На мінулым тыдні стала вядома, што Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псэўданімам Jhon Silver экстрадаваны ў Беларусь з Расеі і знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Менску. Калі адбыўся ягоны этап у Жодзіна, невядома.
Адвакатка Пальчыса Ганна Бахціна паведаміла Радыё Свабода, што дагэтуль пазбаўленая магчымасьці сустрэцца са сваім падабаронным.
9 чэрвеня пад сьценамі СІЗА № 1 адбыўся пікет салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам.
Раней Сьледчы камітэт паведаміў Радыё Свабода, што ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласьці паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.
«Вызначана, што падсьледны, зьяўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, разьмяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальваньня нацыянальнай варожасьці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зьместу. Гэта пацьвярджаецца вынікамі праведзеных экспэртызаў», — паведамілі ў СК