Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што прадухіліла 15 тэрактаў ў Францыі, якія плянаваліся напярэдадні і падчас чэмпіянату Эўропы па футболе.
Раней паведамлялася, што грамадзянін Францыі, які мог плянаваць тэракты напярэдадні Эўра-2016, быў затрыманы на ўкраінска-польскай мяжы. У аўтамабілі падазраванага знайшлі тры гранатамёты, больш за 100 кг выбухоўкі, дэтанатары і некалькі аўтаматаў Калашнікава.
Паводле словах кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Васіля Грыцака, затрыманы ва Ўкраіне француз плянаваў падарваць ў Францыі мячэць, сынагогу, падатковую інспэкцыю і пункты назіраньня за аўтабанамі. Затрыманы француз арыштаваны, яму абвешчана аб падазрэньні ў кантрабандзе, тэрарыстычнай дзейнасьці і незаконным абыходжаньні са зброяй.
«У сьнежні 2015 году нам стала вядома аб тым, што ва Ўкраіну прыбыў грамадзянін Францыі. Пад выглядам валанцёрскай дзейнасьці ён пачаў навязваць кантакты з шэрагам прадстаўнікоў вайсковых фармаваньняў на Ўсходзе нашай дзяржавы і абяцаў прывозіць валанцёрскую дапамогу, рыштунак і многае іншае, але ў працэсе далейшых зносін ён пачаў праяўляць цікавасьць, дзе можна ва Ўкраіне закупіць зброю, выбухоўку і іншыя сродкі паражэньня», — заявіў Грыцак на брыфінгу.
«Там вэрсія — расейскі сьлед, яна ўзьнікла амаль у самым канцы, калі паміж ім [затрыманым] і тым, з кім ён кантактаваў у рамках спэцапэрацыі, якую СБУ арганізавала, ён прапанаваў яшчэ ў прыдачу некалькі тысяч эўра за тое, каб грамадзянін Украіны суправаджаў гэты груз на тэрыторыю Эўропы. Гэта ключавыя рэчы, і менавіта таму мы лічым, што гэта можа быць падстава расейскіх спэцслужбаў», — заявіў Грыцак.
Пра пагрозу тэрактаў у Эўропе летам 2016 году ў канцы траўня заявіў Дзярждэпартамэнт ЗША. У папярэджаньні ведамства гаварылася, што «вялікая колькасьць турыстаў, якія прыяжджаюць у Эўропу ў летнія месяцы, будзе прадстаўляць сабой буйную мішэнь для тэрарыстаў, якія плянуюць напады ў грамадзкіх месцах, асабліва на маштабных мерапрыемствах». Асаблівую ўвагу Дзярждэпартамэнт надаў Эўра-2016, які пройдзе ў Францыі з 10 чэрвеня па 10 ліпеня, і каталіцкаму Сусьветнаму дню моладзі, які пройдзе ў Польшчы ў канцы ліпеня.
У канцы траўня выданьне The Sun паведаміла, што прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» рыхтавалі тэракт падчас матчу зборных Расеі і Ангельшчыны на Эўра-2016. Інфармацыя аб рыхтаваным нападзе, паводле крыніц выданьня ў спэцслужбах, зьмяшчалася ў ноўтбуку Салаха Абдэсалама, датычнага да тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 году.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1