Не магу адказаць Юрыю Дракахрусту, які палемізуе з маім блогам пра Плошчу-2010, зь некалькіх прычын.
Па-першае, калі гэта сапраўды была вайна-рэвалюцыя, што мусіць апраўдаць паход да Дому ўраду і біцьцё шкла, дык мы дагэтуль ня ведаем, чым кіраваліся камандзіры, ведучы народ у пастку. Які быў іхны плян? Ці была праведзеная разьведка перад боем? Ці былі нейкія перамовы з кімсьці ў варожым стане? Тое, што камандзіры ня ведалі, куды вядуць народ, – гучыць гэтаксама наіўна, як і тое, што яны ня ведалі, што біць шкло – дрэнна. Кіравацца адно эўфарыяй могуць хіба дашкольнікі, але дашкольнікі ня водзяць тысячы дарослых грамадзян на штурм рэжыму. Трэба ясна сказаць, што людзі пайшлі за камандзірамі толькі і выключна таму, што паверылі, што ў тых ёсьць плян. Настолькі паверылі, што некаторыя нават кінуліся біць шкло ў Доме ўраду. Але па выніку сталі ўдзельнікамі адной вялікай правакацыі і аказаліся ў турмах.
Асабіста мне зусім незразумела, чаму Ўладзімера Кондруся прызналі палітвязьнем. Палітвязень сядзіць за свае перакананьні. А Кондрусь сядзіць за рэальнае супрацьпраўнае дзеяньне, якое ніякім бокам ня сьведчыць пра ягоныя перакананьні. Іншых сьведчаньняў няма.
Па-другое, я не магу прыняць як аргумэнт мэтафару Юрыя «параза – заўсёды сірата». Бо вартасьць мэтафар зусім ня ў сэнсе, а ў прыгажосьці выказваньня. Сэнс, хоць бы і ў гэтым выпадку, патрабуе назваць бацькоў паразы, якія пакінулі яе на волю лёсу. Калі так кажуць, звычайна з дакорам дадаюць: «пры жывых бацьках…» і гайдаюць галавой.
Я не магу назваць Плошчу-2010 паразай, бо ўвесь яе сцэнар прачытваецца ад першага да апошняга кроку і быў выкананы з дакладнасьцю. Параза – гэта калі хоць нешта сьведчыць, што магчымая і перамога. Тут жа была клясычная пастка і клясычная правакацыя.
Часам мне здаецца, што ўсе нашы прэзыдэнцкія выбары – гэта сэрыя клясычных правакацый. Калі замест рэальнага лідэра Домаша аб’явіўся ніякі Ганчарык, калі побач з адзіным Мілінкевічам раптам выскачыў Казулін і адзіны парыў незалежнага грамадзтва быў расчлянёны, калі на наступных выбарах вываліў цэлы «парад плянэт» са сваімі мізэрнымі працэнтамі, калі яшчэ на наступных усе дружна забыліся пра Статкевіча, які «даседжваў» за мінулыя выбары, а гэта значыць, што тыя, мінулыя, яшчэ ня скончыліся…
Зразумела, што пішуць усе гэтыя сцэнары не ў апазыцыйных штабах, бо апазыцыянэры правакацыяў ня робяць. Яны на іх вядуцца і па выніку выходзяць з кожнай кампаніі ўсё больш аслабленымі і інфантыльнымі.
Магчыма, некалі з мэмуараў мы даведаемся пра падводную частку гэтай гісторыі і зможам паверыць у адказнасьць камандзіраў, у якіх проста паляцела каробка перадач. Але мне асабіста, які да апошняга ня мог паверыць, што ніякага пляну ў камандзіраў 2010-га няма, цяпер ужо слаба верыцца і ў гэта.