Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда ў Рыё — без расейскіх лёгкаатлетаў і беларускіх весьляроў


Ці прысутнічае палітычны кантэкст у рашэньнях адхіліць расейскіх лёгкаатлетаў і беларускіх весьляроў ад Алімпійскіх гульняў?

Глод: Спартыўны арбітражны суд вырашыў не дапускаць да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра расейскіх лёгкаатлетаў і беларускіх весьляроў. Падстава для такога рашэньня — злоўжываньне забароненымі мэдычнымі сродкамі, прасьцей кажучы, наяўнасьць допінгу.

Рэакцыя на вэрдыкт і ў Менску, і ў Маскве была аднолькавая і прадказальная: «Гэта чыстая палітыка», «У іх няма ніякіх доказаў», «Нельга караць „чыстых“ спартоўцаў».

Некаторыя палітычныя і спартовыя дзеячы і ў Расеі, і ў Беларусі ў сваіх камэнтарах зайшлі даволі далёка. Так, у заяве Ўладзімера Пуціна ўжываюцца такія выразы: «яны хочуць зрабіць спорт інструмэнтам геапалітычнага ціску, фармаваньня нэгатыўнага іміджу краін і народаў». Намесьнік кіраўніка Дзярждумы Ігар Лебедзеў, ён жа сын Уладзімера Жырыноўскага, заявіў: «Трэба паслаць усіх да чорта з гэтай Алімпіядай. Нас б’юць з усіх бакоў, а мы маўчым і чакаем, хто ўдарыць наступны».

Галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі Ўладзімер Шантаровіч публічна сказаў, што кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі каноэ і ягоныя бліжэйшыя памочнікі павінны быць арыштаваныя па прыезьдзе ў Беларусь. А памочнік прэзыдэнта па пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў заявіў, што чыноўнікі міжнародных фэдэрацыяў сядзяць там дзесяцігодзьдзямі і «парасьлі мохам».

Апошняя заява спадара Рыжанкова асабліва вылучаецца. Ва ўсім спартовым сьвеце добра вядома, што калі хто і «парос мохам», дык гэта цяперашні прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, які кіруе гэтай структурай аж з 1994 году. Але паколькі ва ўладаў Беларусі зь ім цудоўныя стасункі, то яго прымаюць тут на найвышэйшым роўні, а Аляксандар Лукашэнка нават узнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў. Так што заява спадара Рыжанкова, чый бацька ў свой час, дарэчы, быў міністрам спорту і турызму Беларусі, і ёсьць прыклад падвойных стандартаў. Што ў спорце, што ў палітыцы.

Прага палітычнага трыюмфу празь перамогі любой цаной часам пераходзіць у ганьбу і без усялякага допінгу.

Вось прэзыдэнт Расеі заяўляе, што спорт становіцца палітычным інструмэнтам. Але ці расейцам сьпісваць падобныя абвінавачаньні на палітычныя інтрыгі ворагаў, калі ўмяшаньне палітыкі ў спорт у самой Расеі даўно дасягнула грандыёзных маштабаў? Прага палітычнага трыюмфу празь перамогі любой цаной на спартовых пляцоўках часам пераходзіць у ганьбу і без усялякага допінгу. Згадваю, як увесь спартовы сьвет сьмяяўся з таго, як Расея выставіла на студэнцкай Унівэрсіядзе ў Казані супраць сапраўдных студэнтаў зь іншых краін фактычна алімпійскую каманду. Прычым многія ўдзельнікі расейскай зборнай станавіліся студэнтамі літаральна напярэдадні Ўнівэрсіяды, калі іх гуртам прыпісвалі да інстытутаў. У выніку на хатняй Унівэрсіядзе Расея заваявала 155 залатых мэдалёў. У другога па гэтым паказьніку Кітая іх было ўсяго 26.

А згадаем Алімпіяду ў Сочы. Хіба ж гэта не праява дзяржаўнай фанабэрыі? Дзеля гэтага дадумаліся правесьці зімовыя Алімпійскія гульні ў субтропіках і зрабілі іх найдаражэйшымі ў гісторыі, бюджэтных грошай не шкадавалі. Зрабілі ўсё, каб Расея перамагла ў неафіцыйным камандным заліку. А цяпер высьвятляецца, што мэдалі здабывалі ня гэтулькі спартоўцы, колькі хімікі і чэкісты. Вось чаму і Алімпіяда ў Сочы, і «Крымнаш» — паняцьці з аднаго шэрагу.

Карбалевіч: Не выклікае сумненьня, што барацьба з допінгам — справа важная і патрэбная. І тое, што расейскія атлеты злоўжываюць допінгам, ніякі не сакрэт. І тое, што спорт выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах, усім відавочна. У Расеі і Беларусі гэта асабліва бачна, пра што слушна казаў сп. Глод.

Але праблема тут даволі заблытаная, юрыдычна складаная, што дае падставы пакрыўджаным казаць пра несправядлівасьць, пра помсту, палітычны кантэкст.

У спорце, як у прававой дзяржаве, павінна дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасьці.

І ўсё ж, калі разважаць і пра дыскваліфікацыю расейскіх лёгкаатлетаў, і пра беларускіх весьляроў, зьяўляюцца пытаньні. Выкажу сваё ўласнае меркаваньне. Хацелася б, каб у гэтых справах дзейнічалі агульнапрынятыя ў сьвеце юрыдычныя нормы. Бо выклікае пытаньне рашэньне, якое грунтуецца на прынцыпе калектыўнай віны. Думаю, усё ж віна павінна быць індывідуальная.

Другі момант. У спорце, як у прававой дзяржаве, павінна дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасьці. Вось зьвернемся да справы беларускіх весьляроў. Яны былі адлучаныя ад Алімпіяды на падставе двух фактаў. У аднаго спартсмэна, які, дарэчы, не прайшоў кваліфікацыю і ня мог ехаць на Алімпійскія гульні, знайшлі перавышэньне нормы мэльдонію. І гэты ж прэпарат знайшлі ў асабістых рэчах трэнэра. То бок не ў арганізмах спартоўцаў, а ў сумцы трэнэра. Як мне падаецца, гэта недастатковая падстава, каб дыскваліфікаваць усю каманду. Усё ж павінны дзейнічаць прынцыпы індывідуальнай, а не калектыўнай віны, а таксама прэзумпцыі невінаватасьці.

Грузьдзіловіч: Магу прадбачыць, што каманда беларускіх весьляроў, калі б паехала на Алімпійскія гульні, магла б вярнуцца адтуль з мэдалямі. Раней такое было. Гэта быў такі патэнцыял, багаж беларускай зборнай, і, вядома, у яе былі значныя канкурэнты. Яны маглі актывізаваць свае мэханізмы. У прынцыпе, можна падзяліць пазыцыю беларускіх афіцыйных прадстаўнікоў, якія кажуць, што палітыка тут прысутнічае. Але вось факты: да асобных іншых спартсмэнаў таксама ёсьць прэтэнзіі, як, напрыклад, да лёгкаатлетаў, але гэтыя фэдэрацыі не адхіленыя. Магчыма, былі іншыя падставы, былі пакуль не агучаныя падазрэньні на адрас гэтых спартоўцаў у сыстэматычным ужываньні допінгу.

Нам адгукаюцца шчыльныя сувязі з расейскім спортам і ўвогуле палітычны саюз з Расеяй.

У Менску неўзабаве пройдзе чэмпіянат сьвету для юніёраў па веславаньні на байдарках і каноэ. Калі б гэтак перадузята ставіліся, сюды б не прыехалі і не замовілі б чэмпіянат. Палітыкі тут менш, чым рэальнай віны беларускіх спартоўцаў. Насамрэч, нам адгукаюцца шчыльныя сувязі з расейскім спортам і ўвогуле палітычны саюз з Расеяй. Вельмі шмат спартоўцаў трэніраваліся, праходзілі пачатак сваёй спартовай кар’еры, як тая Домрачава, у Расеі. І, вядома, тыя традыцыі, якія там існуюць, схільнасьць да падману, адбіваюцца на нашай рэпутацыі. Таму на нас глядзяць падазрона, як на саюзьнікаў махляроў. Але — самі вінаватыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG