Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі сход: курсам наперад-назад


«Чарговы зьезд КПСС» — так ахрысьцілі многія назіральнікі Ўсебеларускі народны сход, які прайшоў у Менску на гэтым тыдні. Цікава, што ў сваім выступе на другі дзень сходу зь імі пагадзіўся і прэзыдэнт Лукашэнка, адзначыўшы, што традыцыю менавіта гэтых патасных мерапрыемстваў цяперашняя дзея і працягвае.

Варта дадаць, што не адна яна. Ніводная постсавецкая краіна ня можа цягацца з Беларусьсю багацьцем савецкага антуражу — ад звароту «таварышы» да дызайну паркавых агароджаў. Ня толькі ва Ўкраіне, якая зрынае Леніных, але і ў лютай сярэднявечнай узбэцкай дэспатыі, і ў сэрцы былой «чырвонай імпэрыі» Маскве такой канцэнтрацыі савецкасьці няма і блізка.

Ну, а ў Беларусі — вось так. Рытуал? Дык брытанская манархія, скажам, таксама рытуал, і больш старамодны, чым зьезды КПСС. Пакуль людзі вераць у яго, ён — не набор бессэнсоўных і дарагіх рухаў цела, а сродак кансалідацыі грамадзтва.

Ці працягваюць людзі верыць у рытуал Усебеларускага сходу — рэінкарнацыі зьездаў КПСС? Улада верыць, што працягваюць.

Аднак варта заўважыць, што за кулісамі партыйных зьездаў часам віравалі зусім шэксьпіраўскія жарсьці, бывала, што і на саміх зьездах аб’яўляўся круты паварот палітыкі — адзін ХХ зьезд чаго варты.

Ну, а на цяперашнім сходзе — ці адбылося нешта падобнае?

У пэўнай ступені так. На папярэдніх падобных мерапрыемствах значную іх частку займалі праклёны на адрас «нашых замежных ворагаў», якія хочуць у нас усё падарваць, разбурыць, разрабаваць і саштурхнуць беларускі народ з раз і назаўсёды абранага шляху. Словам, «монстар-НАТО падпаўзае да нашых межаў». Цяпер, мяркуючы па дакладзе прэзыдэнта, ніякага падпаўзаньня не назіраецца.

У дакладзе была прапанаваная формула, відавочна разьлічаная ня толькі і ня столькі на айчынных слухачоў: маўляў, нармалізуем адносіны да ўзроўню, які ёсьць з Захадам у Армэніі, Казахстану, Расеі.

Не, было сказана, што сьвет неспакойны, барані Бог што можа адбыцца, але гэта неспакой не пэрсаналізаваны. З Захадам — ​Эўропай і ЗША — адбываецца нармалізацыя. У дакладзе была прапанаваная формула, відавочна разьлічаная ня толькі і ня столькі на айчынных слухачоў: маўляў, нармалізуем адносіны да ўзроўню, які ёсьць з Захадам у Армэніі, Казахстану і той жа Расеі.

Маўляў, Расея ж не ўцякае ад сябе, працягваючы, нягледзячы на канфлікты, падтрымліваць з Захадам нармальныя адносіны. Вось і мы ні ад каго не ўцякаем, жадаючы адносінаў такіх жа нармальных, у прыватнасьці, стандартнай дамовы аб супрацоўніцтве з ЭЗ, якую Расея мае з пачатку 90-х. Ну, а далей будзе бачна.

На папярэдніх форумах накшталт цяперашняга сходу часткай абавязковай праграмы была ладная порцыя абразаў на адрас айчыннай апазыцыі, бяз згадак пра «пятую калёну», якая жадае за брудныя заходнія грошы ўкінуць Беларусь у бездань праліцьця крыві, падобныя мерапрыемствы не абыходзіліся. Ну, і Майдан як сымбаль гэтай самай бездані згадваўся да апошняга часу да месца і не да месца. Гэтым разам — ні Майдану, ні «пятай калёны». Можа, нумар памяняўся.

А наконт Майдану, то яго зручна згадваць, калі для яго няма сур’ёзных сацыяльна-эканамічных перадумоў. А ў цяперашнім эканамічным становішчы, магчыма, лепш падобнымі загаворамі не будзіць ліха — можна ж і наклікаць. І не Майдан у аднолькавым разуменьні як айчыннай апазыцыі, гэтак і айчынных спэцслужбаў — як нешта, што хтосьці арганізоўвае і што можна прадухіліць спэцапэрацыямі.

На папярэдніх форумах часткай абавязковай праграмы была ладная порцыя абразаў на адрас айчыннай апазыцыі. Гэтым разам — ні Майдану, ні «пятай калёны».

Што ж тычыцца таго самага сацыяльна-эканамічнага становішча, то гэты сюжэт, мабыць, самы цікавы.

Варта трохі вярнуцца ў перадгісторыю. Незадоўга да пачатку сходу ў «Советской Белоруссии» зьявіўся артыкул былога памочніка прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Сяргея Ткачова, які лічыць галоўным захавальнікам чысьціні айчыннай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. У ёй аўтар абрынуўся з рэзкай крытыкай на тую самую ўрадавую праграму разьвіцьця краіны да 2020 году, якая і была вынесеная на абмеркаваньне (ці «абмеркаваньне») Усебеларускага сходу і на якой, уласна кажучы, і быў заснаваны даклад прэзыдэнта.

Ткачоў ўсё ж былы чыноўнік, ну, а аўтары маладзейшыя і ў выданьнях сьціплейшых (значна сьціплейшых) атакавалі лібэральную ўрадавую «контру» ў куды больш агрэсіўнай манеры ( гл. напрыклад http://imhoclub.by/ru/material/nevidimie_lovushki?userlast=5419 і http://imhoclub.by/ru/material/kamo_grjadeshi_belarus).

І ня ў тым справа, што адстаўны чыноўнік і маладыя айчынныя адэпты «кіраванай эканомікі» такія ўжо ўплывовыя самі па сабе. Хутчэй не, чым так. Проста яны ў навукападобнай (а часам і ня вельмі) форме прагаворваюць тое, што Аляксандр Лукашэнка і сам думае. Можна звольніць Ткачова, самога сябе ня звольніш.

Але і іншую сваю іпастась прэзыдэнт ужо таксама «звольніць» ня можа. У дакладзе на сходзе ён прызнаўся, што некаторыя людзі ва ўрадзе, а часам і ўвесь урад пастаянна прапануюць яму нейкія радыкальныя ідэі.

І адстаўны чыноўнік і маладыя айчынныя адэпты «кіраванай эканомікі» прагаворваюць тое, што Аляксандр Лукашэнка і сам думае.

А ўрад-та хто сфармаваў? А праграму гэтага ўраду, заклеймаваную Ткачовым, хто агучыў?

Дарэчы, шкада, што той жа Ткачоў і маладыя змагары з «лібэральнай заразай» ня мелі магчымасьці выступіць на тым жа сходзе са сваім крэда, уступіць у палеміку з урадавымі лібэраламі, скажам, з тымі ж Кірылам Рудым і Васілём Мацюшэўскім.

Зрэшты, гэта і называецца дэмакратыяй. А сход, як і зьезд КПСС — гэта іншы жанр, іх супакойваючае, рытуальнае ўзьдзеяньне абумоўлена як раз іх могілкавым спакоем і аднадушнасьцю.

Запал, сутыкненьне інтарэсаў — як і пры дэмакратыі, толькі пад дываном, у цішы кабінэтаў, замест публічнай барацьбы — кулюарная барацьба за вярхоўнае вуха.

А вуха два, яны чуюць і тых, і іншых. Плюс асабісты вопыт, у рамках якога зьезд КПСС — гэта выдатная рэч.

Гэтыя пакуты былі вельмі бачныя ў дакладзе. Агульны пасыл — ніякага радыкалізму, ніякай ломкі, «распрануцца і працаваць». Але разам з тым — без расшыфроўкі: патрэбна фінансавая стабілізацыя, інфляцыя не вышэй за 5% на год.

Агульны пасыл — ніякага радыкалізму, ніякай ломкі. Але разам з тым — без расшыфроўкі: патрэбна фінансавая стабілізацыя, інфляцыя не вышэй за 5% на год. Гэта хіба ня ломка?

Добрая рэч, але яна нечага каштуе. Гэта азначае, што Нацбанк сьціскае грашовую масу, заробкі не растуць, а тое і падаюць, людзей звальняюць, рубель ня падае — у прадпрыемстваў крызыс збыту. І такую палітыку НББ пачаў праводзіць параўнальна нядаўна. А гэта хіба ня ломка?

