Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня прагучалі тры пытаньні пра інцыдэнт на АЭС


Фота Тацяны Каліноўскай.
Фота Тацяны Каліноўскай.

Ільля Коласаў, вядучы галоўнай праграмы навінаў тэлеканала ОНТ — «Контуры», у эфіры 31 ліпеня зьвярнуўся да Міністэрства энэргетыкі Беларусі з просьбай адказаць на тры пытаньні адносна інцыдэнту на будаўніцтве АЭС.

Спачатку вядучы працытаваў камэнтар Мінэнерга да падзей 10 ліпеня, калі, як паведамлялі СМІ, на будаўніцтве ўпаў корпус рэактара. Прычым падкрэсьліў, што камэнтар зьявіўся на сайце міністэрства праз 16 дзён.

«Ёсьць тры пытаньні, на якія хацелася б атрымаць адказ, — сказаў ён. — Першае: чаму падобнае тлумачэньне зьявілася праз больш як два тыдні пасьля інцыдэнту? Пытаньне другое. Чаму рэакцыя Мінэнэрга была не на сам інцыдэнт, а на паведамленьні некаторых інтэрнэт-крыніц? А калі б не было гэтых паведамленьняў, то і рэагаваць ня трэба? Ну, і трэцяе пытаньне: хто будзе прымаць рашэньне наконт далейшай хады работ? Зразумела, што падрадчык зацікаўлены ў тым, каб здаць аб’ект, не адхіляючыся ад графіка, і ён, вядома, прадставіць патрэбную дакумэнтацыю. Але што ў ёй будзе напісана? Падрадчык прыехаў і зьехаў, а беларусам з гэтай станцыяй жыць. Значыць, успамінаем жалезнае правіла: сваю бясьпеку не давяраем нікому».

Пакуль, па словах Ільлі Коласава, Мінэнэрга ад камэнтароў адмаўляецца. «Але мы вельмі спадзяемся, што пры першай жа магчымасьці спэцыялісты ведамства дадуць тлумачэньні па ўсіх пытаньнях», — сказаў ён.

16 ліпеня Мінэнэрга, фактычна абвяргаючы інфармацыю «шэрагу інтэрнэт-крыніц» аб тым, што падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў ўніз з вышыні ад 2 да 4 мэтраў, заявіла: паводле інфармацыі генэральнага падрадчыка АТ «Атамбудэкспарт», «няштатная сытуацыя адбылася на пляцоўцы захоўваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных работ па яго перамяшчэньні ў гарызантальнай плоскасьці». РУП «Беларуская АЭС», якое зьяўляецца заказчыкам праекта, «неадкладна запатрабавала ў генэральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакумэнты і зьвесткі. Аналіз гэтай сытуацыі працягваецца», — адзначалася ў камэнтары Мінэнэрга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG