Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Турэччыны: ёсьць пагроза новай спробы перавароту


Кіраўнік МЗС Турэччыны пацьвердзіў, што ЗША прапанавалі стварыць групу для спрыяньня турэцкаму боку ў падрыхтоўцы афіцыйнага запыту аб экстрадыцыі Фэтхулаха Гюлена.

У Турэччыне існуе пагроза яшчэ адной спробы дзяржаўнага перавароту. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Біналі Йылдырым , падкрэсьліўшы, аднак, што ўрад і дзяржаўныя структуры ў цэлым кантралююць сытуацыю.

Міністар юстыцыі Бэкір Баздаг паведаміў, што ўсіх абвінавачаных у датычнасьці да спробы зьвяржэньня ўлады будуць судзіць цывільныя суды ў Анкары.

Раней у пятніцу Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе запатрабавала ад турэцкіх уладаў дапусьціць яе назіральнікаў на суды над удзельнікамі мяцяжу. Аб рэакцыі Анкары пакуль невядома.

У пятніцу ж кіраўнік МЗС Турэччыны Мэўлют Чавушаглу пацьвердзіў, што ЗША прапанавалі стварыць працоўную групу з супрацоўнікаў МЗС і міністэрства юстыцыі для спрыяньня турэцкаму боку ў падрыхтоўцы афіцыйнага запыту аб экстрадыцыі грамадзкага і рэлігійнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена, якога Анкара лічыць натхняльнікам спробы перавароту ў ноч з 15 на 16 ліпеня. Міністар юстыцыі выказаў гатовасьць асабіста вылецець па Гюлена, які жыве ў эміграцыі ў амэрыканскім штаце Пэнсыльванія.

У чацьвер у Турэччыне было ўведзена надзвычайнае становішча і прыпынена дзеяньне эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Зараз прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган можа прымаць новыя законы ў абыход парлямэнту. Праваабаронцы засьцерагаюцца, што ўведзеныя меры прывядуць да рэпрэсій супраць прыхільнікаў няўдалага бунту.

Раней Эрдаган заяўляў пра пляны ўвесьці сьмяротнае пакараньне, спасылаючыся на «волю народу». Эўрапейскія лідэры заявілі, што гэта пазбавіць краіну шанцаў уступіць у Эўразьвяз.

Пасьля здушэньня спробы перавароту ў Турэччыне былі затрыманыя больш за дзесяць тысяч чалавек. Дзясяткі тысяч дзяржслужачых звольненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG