня ў ранішнім эфіры канала «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.
У Менску і Гомелі на запіс не прыйшлі па 11 чалавек, Магілёве — 15, Берасьці — 23, Віцебску — 10, Горадні — 7.
«Разам 77 чалавек — каля 15% усіх кандыдатаў у дэпутаты, — адзначыў Генадзь Давыдзька. — Яны не зьявіліся па розных прычынах, у выніку ня выкарысталі сваю магчымасьць выступіць».
Некаторыя кандыдаты, якія выступалі на тэлебачаньні, спрабавалі зладзіць правакацыю, каб прапіярыцца.
«А колькі анамальных выступаў і адмоваў незразумелых. Проста цяпер пра гэта ня варта казаць, а пасьля выбараў можна будзе нават з прозьвішчамі расказаць, хто і як сябе паводзіў падчас запісу. Пасьля выбараў усё пакажам і раскажам», — сказаў ён.
26 жніўня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» паказалі зварот кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімера Падгола. Ён выступаў у камізэльцы з надпісам «Куля для прэзыдэнта» і цаглінай у руках.
Ці лічыць Генадзь Давыдзька выступ Уладзімера Падгола «анамальным», невядома.