Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра пакінуты намі Менск


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Менск — разнастайны, пярэсты, плямісты.

Ёсьць Менск цэнтральнаэўрапейскі, які мінулыя дзесяцігодзьдзі быў як бы ў ценю: некалькі кварталаў гістарычнай забудовы, часам дарэвалюцыйнай, часам сярэднявечнай. Ён дзе-нідзе плаўна і надзіву гарманічна перацякае ў Менск сталінісцкі, з прыгожым паваенным ампірам, калюмнамі і вазамі ў парках, зь ціхімі дварамі дамоў БССРаўскай эліты, дзе цяпер месьцяцца кавярні й модныя крамкі.

Ёсьць Менск пыльны брэжнеўскі, з трактарным заводам і МАЗам, з карпусамі БДУ і БПГУ, падземкай і блёчнымі жылымі дамамі.

Ёсьць Менск — эўрапейскі Пхеньян і Ашгабад, з плястмасай і пазалотай, з пустымі праспэктамі, Палацам Рэспублікі, Музэем «Вялікай Айчыннай» і Палацам Незалежнасьці.

Ёсьць Менск, якім ён збольшага быў 100-150 гадоў таму: гэта адзін незаўважны драўляны дом на Плошчы Перамогі / Круглай Плошчы — Музэй Першага Зьезду РСДРП — і некалькі прырэчаных на зьнішчэньне ўрослых у Менск вёсак.

Ёсьць Менск XXI стагодзьдзя, з мэталадахоўкай і востракутнымі яскрава пафарбаванымі цацачнымі дамамі, з штучнаватага выгляду новым мармурам, шклом і стальлю. Гэты стыль удала вытрыманы нават у цудоўным новым беларускім культурным цэнтры пры амбасадзе Беларусі ў нас у Маскве, дзе менавіта дзякуючы гэтым маленькім рысам сучаснай тыповай беларускай архітэктуры ты беспамылкова адчуваеш сябе на маленькай выспачцы Беларусі пасярод старажытнага маскоўскага Кітай-гораду.

Усё гэта ў адным мейсцы. Насупраць брэжнеўскага Праспэкту Машэрава/Пераможцаў, з чучхейскай Плошчай дзяржаўнага сьцягу на гарызонце, ляжыць ціхае расслабленае сярэднеэўрапейскае Траецкае прадмесьце.

Лета — той час, калі пазьехалыя беларусы з усяго сьвету зноў зьяжджаюцца на Беларусь наведваць бацькоў і сустракацца з школьнымі сябрамі. Памруць бацькі — і больш ніхто не прыедзе. Ці наадварот, прыедуць сэнтымэнтальнымі старыкамі дажываць век?

Бялявая беларуская кабета пад сорак вядзе дзіцёнка «вуліцай Маркса» і за штось адчытвае свайго мужа ці то па-арабску, ці то на іўрыце.

Іншая жанчына распавядае, як жыве ў Партугаліі з мужам і расьціць дзіця на францускай і расейскай мове.

Малады хлопец у моднай кавярні распавядае замілавана прыслухаючымся дзеўкам, як ён працуе ў Дубліне праграмістам і зь якой пагардай ён цяпер ставіцца да сваіх родных правінцыйных Баранавічаў — замілаваныя дзеўкі горача пагаджаюцца.

Я думаю пра ўсіх маіх знаёмых, хто зьехаў адсюль. Я думаю пра ўсіх тых людзей, хто адсюль зьехаў, але каго я ня ведаю. Хайфа, Нью-Ёрк, Варшава, Масква. Я разумею, што я ў пэўным сэнсе сам адзін зь іх. Мне шкада.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG