Грузьдзіловіч: Спачатку некалькі фактаў. Першае і самае галоўнае — арыштаваны алігарх Юры Чыж днямі даваў паказаньні на судзе над сваім партнэрам Уладзімерам Япрынцавым і ягоным сынам, але журналістам так і не ўдалося ня тое што сфатаграфаваць Чыжа ў кайданках, але ўвогуле зрабіць яго здымак у судзе.
На выхадзе з суду апэратары з камэрамі і фотажурналісты прачакалі Чыжа з паўдня да восьмай вечара, але так і не пабачылі. Хутчэй за ўсё, ахоўнікі вывелі арыштанта з суду праз адно з вокнаў, якія выходзяць на вуліцу Кірава. Да таго ж у самім судзе, гэта было добра бачна
апэратары з камэрамі і фотажурналісты прачакалі Чыжа з паўдня да восьмай вечара, але так і не пабачылі. Хутчэй за ўсё, ахоўнікі вывелі арыштанта з суду праз адно з вокнаў
прысутным, ахоўнікі ставіліся да Чыжа хутчэй як да ганаровага кліента, чым як да арыштанта. Я быў на працэсе і магу гэта засьведчыць.
То бок, відавочна, адносна знаходжаньня Юрыя Чыжа ў Цэнтральным судзе былі зробленыя захады, я б сказаў, не бясьпекі і аховы, а мінімізацыі грамадзкай увагі да яго. Чаму? Зь якой прычыны такія прывілеі?
Нагадаю, кіраўнік групы кампаніяў «Трайпл» Юры Чыж у сакавіку быў арыштаваны. Паводле КДБ, ён нібыта зьбіраўся ўцячы з краіны, цяпер яго абвінавачваюць у нясплаце падаткаў. Але калі так, калі ў суд прывялі звычайнага, хоць і буйнога паводле памераў нанесеных стратаў, махляра, дык навошта яго ўпотай выводзіць з суду?
Вось партнэра Чыжа Япрынцава ж не хавалі, калі выводзілі ў кайданках — здымайце, калі ласка. Я таксама стаяў за агароджай судовага дворыка, калі выводзілі Япрынцавых, і сфатаграфаваў яго на тэлефон — ніхто не перашкаджаў. А чаму Чыжа нельга?
У мяне наконт гэтага ёсьць дзьве вэрсіі. Першую падказаў яшчэ колькі месяцаў таму праваабаронца Алег Воўчак, былы сьледчы пракуратуры. Калі стала вядома, што Чыжу выставілі абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў, Алег Воўчак, спасылаючыся на былых калегаў, выказаў меркаваньне, што Чыжа арыштавалі толькі фармальна, а насамрэч хаваюць ад тых, хто пагражае ягонаму жыцьцю і бізнэсу.
Праўда, доказаў былы сьледчы не прывёў, толькі рвзвагі і меркаваньні. Але тое, што выявілася ў судзе над Япрыцавымі, цяпер можа ўскосна пацьвердзіць такую вэрсію.
Сам Чыж, даючы паказаньні ў судзе, сказаў, што ад маскоўскіх бізнэсоўцаў Маміяшвілі і Аксенцьева на ягоны адрас гучалі пагрозы. Маўляў, калі Япрынцаў ня верне ім 27 мільёнаў даляраў, дык будуць разьбірацца ўжо зь ім, з Чыжом. Гэта сур’ёзна? Чыж меркаваў, што вельмі, узмацніў ахову, а потым нават пайшоў у КДБ і спрычыніўся да таго, што на Япрынцавых былі напісаныя заявы ў гэтую магутную арганізацыю.
А хто такія Маміяшвілі і Аксенцьеў? Першы — кіраўнік фэдэрацыі грэка-рымскай барацьбы Расеі, даўні знаёмы Япрынцава па спорце, другі — вядомы бізнэсмэн. Але пра гэтых жа людзей у мэдыях шмат пішуць і нэгатыўнага, у тым ліку згадваюць, што разам зь Ёсіфам Кабзонам ім нібыта быў забаронены ўезд у ЗША з прычыны крымінальных падазрэньняў.
Прычым на працэсе Япрынцава выявілася, што ягоныя маскоўскія сябры нібыта падманам завалодалі ягонай доляй у «Трайпле». У тым ліку Чыж ня выключыў махлярства зь іхнага боку і адкрыта пра гэта заявіў.
