Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букоўскі: «Эўразьвяз — монстар». Леві: «Brexit — перамога тупога нацыяналізму». Рэзкія «за» і «супраць»


Эўразьвяз — вялізная і шалёна дарагая бюракратычная структура, якая нагадвае Савецкі Саюз, перакананы пісьменьнік і публіцыст Уладзімір Букоўскі, які больш за 40 гадоў жыве ў Англіі. «Brexit» — гэта перамога не народа, а папулізму. Ня дэмакратыі, а дэмагогіі«, — меркаваньне францускага філёзафа Бэрнара Анры-Леві.

Эўразьвяз — вялізная і шалёна дарагая бюракратычная структура, якая нагадвае Савецкі Саюз. Вялікабрытанія нарэшце гэта зразумела і прагаласавала за выхад з ЭЗ, які асуджаны на развал, перакананы пісьменьнік і публіцыст Уладзімір Букоўскі, які больш за 40 гадоў жыве ў Англіі. У сваёй аўтарскай калёнцы для выданьня «Гордан» былы савецкі дысыдэнт тлумачыць, чаму ўсім, акрамя Расеі, ад развалу Эўразьвязу будзе толькі лепш.

Уладзімір Букоўскі
Уладзімір Букоўскі


Я неаднаразова за апошнія 15 гадоў выступаў за выхад Вялікабрытаніі зь Эўрапейскага саюзу. Вядома ж, я рады выніку рэфэрэндуму, на якім амаль 52% грамадзян прагаласавалі за расстаньне з ЭЗ. Чаму рады? Таму што Эўразьвяз — вялізная і шалёна дарагая бюракратычная структура, якая нагадвае Савецкі Саюз. Сыстэма, варожая для людзей. І людзі ў канчатковым выніку гэта зразумелі і прагаласавалі.

Эўразьвяз, гэты монстар, пазбаўляў грамадзян Вялікабрытаніі масы правоў, спрабаваў зрабіць з нас правінцыю.

Эўразьвяз, гэты монстар, пазбаўляў грамадзян Вялікабрытаніі масы правоў, спрабаваў зрабіць з нас правінцыю. ЭЗ кіруецца дэкрэтамі, а не дэмакратычнымі прынцыпамі, і даўно ператварыўся ў зусім бессэнсоўную сацыялістычную структуру, якая каштуе шалёных грошай. Па самых сьціплых падліках, сяброўства ў Эўразьвязе каштуе Вялікабрытаніі 60 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў у год! Пры гэтым Брусэль пастаянна ўказвае Вялікабрытаніі, як жыць, што рабіць, якія законы прымаць, спрабуе дэмантаваць ангельскую сыстэму правасудзьдзя.

Што тычыцца Ўкраіны і яе пэрспэктыў членства ў ЭЗ... Я заўсёды казаў, але вельмі акуратна, каб не пашкодзіць Эўрамайдану: арыентацыя Ўкраіны на Эўразьвяз ад самага пачатку была памылкай. Спадзяюся, самі ўкраінцы жадаюць ня столькі сяброўства ў ЭЗ, а менавіта стаць паўнавартаснай часткай эўрапейскай садружнасьці як такой зь яе лібэральнымі каштоўнасьцямі. Іронія лёсу ў тым, што ледзь пазбавіўшыся ад ярма Савецкага Саюзу, Украіна тут жа пачала прасіцца ў Эўразьвяз — эквівалент СССР. Гэта дзіка і недарэчна!

Калі Ўкраіна хоча быць краінай з эўрапейскімі каштоўнасьцямі — гэта зразумела і слушна. Але пры чым тут такое сацыялістычнае вынаходніцтва як Эўразьвяз? ЭЗ даўно стаў асобнай дзяржаўнай структурай савецкага ўзору. Я калісьці і ў Польшчу езьдзіў, угаворваў палякаў не ўступаць у Эўразьвяз. Не паслухалі, уступілі — атрымайце. Людзі ня хочуць думаць, мяне гэта зьдзіўляе. А тут жа думаць трэба ў межах табліцы множаньня, гэта не біном Ньютана, усё проста!

Украінская палітычная эліта нічога ня вартая, ганіце яе ў шыю!

Украіне цяпер трэба засяродзіцца на ўласнай эканоміцы, а ня вохкаць з нагоды крызысу ў Эўразьвязе. Ваша эканоміка не працуе. Украіне трэба нарэшце пачаць нешта вырабляць і зарабляць грошы. Нельга пастаянна сядзець на крэдытах, гэта варʼяцтва і глупства! Вы можаце прыцягнуць велізарны інвэстыцыйны капітал, гэтых грошай вам хопіць на ўсё: рэформы, перабудова, разьвіцьцё. Але Ўкраіна сядзіць і нічога ня робіць! Мяне гэта больш за ўсё ўражвае. Вам варта зьмяніць палітычную эліту, яна па сутнасьці сваёй савецкая, а калі ў чым і праяўляе прафэсіяналізм, так толькі ў крадзяжы і карупцыі. Украінская палітычная эліта нічога ня вартая, ганіце яе ў шыю!

Францускі філёзаф Бэрнар-Анры Леві апублікаваў у Le Monde апртыкул «Дзіўная параза ў Лёндане» («Etrange défaite à Londres» , у якім даў рэзкія ацэнкі вынікам рэфэрэндуму ў Вялікай Брытаніі.

Бэрнар-Анры Леві
Бэрнар-Анры Леві


«Brexit» — гэта перамога не народу, а папулізму. Не дэмакратыі, а дэмагогіі. Гэта перамога жорсткіх правых над памяркоўнымі правымі, радыкальных левых — над лібэральнымі левымі.

Іншымі словамі, гэта перамога самых замшэлых прыхільнікаў незалежнасьці і самога тупога нацыяналізму. Гэта перамога пакрытай цьвільлю Англіі над Англіяй, якая адкрытая сьвету і якая прыслухоўваецца да свайго слаўнага мінулага«, — лічыць Леві.

Ён перакананы, што Brexit — гэта «перамога Дональда Трампа (які першым, або адным з першых, вітаў гэтае гістарычнае галасаваньне) і Пуціна (для якога распад Эўразьвязу — мара, і, верагодна, адзін з яго праектаў)».

«У Францыі — гэта перамога Ле Пэнаў і іншых Мэляншонаў, якія мараць аб францускім варыянце Brexit, — працягвае Леві. — У Цэнтральнай Эўропе — гэта перамога тых, хто атрымаў дывідэнды ад Эўропы, а цяпер гатовы яе зьліквідаваць».

Гэта вечная перамога невуцтва над адукацыяй. Кожны раз зьдзяйсьняецца перамога дробнага над вялікім, ідыятызму над розумам

«Паўсюль гэта перамога тых, хто толькі і чакаў нагоды выблытацца з эўрапейскіх непрыемнасьцяў, выйшаўшы сухім з вады, гэта толькі пачатак працэсу распаду, і цяпер ніхто ўжо ня ведае, што можа яго спыніць, — піша Бэрнар-Анры Леві. — Гэта вечная перамога невуцтва над адукацыяй. Кожны раз зьдзяйсьняецца перамога дробнага над вялікім, ідыятызму над розумам».

«Гэты дзіўны правал, — піша Бэрнар-Анры Леві, — нагадвае карціну, калі зьнямоглае цела насьміхаецца над сваёй душой, над сваёй гісторыяй, над сваім пакліканьнем».

Немалую частку віны Бэрнар-Анры Леві ўскладае і на эўрапейскіх лідэраў.

«Вялікабрытанія адварочваецца ад уласнай велічы», — лічыць Бэрнар-Анры Леві.

Бэрнар-Анры Леві — адзін з заснавальнікаў школы «Новай філязофіі». Вядомы як крытык «сучаснага марксізму», удзельнічаў у выбарчых кампаніях сацыяліста Франсуа Мітэрана. Выступае супраць радыкальнага ісламскага фундамэнталізму, у 2005 годзе сумесна з Салманам Рушдзі выдаў маніфэст «Разам супраць новага таталітарызму». У студзені 2014 году выступіў у Кіеве на Майдане з прамовай «Мы ўсе — украінцы», заклікаў эўрапейскіх спартоўцаў байкатаваць Алімпіяду ў Сочы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG