Пра гэта, як паведамляе "Нямецкая хваля", сказаў намесьнік прэс-сакратара Белага дому Эрык Шульц, які падкрэсьліў, што амэрыканскія ўлады маюць у сваім распараджэньні эканамічныя санкцыі, за якія адказвае Міністэрства фінансаў, а таксама прававыя меры, якія могуць быць прынятыя Міністэрствам юстыцыі.
Шульц таксама нагадаў словы кіраўніка Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Майкла Роджэрса, які заяўляў, што «ў Расеі ёсьць людзі, якія могуць праводзіць кібэратакі хутка, дакладна і непрыкметна». Адначасова Шульц адзначыў, што пакуль па справе аб хакерскай атацы на Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі вядзецца сьледзтва і што неабходна дачакацца яго вынікаў.
Паводле паведамленьня агенцтва AP, дзьве амэрыканскія кампаніі — Fidelis Cybersecurity і ThreatConnect — якія займаюцца пытаньнямі кібэрбясьпекі, заявілі, што напад на сервэры Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі і Камітэту па выбарах у Кангрэс Дэмакратычнай партыі зьдзейсьнілі тыя самыя хакеры, якія зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі. Гаворка ідзе пра узломшчыкаў, якія дзейнічаюць пад мянушкай Fancy Bear.