То бок прычыны пабойвацца «крутых» маскоўскіх сяброў у Чыжа былі, і вэрсію Алега Воўчака пра тое, што насамрэч ён схаваўся ад іх у сьледчай турме КДБ, я цяпер не лічу гэткай фантастычнай, як тады, калі яе ўпершыню пачуў.
толькі чалавеку, які застаецца пры сваім аўтарытэце, пры сваёй уладзе і бізнэсе, могуць аказаць такую паслугу, як схаваць яго ад кадраў, якія заўсёды будуць яго кампрамэтаваць
І апошні аргумэнт на карысьць гэтай вэрсіі — тая ўвага, якую ахоўнікі аказалі Чыжу ў судзе. На маю думку, толькі чалавеку, які застаецца пры сваім аўтарытэце, пры сваёй уладзе і бізнэсе, могуць аказаць такую паслугу, як схаваць яго ад кадраў, якія заўсёды будуць яго кампрамэтаваць. Ад фота ў кайданках ці за кратамі міліцэйскага аўтамабіля.
Сам арышт Чыжа праз гады можа і забыцца, ды ён і ня першы ў яго — а хто пра гэта памятае? А вось фота ў кайданках у інтэрнэце засталося б назаўсёды, і адтуль яго ўжо ніколі ня зьнішчыш.
Але калі яму зноў займацца бізнэсам, дык сытуацыя мяняецца. Не выключаю, што менавіта таму гэтае фота і не зьявілася.
Ну, і другая вэрсія — больш мяккая. Яна базуецца на тым, што сказаў старшыня КДБ Валеры Вакульчык літаральна за дзень да таго, як Чыжа прывезьлі ў суд. Ён тады назваў суму, якую Чыж вінен дзяржаве. Гэта 12 мільёнаў даляраў. То бок гэта кошт свабоды для Юрыя Чыжа, і ён цяпер мусіць думаць, дзе браць гэтыя грошы.
Дарэчы, ускосна Чыж ужо пачаў торг. На судзе, распавядаючы пра размовы зь Япрынцавым наконт сваіх даўгоў, Чыж паскардзіўся, што кошты актываў «Трайпла» абваліліся, аб’екты прадаюцца вельмі марудна, і нават 15 мільёнаў даляраў для яго — праблема.
То бок ён таргуецца, а значыць, ведае, што яго ўсё ж вырашылі выпусьціць без суду, як бізнэсмэнаў Паўлоўскага ці Кастагорава, але яшчэ ня вызначыліся з адкупнымі.
І ў гэтую вэрсію дапамога Чыжу з боку ахоўнікаў таксама ўкладаецца. Бо калі ў іх ёсьць загад гэтак апякаць Чыжа, дык будуць рабіць што заўгодна і парушаць любыя інструкцыі, нават у вакно з Чыжом палезуць.
Ці ёсьць у гэтым якая роля Аляксандра Лукашэнкі, зь якім Чыж нібыта сябраваў? Ня буду гадаць, але напомню, як у 1996 годзе з-пад хатняга арышту, фактычна з-пад аховы супрацоўнікаў КДБ нібыта зьбегла экс-старшыня Нацбанку Тамара Віньнікава, таксама набліжаная да Лукашэнкі асоба. З таго часу яна ціха жыве ў Лёндане. Хіба хто верыць, што яе маглі выпусьціць з краіны без дазволу зьверху? Вось тое самае і пра сьлед Чыжа на падваконьні Цэнтральнага суду.
Глод: Усё тое, пра што зараз падрабязна распавёў Алег Грузьдзіловіч, сьведчыць найперш пра адно — роўных правоў для беларусаў наагул не існуе. Нідзе і ні ў чым. Да Чыжа адно стаўленьне, да Япрынцава — зусім іншае, што і было паказана на прыкладзе беларускага суду.
Сёньня ў Беларусі ўсё падпарадкавана волі аднаго чалавека. І тут слушна казаў спадар Грузьдзіловіч, што хіба магла б Тамара Віньнікава незаўважанай зьехаць зь Беларусі без дазволу зьверху? Вядома, не.
