Любоў да футболу ад дзяцінства. Чэмпіянат выйграюць немцы? БАТЭ як заўзятарская наканаванасьць. Хакей не люблю. Піва — так. Адно з найцікавейшых падарожжаў у жыцьці. Беларускамоўная прастора ў Кастрыцы. Настаўнік гісторыі.
Размова са Зьмітром Панкаўцом, намесьнікам галоўнага рэдактара «Нашай Нівы».
Ян Максімюк: ...А калі вам прыйшло ў галаву, што вы можаце працаваць як журналіст? Вы пачыналі пісаць ужо як студэнт, ці можа раней?..
Зьміцер Панкавец: ...Пісаць пачынаў раней, яшчэ школьнікам пісаў у «Нашу Ніву», на Радыё Свабода таксама лісты дасылаў, Валянцін Жданко шмат што зачытваў... І вось у 2006 годзе, пасьля Плошчы (я тады адседзеў месяц у жодзінскай турме), я прыйшоў да Андрэя Дынько і сказаў, што хачу працаваць у «Нашай Ніве». Андрэй сказаў: ОК, давайце, пачынайце. І вось ужо 10 гадоў працую...
Ян Максімюк: ...Разумею, што пытаньне пра тое, ці вам падабаецца ваша праца, будзе лішнім, але ўсё ж такі пастарайцеся нешта сказаць...
Зьміцер Панкавец: ...Канечне, будзе лішнім. Канечне, падабаецца. Знаеце, вось нядаўна мы сядзелі з калегамі і так разважалі: мы дастаткова шчасьлівыя людзі. Можа быць, ня толькі журналісты «Нашай Нівы», а ўвогуле журналісты недзяржаўных СМІ. Мы маем магчымасьць займацца той справай, якая нам падабаецца. Мы не зьвязаныя па руках, у прынцыпе. У нас няма строгага графіку на працы, маўляў, прыходзіш у дзевяць і сыходзіш роўна а шостай. Часам даводзіцца сядзець і да поўначы... Калі робіш газэту, думаеш, абмяркоўваеш разам, калі бярэш удзел у такім сумесным мазгавым штурме — гэта вялікі кайф прыносіць...