Турэччына часова прыпыняе дзеяньне Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека — заявіў турэцкі віцэ-прэм’ер Нума Куртулмуш. Ён таксама адзначыў, што рэжым надзвычайнага становішча, уведзены напярэдадні прэзыдэнтам Рэджэпам Эрдаганам, можа быць адменены на працягу аднаго або паўтара месяца.
Паводле віцэ-прэм’ера, 15-ы артыкул Эўрапейскай канвэнцыі дазваляе краіне адмовіцца ад часткі абавязацельстваў у выпадку надзвычайнай сытуацыі, якая замінае ёй іх выконваць.
Артыкул дазваляе адступіць ад абавязацельстваў у выпадку вайны і іншых надзвычайных абставінаў. Тым ня менш, у артыкуле агаворваецца, што парушэньне базавых прынцыпаў канвэнцыі нават у гэтым выпадку недапушчальнае. Напрыклад, у артыкуле сказана, што нават у выпадку надзвычайных абставінаў катаваньні забароненыя. Тым ня менш, канвэнцыя дапускае сьмяротнае пакараньне.
Раней кіраўнік дзяржавы заяўляў, што рэжым надзвычайнага становішча ўводзіцца на тры месяцы. Уведзеныя меры дазволяць прэзыдэнту прымаць новыя законы ў абыход парлямэнта. Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў Анкару як мага хутчэй адмяніць гэты рэжым.