Як сказаў Свабодзе кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Віктар Марчык, людзі вельмі ахвотна падтрымліваюць Івана Шэгу — вядомага ў горадзе доктара-траўматоляга.
«Ён вельмі вядомы чалавек — і як палітык, і як доктар. Усе ведаюць яго толькі з найлепшага боку. Таму і падпісваюцца зь вялікай ахвотай».
Збор подпісаў праходзіў па хатах, але ў Слоніме стаіць і некалькі пікетаў у падтрымку Івана Шэгі.
Віктар Марчык адзначае, што цяпер, калі подпісы сабраныя, можна сканцэнтравацца на выездах у вёскі і пікетах з вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў.
Яны, дарэчы, выклікаюць у тых, хто падтрымлівае Івана Шэгу, толькі станоўчыя эмоцыі:
«Са сьцягам ніякіх праблем няма, усе ведаюць, што Шэга за бел-чырвона-белы сьцяг. Праўда, ёсьць моладзь, якая ня ведае, што гэта за сьцяг. Пытаюцца — мы тлумачым».
Віктар Марчык кажа, што ў Слоніме ня вераць у перамогу Івана Шэгі на выбарах:
«Людзі адкрыта кажуць, што Шэгу не прапусьцяць у парлямэнт — ён жа столькі разоў ужо балятаваўся і на мясцовых, і на парлямэнцкіх выбарах. Столькі падтрымкі перад выбарамі, а вынікі пасьля ўсім вядомыя».
Пасьля таго, як у 2013 годзе Івану Шэгу не працягнулі кантракт у слонімскім шпіталі, ён заснаваў http://www.svaboda.org/a/25100029.html прыватную мэдычную кансультацыю «Шэгамэдкансульт», у якой дапамагае людзям, якім патрэбная дапамога ў галіне траўматалёгіі.