— Дзякуй, у нас усё ў парадку, — адказала сёньня раніцай знаёмая зь Ніцы.
Месяц таму мы гулялі з жонкай і сынам па Ангельскай набярэжнай — адной з самых прыгожых і даўгіх вуліц у Эўропе на беразе мора, дзе найвялікшай пагрозай былі равэрысты, якія са сьвістам праляталі міма.
Тэракт зьмяніў будучыню гэтага месца — ужо ніколі не прайсьці каля каляровай скульптуры джазмэна ля гатэлю «Нэгрэска» без узгадкі пра трагедыю, сьпісаную з паветранай атакі на Нью-Ёрк у 2001.
Атака таксама зьмяніла мінуласьць — старыя здымкі цяпер глядзяцца праз рамку сьмерці, успаміны пакрываюцца расколінамі, мора плача.
Цешыць, што падарыў знаёмай кветкі пры сустрэчы. Гэта не зьмянілася.