справа Чыжа будзе вырашацца ў тым жа ключы, што, напрыклад, і справа Жураўковай — былой начальніцы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта
Я думаю, што справа Чыжа будзе вырашацца ў тым жа ключы, што, напрыклад, і справа Жураўковай — былой начальніцы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Заплаці грошы — і будзеш на свабодзе. Адзінае адрозьненьне, магчыма, толькі ў тым, ці ёсьць у Юрыя Чыжа цяпер гэтыя мільёны даляраў, якіх ад яго патрабуюць як адкупнога.
Хачу згадаць, што летась у кастрычніку Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пастанавіў зьняць санкцыі зь Юрыя Чыжа, ягонай кампаніі «Трайпл» і 10 яе даччыных фірмаў. Суд не прызнаў прэфэрэнцыі, дадзеныя ўладамі Юрыю Чыжу, доказамі таго, што алігарх фінансуе рэжым Лукашэнкі. Але ж тады вэрдыкт выносіў Эўрапейскі суд. І ён фактычна прызнаў, што Беларусь — краіна зь вяршэнствам закону. Так падаецца з Брусэлю. Але ж беларускі суд, калі глядзіш на яго зь Менску, выглядае зусім не такім.
Карбалевіч: У гэтым пытаньні шмат аспэктаў. Найперш, суд над Япрынцавымі выявіў тыя норавы, якія існуюць у беларускім вялікім бізнэсе. Там адбываецца, кажучы расейскім слэнгам, «кідалава». Можна ўзяць грошы, а прадукцыю не паставіць.
Высьветлілася, напрыклад, што бацька і сын Япрынцавы ўвогуле не займаліся нафтавым бізнэсам, але абяцалі пастаўляць нафтапрадукты. На што разьлічвалі? На моц дзяржаўнага «даху»? Чаму Япрынцаў-старэйшы даваў гарантыйныя лісты ад імя кампаніі «Трайпл»? Бо ўсе замежныя партнэры ведалі, што галоўны ўласьнік «Трайпла» Юры Чыж сябруе з Лукашэнкам. А калі так, то канфліктаваць з такой кампаніяй ніхто не захоча. Але, бачыце, «дах» аказаўся ненадзейны.
І яшчэ пра норавы ў вялікім бізнэсе. Чыж і Япрынцаў былі сябрамі і партнэрамі. Але спачатку Япрынцаў-старэйшы, ратуючы сына, падстаўляе Чыжа. Той піша заяву ў КДБ на Япрынцава. А арыштаваны Япрынцаў дае паказаньні на Чыжа, як той парушае законы. Усё як у расейскіх крымінальных сэрыялах.
Вэрсія, якую прапанаваў сп. Грузьдзіловіч, даволі складаная і спрэчная. Калі Чыж хаваецца ў турме ад людзей, якім, як тыя лічаць, беларускі бізнэсовец вінен грошы, то колькі часу там можна хавацца
Што тычыцца лёсу Чыжа. Вэрсія, якую прапанаваў сп. Грузьдзіловіч, даволі складаная і спрэчная. Калі Чыж хаваецца ў турме ад людзей, якім, як тыя лічаць, беларускі бізнэсовец вінен грошы, то колькі часу там можна хавацца? Усё астатняе жыцьцё?
Калі ён быў арыштаваны, старшыня КДБ Вакульчык запэўніваў, што рашэньне аб арышце было прынята ім, ніхто зьверху яму такога загаду не даваў. Але вось у панядзелак 18 ліпеня Вакульчык пасьля сустрэчы з Лукашэнкам казаў: «Было даложана пра расьсьледаваньне крымінальнай справы ў адносінах да Чыжа».
Зьвярніце ўвагу на тэрміналёгію. Прэзыдэнт не праінфармаваны, а прэзыдэнту даложана. Дакладаюць начальніку. Старшыня КДБ выдаў сам сябе. Аказваецца, расьсьледаваньне справы дакладваецца Лукашэнку, той кантралюе і, як можна здагадацца, ім і кіруе.
Хачу нагадаць, што паводле закону існуе таямніца сьледзтва. Таямніца ад усіх, у тым ліку прэзыдэнта. І зноў жа, паводле закону ніхто ня мае права ўзьдзейнічаць на сьледзтва, у тым ліку і прэзыдэнт.
Вакульчык назваў суму шкоды, нанесенай Чыжом дзяржаве — 239 млрд недэнамінаваных рублёў, або 12 млн даляраў. Можа, гэта сума выкупу, выплаціўшы якую, Чыж можа апынуцца на свабодзе?