Папа Рымскі Францішак стварыў адмысловую камісію па разглядзе магчымасьці пасьвячэньня жанчын у сан дыякана — найніжэйшую ступень сьвятарства ў Рыма-каталіцкай царкве.
Як паведамляецца ў заяве Ватыкану, у камісію ўвайшлі 7 мужчын і 6 жанчын, якія вывучаць пытаньне, перш за ўсё, з гістарычнага пункту гледжаньня. У пэрыяд раньняга хрысьціянства жанчыны маглі выконваць функцыі дыяканаў, аднак — як казаў раней папа Францішак — застаецца незразумелым пытаньне аб тым, пасьвячалі іх у сан ці не.
Пытаньне пантыфік абмяркоўваў у траўні на сустрэчы ў Ватыкане з прадстаўніцамі жаночых каталіцкіх арганізацый. Прыхільнікі допуску жанчын да дыяканства сьцьвярджаюць, што жанчыны не прадстаўленыя належным чынам у каталіцкай царкоўнай герархіі і ня маюць доступу да працэсу прыняцьця рашэньняў, пры тым, што ніякіх тэалягічных перашкод для гэтага няма.
У Рыма-каталіцкай царкве дыяканы, па даручэньні сьвятара, могуць зьдзяйсьняць некаторыя абрады — такія, як хрышчэньне і заключэньне царкоўнага шлюбу.