Вельмі элегантна згадаў прэзыдэнт і два нядаўнія капітальныя рашэньні ў сацыяльнай сфэры. Было сказана пра безнаяўныя камунальныя субсыдыі, і так між іншым патлумачана, што гэта ў сувязі з падвышэньнем камунальных тарыфаў. І наконт давядзеньня ўзроўню пэнсіяў да 40% ад заробку — ну, гэта ў сувязі з падвышэньнем пэнсіённага ўзросту.

У салодкай абалонцы — даволі горкія лекі. А гэта ня ломка? Не, ломкі не дазволім, касьцямі ляжам. А гэта так — рабочыя моманты, не зьвяртайце ўвагі. Такое заклінаньне зьмеяў.

Даволі дасьціпна некаторы час таму ахарактарызаваў гэтую тактыку ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды: «Мы праводзім рэформы, мы іх толькі так не называем».

Але на самой справе мантры наконт «не дапусьцім ломкі» — гэта ня толькі маскіроўка і дымавая заслона. Гэта ваганьні, шараханьне, барацьба з самім сабой.

Небеспадстаўныя, наогул кажучы.

Кірыл Руды: «Мы праводзім рэформы, мы іх толькі так не называем».

Прэзыдэнт у сваім дакладзе, зьвяртаючыся да залі, сказаў — я-та да рэформаў гатовы, а вось народ, а вось вы — гатовыя? Як у клясыка — народ маўчаў. А цікава было б, калі б заля хорам адказала: «Так, Аляксандр Рыгоравіч, з Вамі на ўсе гатовыя, зачакаліся ўжо рэформаў».

Зрэшты, калі б гэтай залі загадалі, то так бы і адказала. Зьезд КПСС — ён зьезд КПСС і ёсьць. Але не загадалі.

Хоць, мяркуючы па ўсім, у прэзыдэнта ёсьць асьцярогі, што калі ламаць і далей, то адкажа ня заля і ня маўчаньнем. Вось Назарбаеў прыняў дастаткова лібэральнае, разумнае быццам бы рашэньне па арэндзе зямлі замежнікамі. Амаль бяз ломкі. І ўсё ж у яго схоплена, не дэмакратыя, дзе «гвалтам крычаць», парадак прыкладна як у Беларусі. Але як нядобра атрымалася.

А пры дэмакратыі лепш? Вырашыў францускі ўрад павысіць канкурэнтаздольнасьць, даць крыху больш правоў працадаўцам, крыху прыціснуць наёмных работнікаў. І краіну каторы месяц каўбасіць ад страйкаў.

Лукашэнку гэта трэба?

Пра тое, што Лукашэнка сам для сябе не зрабіў выбар, сьведчаць ягоныя словы, што прынятая аднадушна праграма — ня догма, што жыцьцё можа нешта падкарэктаваць.

Тым больш, што Алянд і Назарбаеў, можна меркаваць, вераць у дабрадзейнасьць тых мераў, дзеля правядзеньня якіх яны супрацьстаяць народнаму абурэньню. А Лукашэнка і сам па сабе ня надта верыць у тое, што прапануе яму ўрад. А здарыцца ў Беларусі нешта падобнае казахстанскаму ці францускаму сьвяту непаслушэнства — не спэцыялістам па каэфіцыентах манэтызацыі зь імі разьбірацца.

Але калі нічога кардынальна не мяняць, а даваць пабольш грошай на ўсякага кшталту індустрыяльныя прарывы ды чыноўнікаў пабольш падганяць, то вынік можа атрымацца той жа самы. Прывітаньне, Парыж. Магчыма, пазьней. Магчыма, пры гэтым, круцей.

Трымае ж Лукашэнка дзеля нечага такі непаслухмяны ўрад.

Аднак, варта заўважыць, што падыходы як ранейшага, так і цяперашняга яго памочнікаў, як Сяргея Ткачова, так і Кірыла Рудога, маюць адну агульную перавагу — яны даволі цэласныя і пасьлядоўныя. Спроба іх неяк сумясьціць, скрыжаваць — цалкам вытлумачальная палітычна, але эканамічна можа прывесьці да спалучэньня адмоўных бакоў абодвух падыходаў.

Пра тое, што Лукашэнка сам для сябе не зрабіў выбар, сьведчаць ягоныя словы пад заслону сходу, што прынятая аднадушна праграма — ня догма, што жыцьцё можа нешта падкарэктаваць.

Мяркуючы па ўсім, і шмат што можа падкарэктаваць.

Ну, а навошта, ня вырашыўшы для сябе, куды ісьці і куды весьці, было склікаць гэта пышнае дзейства? Ну так зьезд КПСС жа. Традыцыя.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG