У чарговай перадачы «Свабода ў турмах» колішнія беларускія насельнікі эўрапейскіх лягераў для ўцекачоў ды арыштанты тамтэйшых турмаў раскажуць пра тых, хто просіць палітычнага прытулку на Захадзе. Таксама сваімі меркаваньнямі пра працу з маладымі зьняволенымі — перасяленцамі з постсавецкіх краінаў падзеліцца сацыяльны работнік адной зь нямецкіх вязьніцаў.
Чужы мэнталітэт
Паводле дадзеных эўрапейскіх крымінолягаў, хваля ўцекачоў не прайшла без наступстваў для многіх краінаў ЭЗ. Так на 30 000 бежанцаў зь мільёна, які летась прыбыў у Нямеччыну, распачатыя крымінальныя справы.
«Клясычныя» крымінальныя злачынствы — кшталту рабункаў, крадзяжу, забойстваў, згвалтаваньняў, — у Нямеччыне больш характэрныя для асобаў з Усходняй Эўропы, і найперш краінаў былога СССР. На тле тэрактаў, якія ўчыняюцца ўцекачамі з Паўночнай Афрыкі, увага грамадзкасьці ды СМІ да гэтага сэгмэнту злачыннасьці сёньня прыкметна зьменшылася. «Рускія», як іх тут завуць, аднак па-ранейшаму ствараюць праблемы, у тым ліку, знаходзячыся ў месцах пазбаўленьня волі...
Узгадваю, як напачатку 1990-х мне даводзілася атрымліваць спэцыялізацыю ў галіне сацыяльнай пэдагогікі і ўдзельнічаць у адным сумесным нямецка-беларускім праекце. Гэта была ўстанова сеткі Christliches Jugenddorf (хрысьціянская моладзевая вёска) для тых тынэйджэраў, якім паводле нашых айчынных падыходаў належала б сядзець у калёніях для непаўналетніх. Так званыя цяжкія падлеткі найчасьцей паходзілі з праблемных сем’яў, не вызначаліся схільнасьцямі да навукі і да таго ж мелі недахопы ў фізычным ды разумовым разьвіцьці. Амаль кожны з гэтых падлеткаў меў праблемы з праваахоўнымі структурамі. А некага ў малым узросьце згвалтаваў нехта зь сямейнікаў. Задачай установы было сацыяльна рэабілітаваць моладзь, даць кожнаму прафэсію, базавую адукацыю, падцягнуць фізычную загартоўку, нарэшце, падвысіць самаацэнку хлопца ці дзяўчыны.
Лета ў моладзевай вёсцы ў Дортмундзе, зьнята на мабільны тэлефон адным з выхаванцаў:
Ідэя заснаваньня сеткі Christliches Jugenddorf належала пастару Арнольду Данэману. Распачаўся праект у 1947 годзе, калі ў Нямеччыне, гэтаксама як і ў пасьляваеннай савецкай Беларусі, налічваліся тысячы беспрытульных дзяцей. Аднак стаўленьне да праблемных дзяцей ды падлеткаў у прайграўшай вайну краіне было іншае. Замест калёніі — хрысьціянская вёска, у якой дзецям незалежна ад іх правінаў давалі шанец.
У 1980-1990-я выхаванцамі хрысьціянскай вёскі сталі таксама і замежнікі зь дзяцей уцекачоў зь іншых кантынэнтаў ды перасяленцаў з былога СССР, савецкіх немцаў. Гэтай моладзі было цяжка інтэгравацца ў новы соцыюм: яна амаль не валодала нямецкай мовай, не вучылася і не працавала, мела праблемы з законам. Пазьней, пасьля развалу СССР «новыя рускія» сталі накіроўваць на перавыхаваньне ў вёску ў той жа Дортмунд (але ўжо на платнай аснове) сваіх дзетак. Аднак найчасьцей тыя пакідалі ўстанову, збольшага дзеля наркотыкаў. У выпадку з праблемнымі замежнікамі пэдагагічная мадэль працавала куды менш пасьпяхова, чым з праблемнымі немцамі.
