Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі Сход як народная казка і рытуал


Навошта Аляксандру Лукашэнку гэтак неабходны Ўсебеларускі сход? Наколькі рэалістычныя парамэтры, якія закладзеныя ў новую праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны? Ці будзе хто-небудзь адказваць за іх невыкананьне?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітычны аглядальнік Тут.бай Арцём Шрайбман і намесьнік старшыні АГП Леў Марголін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі 17 чэрвеня «Асноўныя палажэньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады», якая будзе прынятая на пятым Усебеларускім народным сходзе. У традыцыях гэтых Сходаў тэрмін праграмы пазначаецца азначэньнем «пятая пяцігодка».

Навошта ўвогуле ўладзе гэтае палітычнае мерапрыемства? Чаму Лукашэнка вяртаецца да гэтай формы?

Шрайбман: Традыцыйны гэтая форма квазі-народаўладзьдзя яму была патрэбная для сваёй легітымізацыі. Бо Лукашэнка грунтуе сваю легітымнасьць на «народнай падтрымцы», яму не настолькі патрэбная падтрымка партыяў, парлямэнтаў, палітычных сілаў — бо ён «народны прэзыдэнт». Прынамсі, ён стварае такі імідж. Таму кожныя 5 гадоў яму трэба было гэтую падтрымку замацоўваць.

Гэтай восеньню перад выбарамі па відавочных прычынах Сход ня сталі праводзіць. Бо давялося б пераважна апраўдвацца, бо ніякіх асаблівых дасягненьняў, асабліва ў эканамічным разьвіцьці, не было.

Чаму вырашылі ўвогуле не адмяняць? Бо адмена Сходу стала б непрыемным і празрыстым сыгналам для намэнклятуры. Звычайна гэта людзі ляяльныя да ўлады, і важна ў іх галовах захоўваць нейкі вобраз таго, што ўлада ведае, што робіць, не разгубленая, не здаецца перад часовымі цяжкасьцямі. І вось каб ня даць ім расслабіцца, апусьціць рукі, засумнявацца — і праводзіцца гэты Сход. Асноўны ягоны адрасат — гэта намэнклятура ўсіх узроўняў, а не народ у цэлым.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Цыганкоў: То бок гэтае мерапрыемства праводзіцца для падтрыманьня дысцыпліны і тонусу ў намэнклятуры? Але — ці значыць гэта, што ў Лукашэнкі ёсьць сумневы ў настроях гэтай групы?

Шрайбман: Пытаньне ў тым, што калі Сход не праводзіць, то тады ў «государевых людзей» (як яны самі сябе называюць) маглі б зьявіцца пытаньні, ці не згубіў Аляксандар Рыгоравіч упэўненасьці ў вернасьці свайго курсу, ці не адбываецца з краінай нешта некантраляванае. А так — «усё ідзе за плянам», сытуацыя пад кантролем, і трэба выключыць любы пэсымізм.

Марголін: На мой погляд, Лукашэнку ўжо даўно не патрэбная падтрымка насельніцтва, народу. Яму трэба падтрымка сілавых органаў, намэнклятуры. Гэта пераважна традыцыйнае мерапрыемства, разам з парадамі, «Дажынкамі» — такая ідэалягічная аснова дзяржавы. І таму, калі раптам яго не праводзіць — гэта нарадзіла б непатрэбныя думкі ў галовах намэнклятуры.

Цыганкоў: А што — на гэтым Сходзе апраўдвацца не давядзецца? Народ ужо забыў, што на мінулым Сходзе абяцалі заробак ў 2016 годзе тысячу даляраў? Пра гэта ніхто не ўзгадае?

Леў Марголін
Леў Марголін

Марголін: Справаздачу Лукашэнка павінен быў рабіць падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Але ён гэта адмяніў. А цяпер гэта будзе проста нарад службоўцаў. Тыя, хто можа задаваць нязручныя пытаньні, усё роўна на гэты Сход ня трапяць?

Цыганкоў: Якія вашы асноўныя ўражаньні пра апублікаваную праграму? Нейкія прыгожыя і лібэральныя словы там ёсьць. Ці азначае гэта, што праграма — гэта пэўны кампраміс паміж умоўнымі «кансэрватарамі» і «лібэраламі» ў атачэньні Лукашэнкі?

Шрайбман: Мне здаецца, Лукашэнка яшчэ ня ў тым стане, каб шукаць кампраміс паміж нейкімі «рэфарматарамі» і «кансэрватарамі». Пакуль што, мне здаецца, гэта яны павінны шукаць кампраміс паміж сваімі ідэямі і поглядамі кіраўніка краіны.

Калі ж казаць пра апублікаваную праграму — то, мне здаецца, гэта вельмі папулісцкі дакумэнт, які наўрад ці будзе выкананы. Асабліва ў частцы эканамічнага росту: там называюцца лічбы 14-15 працэнтаў росту да 2020 году, сумарны эканамічны рост. Я, калі шчыра, не ўяўляю, як гэтыя лічбы могуць быць дасягнутыя, улічваючы сёньняшнюю рэцэсію. Паводле прагнозаў, мы можам толькі выйсьці на стагнацыю недзе ў 2017-18 годзе.

Добра, што ў праграме зьяўляюцца такія словы, як «лібэралізацыя фінансавага рынку», «прыцягненьне інвэстыцыяў». Але гэтыя пункты ўжо трэцюю пяцігодку гучаць у праграмах, якія агучваюцца кіраўніцтвам краіны. Мы ж разумеем, што прынцыповае рашэньне аб лібэралізацыі эканомікі пакуль не прынятае. Калі яно будзе прынятае — мы гэта ўбачым не па такіх тыпавых праграмах.

Мне здаецца, што такія празьмерна аптымістычныя пляны зноў-такі закліканыя не даваць намэнклятуры расслабляцца. У нас любыя пляны звычайна потым карэктуюцца, а іхні правал тлумачыцца зьнешнімі прычынамі. Але калі загадзя паставіць рэалістычную плянку чыноўнікам — то яны будуць думаць, што і гэтую плянку потым панізяць. Таму варта ставіць завышаныя задачы, каб чыноўнікі хаця б спрабавалі яе дасягнуць, працавалі на максымуме.

Цыганкоў: Дык ці мае гэтая праграма нейкае дачыненьне да рэальнасьці?

Марголін: Ніякага. Гэта народная казка, гэта рытуал, які трэба захоўваць. Урад, бывае, распрацоўвае рэалістычныя праграмы, але потым, калі яны сустракаюцца з Лукашэнкам, то яны адразу пахаваныя. Ніякіх 12-15 працэнтаў росту ВУП немагчымыя. «Стварэньне паўнавартаснага фінансавага рынку» таксама немагчыма, бо не ідзе ніякай гаворкі пра прыватызацыю. Які можа быць фінансавы рынак, калі большасьць маёмасьці прыналежыць дзяржаўнаму сэктару? «Разьняволеньне дзелавой ініцыятывы» таксама казка, бо для гэтага трэба мяняць палітычны лад, судовую сыстэму.

Мяне ўразіла адно ў гэтай праграме — «вызваленьне ад дэкляраваньня грошай, якія ўжо ўкладзеныя ў будаўніцтва жыльля». Гэта значыць, што ўсе чыноўнікі, якія пабудавалі палацы, ужо ня будуць даваць справаздачу, адкуль яны ўзялі грошы.

Галоўнае супярэчаньне — жорсткая фінансавая палітыка і рост ВУП. Але, паколькі ў нас няма істотных замежных інвэстыцыяў, то пры такой жорсткай грашовай палітыцы няма адкуль расьці ВУП.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG