Апошнім часам гэтае пытаньне завіравала вакол мяне значна больш інтэнсіўна. Запытаўшы мабільнага апэратара пра свой балянс, і тое атрымаў дадатковую прапанову: «Падавайся на карту паляка. Першыя два дні бясплатна адкажам на пытаньні. Наступныя – па 1360 р. на дзень».
Вечна вясёлы сусед, які часам падкідаў мяне да працы на сваёй машыне, аднойчы праседзеў усю дарогу ў маўчаньні, а тады раптам спытаўся: «Ты ж разумны, можа, ведаеш, дзе ўзяць даведкі па Чэрвеньскім раёне, калі ў тамтэйшым загсе пажар быў?» «Можа, у Нацыянальным архіве, – кажу. – А нашто табе?» «Думаю на картку паляка запісвацца. У нас жа тут раней Польшча была. Трэба валіць адсюль».
На жаль ці на шчасьце, не было ў Чэрвеньскім раёне Польшчы, і замест жаўнераў Пілсудзкага да 1939 году гогалем хадзілі па тутэйшых вулках савецкія ўрадоўцы. Дакумэнтаў пра польскае грамадзянства сваіх вясковых дзядоў і бабуль мой сусед ня знойдзе. Але накірунак думак зразумелы: палова краіны жыла ж некалі «за палякамі», і тэарэтычна кожны заходнік-беларус можа надыбаць пачак даведак з розных устаноў, дзе ў часы ІІ Рэчы Паспалітай ягоныя сваякі стаялі на ўліку. І – «падацца на картку».
У Менску цяпер гэта нядрэнны бізнэс. Дастаткова ўвесьці ў пошук «знайсьці польскія карані», і вам выдадуць цэлы шэраг фірмаў-пасярэднікаў. Тут жа знойдзецца плойма форумаў з практычнымі рэкамэндацыямі, як стацца палякам дзякуючы выбарам у польскі сэйм 1930-х гадоў і вайсковаму прызыву 1939-га. Недарэмна ж «дзяды ваявалі»!
Як піша прэса, да 2015 году карту паляка атрымала ўжо з паўтары сотні тысяч чалавек з краінаў былога СССР. Тройка найбольш актыўных у гэтым пляне: беларусы (76 тыс.), украінцы (70 тыс.) і літоўцы (6 тыс.). Заўважым, што пры 45 мільёнах насельніцтва, ва ўмовах рэальнай вайны на ўсходзе, Україна ўсё ж істотна прайграе Беларусі ў колькасьці картак «przynależności do narodu polskiego».
Зь юрыдычнага боку ўсё выглядае прыстойна: у Беларусі тры адсоткі насельніцтва пішуць сябе палякамі. Гэта недзе 300 тысяч чалавек (праўда, у афіцыйным бюлетэні МЗС Польшчы пададзена лічба ў 900 тыс. Што кепскага ў тым, калі яны, узяўшы дапамогу ад роднай (польскай) дзяржавы, запішуць сябе палякамі яшчэ раз, атрымаўшы заадно бясплатныя візы, сякія-такія льготы пры пераходзе мяжы, перасоўваньні па Польшчы, наведваньні музэяў? Пакуль лічба картак не перасягнула 300-тысячны бар’ер, фармальных падстаў для хваляваньня нібыта й не існуе.
Хвалюе хіба найноўшая актывізацыя і добрая піяр-кампанія: ці то «сфабрыкавалі» іх у Польшчы, ці то попыт на атрыманьне карткі настолькі шалёны, што ўсе турфірмы, візавыя цэнтры і прыватныя памагатыя ўключылі пытаньне пра польскія карані ў свае прайсы й бізнэс-пляны.
Напрыканцы 2015-га было абвешчана пра абнаўленьне закона пра карту паляка. Укінулася й замануха, што кожнаму паляку-вяртанцу (у тым ліку і на кожнага зь дзяцей) польскі ўрад узычыць 5400 эўра. У красавіку 2016-га гэтая сума акуратна ператварылася ў 140 эўра цягам першых дзевяці месяцаў пражываньня ў Польшчы. Але праблема наагул ня ў эўрах і ня ў тым, што ручаінка міграцыі зь Беларусі на Захад забруіла мацней. Папросту ў сувязі з Польшчай яна (побач з зусім зразумелай міграцыяй палякаў) спалучана з адмовай беларусаў ад сваёй нацыянальнасьці. Дзеля бясплатнай візы.
Калі «падаесься на картку», абавязаны напісаць заяву, што належыш да польскай нацыі – у прысутнасьці супрацоўнікаў кансуляту. Цікава, што тыя супрацоўнікі адчуваюць, рэгулярна прымаючы безь перабольшаньня сотні заяваў ад шараговых заўсёднікаў беластоцкага гіпэрмаркету Atrium Biała? Спачуваньне? Гідлівасьць? Ня ведаю. Але памятаю, якім глыбокім і доўгім позіркам агледзеў у аўтобусе «Гродна-Беласток» польскі памежнік жанчын на пярэдніх крэслах, якія, толькі яго ўбачыўшы, закрычалі: «Пан! Пан! Маем карткі паляка!»
Вам калі-небудзь хацелася ўцячы? Забыць шансон, беляшы й чабурэкі, БТ, РТР і БРСМ, мянтоў на ўваходзе ў мэтро і хамаватых прадавачак у краме? Гэта нармальна. Зьяжджаць – таксама нармальна, але не цаной адмаўленьня ад нацыянальнасьці. Цяпер шмат мігруе ў Польшчу ўкраінцаў, пісьменьнік Юры Андруховіч нават назваў гэты рух «Экзодусам». Аднак яны працягваюць заставацца там украінцамі, не гуляючы ў гульні з ідэнтычнасьцю.
Нядаўна на адных курсах, дзе працуе знаёмая, прэтэндэнт на «картку» з радасьцю паведаміў, што знайшоў у дзедавым архіве даведку: польская армія рэквізуе з гаспадаркі каня. На яго думку, гэтага павінна хапіць для кансуляту – вернасьць Пілсудзкаму і памянёная «przynależnośc» дакумэнтальна засьведчаныя. Хацелася б верыць, што польская ўлада будзе футболіць такіх перабежчыкаў ісьляндзкай ударнай нагой, а ня проста грэбсьці сабе «белых эмігрантаў», запаўняючы параграф на міграцыю.
Бо ў цьвёрдасьць нацыянальнай пазыцыі беларусаў вера паціху зьнікае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.