Сацыяльны пэдагог Ульрыка, зь якой мы і дагэтуль падтрымліваем кантакт і якая цяпер працуе з маладымі зьняволенымі ў адной з турмаў Нямеччыны, тлумачыла: «Мы не ўлічылі, што будзем мець справу зь іншым, чужым для нас мэнталітэтам. Нават немцы, якія прыехалі да нас з былога СССР ці з той жа Румыніі, гэта зусім незнаёмыя і незразумелыя нам людзі. А што тады казаць пра іншых? Працэс пераўтварэньня монакультурнай нацыі ў мультыкультурную разьлічаны не на адно стагодзьдзе. Ён патрабуе адмысловых падыходаў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні». Сёньня гэтыя словы гучаць як ніколі актуальна.
«Калі ты прыехаў у тую Эўропу, то будзь чалавекам...»
Беларускі паэт, пісьменьнік Славамір Адамовіч у размове зь Сяргеем Астраўцовым расказаў, якія людзі трапляліся сярод уцекачоў у Нарвэгіі ў нулявыя і пра тое, як ставілася да іх мясцовае насельніцтва. Пра гэта ён напісаў у сваім рамане «Цана Эўропы». Перад тым як уцячы на поўнач Эўропы і папрасіць у нарвэскіх уладаў палітычнага прытулку, Адамовіч зазнаў арышт і дзевяцімесячнае турэмнае зьняволеньне за верш «Забі прэзыдэнта», напісаны ў 1995-м. У Нарвэгіі беларус пражыў сем год. У 2009-м, аднак, вярнуўся на радзіму.
«Зразумела, час, калі я там быў, вельмі адрозьніваецца ад сёньняшняга, — кажа колішні ўцякач. — Тады для мясцовага насельніцтва магло, скажам, быць дзівам, што многія з уцекачоў далёкія ад сучаснай цывілізацыі. Многія афрыканцы, напрыклад, ня ведалі, як карыстацца прыбіральняй, а тым жа кавуном, які падаваўся ў лягернай сталоўцы, маглі гуляць у футбол. Дзікунствам выглядала, калі людзі эўрапейскага выгляду з былога СССР рабавалі крамы...
Сёньня тое, што прыйшло разам з чужынцамі, выклікае жах...»
Славамір Адамовіч узгадвае, што найбольш уразіла яго, калі ён апынуўся ў нарвэскім лягеры для ўцекачоў:
«Рэальная дэмакратыя, свабода, чалавек адказвае сам за сябе. Табе даюць жытло. Калі сям’я — асобную кватэру. І чачэнцы сем’ямі прыяжджалі, і аўганцы. Так, лягер, але калі ў цябе сям’я, то ніхто цябе ў нейкі агульны барак не паселіць. Там даюць асобную кватэру або дом. І колькі табе хапае розуму — ты так сябе паводзіш.
Стаўленьне нарвэскага пэрсаналу складана параўнаць з пэрсаналам якой-колечы ўстановы ў нас у Беларусі або ў Расеі. Адносіны былі, я так думаю, роўныя да ўсіх. Хаця, і я пра гэта крыху разважаю ў рамане сваім „Цана Эўропы“, калі ў мяне ўзьнікалі нейкія непаразуменьні, канфлікты, то гэта былі людзі з былога СССР. Асабліва зь сярэднеазіяцкіх рэспублік, а таксама з Чачні. Безумоўна, гэта тыя ж самыя былыя савецкія, але памножаныя на іслам, на тамтэйшыя правілы і звычкі. Бадай, я ўпершыню сутыкнуўся з паводзінамі такімі адкрыта варожымі, пагардлівымі да нас, прадстаўнікоў славянскіх народаў. Хоць былі і тыя, якія паводзіліся выразна талерантна, культурна, паважліва. Але, зыходзячы з майго вопыту, адмоўных прыкладаў было больш».
— Ці праўда, што сярод тых, хто прасіў прытулку, былі людзі з дрэннымі намерамі, былыя або патэнцыйныя злачынцы?
Адамовіч: «Публікі хапала рознай. Былі і злодзеі. Іхняя задача была — рабаваць, красьці. З 2002-га да 2005-га быў пік наплыву былых савецкіх у скандынаўскія краіны. І я меў кантакты з такімі людзьмі, з групай беларусаў.
Адзін беларус атрымаў прытулак. Ён сапраўды папрацаваў на беларускую справу і пацярпеў. Дык вось я да яго прыяжджаў у госьці і там сутыкнуўся з групай беларусаў, якія таксама прапаноўвалі мне заняцца такім крымінальным бізнэсам, рабаваць крамы. На той час Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя не чакалі, што зьявяцца такія налётчыкі, і крамы проста былі непадрыхтаваныя. Не было турнікетаў, сыгналізацыі.
Гэтыя грамадзтвы былі пабудаваныя на ўзаемным даверы. Нарвэжцы, напрыклад, пакуль не пайшла гэтая хваля ўцякацкая, асабліва ў невялікіх мястэчках ці дзе-небудзь на высьпе, дзе жыве па сто, па дзьвесьце чалавек, дзе адна-дзьве крамкі, — хто гэта падумае ставіць ахову ці сыгналізацыю?
І губляецца тое разуменьне, што калі ты прыехаў у тую Эўропу, дабраўся, то будзь чалавекам».
Славаміру Адамовічу баліць, што ў моры ўцекачоў усё часьцей трапляюцца злачынцы. Ён крыху чытае па-нарвэску, цікавіцца тым, што пішуць у Нарвэгіі, і распавядае, якую рэакцыю выклікала ў краіне злачынства Брэйвіка:
«Усё гэта крышку ня ў той бок ідзе. З 2004-га да 2016-га вельмі шмат адбылося. Бачыце: і ўзрываюць, і страляюць. І як разумее звычайны нарвэжац такую сытуацыю?
Ня трэба думаць, што грамадзтва супраць Брэйвіка. Многія падзяляюць не ягоныя забойствы, ня сам учынак, а тлумачэньне ўчынку. Ён ня бачыў іншых шляхоў у сёньняшняй Нарвэгіі, каб прыцягнуць увагу. Так, традыцыі дэмакратыі, свабоднага самадастатковага жыцьця, — і Нарвэгія пад ціскам Брусэля мусіць прымаць столькі чужамоўнага, чужароднага элемэнту. Ён ня быў пачуты загадзя.
Так, гэта катастрафічны выпадак, але ён адбыўся. У Нарвэгіі прынятае на сёньняшні дзень максымальнае пакараньне — дваццаць адзін год, яны гэта выкарыстоўваюць. І нарвэская Фэміда ня будзе рабіць спэцыяльных паправак дзеля аднаго гэтага чалавека, каб яго адмыслова засудзіць. Напрыклад, прымаць сьмяротную кару. Хоць нейкія парлямэнцкія партыі маглі ініцыяваць штосьці падобнае, што цалкам магло здарыцца ў нашай сытуацыі. Тэрарыст асуджаны на максымальны тэрмін. Ён пазбаўлены свабоды, але не пазбаўлены бытавых выгодаў, людзкіх адносінаў. Ён там падаваў скаргі, што чагосьці яму не хапае, штосьці муляе. Гэта таксама можна зразумець. Таму што чалавек вырас у сваім грамадзтве, і калі ён адчувае ў нечым нейкі ўціск, то ён тут жа выказвае свае прэтэнзіі».
«У чаканьні прытулку многія ўцекачы апынаюцца за кратамі»
Менскі журналіст Васіль Сямашка сядзеў за кратамі як у Беларусі, так і ў Нямеччыне. Паміж гэтымі адседкамі быў нямецкі лягер для ўцекачоў — спадзяваўся атрымаць у ФРГ палітычны прытулак. У выніку Васіль усё ж вярнуўся дадому ў Беларусь. Артыкулы пра тыя ягоныя прыгоды друкаваліся ў самых розных беларускіх СМІ.
Паводле Васіля, калі казаць пра нямецкія лягеры бежанцаў, то гэта канцэнтрацыя самай рознай публікі з Эўропы, Азіі і Афрыкі. У той час, на пачатку нулявых, лічылася, што сярод савецкіх грамадзянаў найлепшыя шанцы на палітычны прытулак маюць людзі з так званай апошняй дыктатуры Эўропы — Беларусі. За беларусаў сябе выдавалі многія: і расейцы, і ўкраінцы, і грузіны, і прыбалты (без грамадзянства)... Галоўнай мэтай іхняга прыезду былі крадзяжы ў крамах. Што да малдаванаў, дык тыя ехалі, каб працаваць нелегальна. Армяне, азэрбайджанцы — 50 на 50: або кралі, або працавалі нелегальна. Адзінкі спрабавалі атрымаць прытулак паводле «ліпавай» гісторыі. Чачэнцы ішлі як ваенныя ўцекачы. Афрыканцы амаль усе называлі сябе самалійцамі або эрытрэйцамі, бо там таксама ішла вайна. Гэтыя не займаліся крадзяжом, але маглі часам гандляваць наркатой. Кітайцы, віетнамцы ня кралі. Яны былі вельмі замкнёныя ў сваім асяродку.
Нярэдка ўцекачы ў чаканьні рашэньня аб прытулку трапляюць за краты. У гэтым выпадку іх чакае дэпартацыя. Так здарылася і з Васілём Сямашкам. Мянчук, паводле ягоных слоў, у 2005 пабываў у траціне турмаў Баварыі. Васіля абвінавачвалі ў парушэньні межаў, у якіх ён меў права перасоўвацца, ды падазравалі ў крадзяжы тавараў з крамы — гэта сярод уцекачоў самая распаўсюджаная правіна.
Сямашка: «Асноўнае адрозьненьне нямецкай турмы ад беларускай у тым, што ў нямецкай турэмнай сыстэме паважаюць зьняволенага як асобу, ягоныя правы і свабоды. Вязьніцы ў гэтай краіне зь сярэднявечча існуюць практычна ў кожным гарадку. Нярэдка зьняволены і ахоўнік — сябры дзяцінства. Адносіны паміж імі прыязныя, але тым жа часам — усё паводле інструкцыі, У Нюрнбэргу, напрыклад, пры паступленьні мяне спыталі пра тое, да якого веравызваньня я належу. Як высьветлілася, гэта было зьвязана зь ежай, якую ўжываюць ці не ўжываюць тыя ці іншыя народы. Таксама перад засяленьнем у камэру (а там звычайна сядзяць па два-тры чалавекі) у мяне пацікаваліся маім стаўленьнем да геяў».
Паводле нашага суразмоўцы, праблемаў з сукамэрнікамі ў яго не было. Сядзеў ён разам зь нямецкімі арыштантамі.
«Трэба адзначыць, крымінальнікі-немцы сваімі паводзінамі вельмі адрозьніваюцца ад замежных зьняволеных. Калі б у турме сядзелі толькі немцы, ахова была б не патрэбная, — кажа Васіль Сямашка, — нямецкія зьняволеныя самі арганізавалі б сабе ахову. Калі немцы па справе праходзяць групай, яны адразу ж даюць поўныя паказаньні адзін на аднаго. У турме яны ахвотна выконваюць усе правілы паводзін, даносячы адміністрацыі пра любыя парушэньні з боку іншых зьняволеных».
Як сьведчыць Васіль, нямецкіх арыштантаў, прынамсі на час ягонай адседкі, сядзела мала. Шмат было «рускіх» — так называлі ўсіх з былога СССР, незалежна ад іх этнічнага паходжаньня. Сядзелі таксама палякі, чэхі, альбанцы, туркі, арабы, афрыканцы...
Сямашка: «Рускамоўныя людзі вельмі дрэнна сябе паводзяць. Часьцей за ўсё гэта хлопцы, якія выехалі з былога СССР зусім у юным узросьце. Якія захапіліся глупай блатной рамантыкай, начытаўшыся танных вакзальных кніжак. Ці наглядзеўшыся сэрыялаў пра „лягерную рамантыку“. І гэтыя людзі спрабуюць у курортных умовах нямецкай турмы заводзіць блатныя традыцыі. Яны лічаць, што вельмі крута паслаць ахоўніка „на тры літары“. Але ахоўнік у адказ пасьміхнецца і не адрэагуе.
Вельмі шмат рускамоўныя хлопцы канфліктуюць. Пры гэтым адначасова баязьлівыя. З альбанцамі, з прадстаўнікамі іншых „баявых“ народаў стараюцца не канфліктаваць. У той жа час могуць абразіць афрыканца ці яшчэ каго-небудзь.
У нямецкай турме я ня меў дапамогі звонку. Але мне вельмі альбанцы дапамагалі. Я запісаўся зь імі хадзіць у шахматы гуляць. Яны зьбіраліся сваёй кампаніяй, гарбату, каву пілі. Калі ўбачылі, што ў мяне нічога гэтага няма, паклікалі да сябе. Даведаліся, што ў мяне няма грошай на рахунку, і ніхто мне не дапамагае, сталі частаваць, з сабой крышку даваць кавы, цукерак. За што я ім вельмі ўдзячны. Хаця альбанцы лічацца ў турмах Нямеччыны людзьмі дзікаватымі, нават бандытамі. Але мне дапамагалі».
У нямецкай турме, але па савецкіх «паняцьцях»
Ураджэнец невялікага беларускага гарадка Пётар сёньня жыве на поўдні Нямеччыны. Паколькі ягонай маці ўдалося даказаць сваё нямецкае паходжаньне, у ФРГ ён і ягоная сям’я трапілі як этнічныя немцы-аўсзідлеры (перасяленцы). Сям’я прайшла працэдуру прыёму і ў адпаведнасьці з законам атрымала грамадзянства ФРГ.
Набываць унівэрсытэцкую адукацыю Пётар, якому цяпер дваццаць, не захацеў, нейкай добрай цікавай спэцыяльнасьці для сябе не знайшоў. Ня так даўно трапіў за краты за вулічную бойку. За няцяжкія злачынствы у Нямеччыне даюць кароткія тэрміны. Пётар сядзеў некалькі месяцаў. Гэта быў першы турэмны досьвед юнака. Ён адзначае, што турэмная адміністрацыя ставілася да ўсіх зьняволеных аднолькава добразычліва, таму ў вязьніцы адчуваў сябе чалавекам. Параўноўваць гэтае месца зь беларускім курортам ён, аднак, бы ня стаў. Няволя ёсьць няволя. Хоць шмат хто з расейскамоўных ЗК, якія раней сядзелі ў турмах у сябе дома, у тым ліку і ў Беларусі, менавіта санаторыем тую вязьніцу і называлі. Ад гэтых хлопцаў Пётар шмат пачуў пра зладзейскія «паняцьці» ды розныя крымінальныя традыцыі.
