У распараджэньні ўкраінскага сайту «Обозреватель» аказаліся запісы камэр назіраньня, зробленыя за некалькі гадзін да забойства Паўла Шарамета.
Храналёгія:
Невядомы мужчына ў 00 гадзін 22 хвіліны падыходзіць да прыпаркаванага аўтамабіля, прысаджваецца каля дзьвярэй кіроўцы і працірае дно машыны.
У 2 гадзіны 33 хвіліны мужчына і жанчына ідуць у кірунку дому, дзе жыў Шеремет, на адлегласьці каля 15 мэтраў адно ад аднаго.
У руках жанчыны торба ці пакет.
У 2:38 пара сустрэлася, перакінулася некалькімі словамі і разышлася па розных баках дарогі. Мужчына стаў імітаваць хаду п’янага чалавека.
У 2 гадзіны 39 хвілін мужчына ідзе ўніз, а жанчына ў гэты час спыняецца каля аўтамабіля Subaru, дастае з сумкі/пакета выбуховае прыстасаваньне, закладвае яго пад дно каля сядзеньня кіроўцы і сыходзіць. Працэс закладкі заняў ня больш за хвіліну. Паводле вэрсіі сьледзтва, мужчына, знаходзячыся праз дарогу, страхаваў жанчыну-кілера.
Крыніца «Обозревателя» дадае, што месца ў глыбіні двара, дзе звычайна паркавалася Subaru, аказалася занята мікрааўтобусам з іншагароднімі нумарамі. Як толькі машыну Прытулы паставілі на вольнае месца, мікрааўтобус зьехаў. Правяраецца вэрсія, што гэта было зроблена наўмысна, для палягчэньня «працы» кілераў — каб прымусіць кіроўцу Subaru паставіць аўтамабіль далей ад вокнаў.