«У нямецкіх турмах рускія працягваюць жыць па „паняцьцях“. Яны ніколі ня стануць мыць прыбіральню або працаваць на кухні. Для іх гэта прыніжэньне. Для немцаў ды ўсіх астатніх — гэта цалкам нармальная справа. Таксама рускія збольшага ня любяць працаваць. Хоць тую турэмную працу цяжкай не назавеш. Я, напрыклад, рабіў сувэніры. Працавалі толькі ў будзённыя дні, з 7-й па 15-ю гадзіну. Аплачвалі працу пагадзінна. Недзе па 1,5 эўра. У сярэднім у дзень выходзіла каля 10 эўра. Гэтыя грошы паступалі на рахунак. Праўда, недзе чвэрць ад усяго заробку выдавалі ў дзень вызваленьня, каб у былога ЗК пры сабе была нейкая капейчына»
На волю Пётар выйшаў з пакетамі рэчаў і 500 эўра. Купіў квіток на цягнік і паехаў у госьці да «рускіх» сяброў. Думаць пра заўтрашні дзень не хацелася...
«Выхаваўчыя канцэпцыі пад сумневам...»
Былая супрацоўніца Christliches Jugenddorf Ульрыка вось ужо дзесяць гадоў працуе ў турме з маладымі зьняволенымі. Паколькі, акрамя сацыяльнай пэдагогікі, яна вывучала славістыку, асноўны яе кантынгент — перасяленцы і ўцекачы з былога СССР.
«Калі вы ўвечары пройдзеце па тых раёнах, дзе пражываюць выхадцы з постсавецкіх краінаў, — адзначае Ульрыка, — вы, несумненна, пачуеце нямецкую лаянку ўперамешку з матам. Часта моладзь тусуецца на пустках або месцах паркоўкі аўтамашын. Дзьверцы машын расчынены, на ўсю акругу грыміць музыка, часьцей за ўсё рускамоўная. Нярэдка тут жа ў ход ідуць наркотыкі. Затым пачынаюцца разборкі, Маладыя людзі спрабуюць заваяваць павагу гвалтам, кулакамі».
Паводле Ульрыкі, лёс многіх яе падапечных у чымсьці падобны. Яны збольшага не былі гатовыя да таго, каб перабрацца ў іншую краіну і жыць у ёй, іх вырвалі са звыклага асяродзьдзя, разлучылі зь сябрамі і сяброўкамі. Многія хлопцы адкрыта кажуць, што не хацелі ехаць у Нямеччыну. Тут на іх абрынуліся ўсе праблемы іміграцыі, у тым ліку кінутыя школы, перапыненая прафадукацыя, зьвязаная з гэтым беспэрспэктыўнасьць і незадаволенасьць жыцьцём. Гэта робіць маладых людзей агрэсіўнымі. Ад незанятасьці ў іх зьяўляецца шмат вольнага часу, які трэба чымсьці запоўніць.
Рускія крымінальнікі, нават калі яны нарадзіліся ў Нямеччыне, жывуць за кратамі пераважна паводле сваіх негалосных традыцыяў. Напрыклад, усяляк імкнуцца пазьбягаць кантактаў са службоўцамі турмы, лічачы, што тым ні ў якім разе нельга давяраць. Яны трымаюцца групамі, ствараючы ўласную субкультуру. У іх моцна разьвітае калектыўнае (ня ў лепшым сэнсе гэтага слова) мысьленьне. Жывуць яны пад дэвізам: «Хто ня з намі, той супраць нас». У гэтым асяродзьдзі прынятая жорсткая герархічная структура, усім запраўляе бос і яго «правая рука». Нават нямецкім турэмным работнікам ужо даўно і безь перакладу знаёмы выраз «злодзей у законе». Тыя, каго ў нашых турмах завуць «рускімі», імкнуцца навязаць за кратамі свае законы і правілы. Гэтыя паводзіны карэнным чынам адрозьніваюцца ад паводзінаў іншых зьняволеных ды спараджаюць за кратамі хаос, ставяць пад сумнеў правераныя дзесяцігодзьдзямі выхаваўчыя канцэпцыі, — мяркуе нямецкая адмыслоўка.