Старшаклясьнікаў зьнялі з апошніх урокаў — абтрасаць і зьбіраць яблыкі ў школьным садзе. Я адзін зь дзяжурных настаўнікаў. Ідучы «тушыць» чарговую сварку, ледзьве пасьпяваю «прытармазіць» — град жоўта-зялёных антонавак з грукатам абрушваецца на дол проста перада мной. Вучань з дрэва выбачаецца: не заўважыў.
А Кіруха — недалёкі, грубаваты бэйбус — зазначае з ухмылкай:
— От шкада, што астанавіліся! Хабы ж ішлі, Ігар Васілявіч!
Кляса падтрымлівае нахабніка сьмехам.
— Ты, Кіруха, — адказваю хлопцу, — сапраўдны дэпутат...
— Пачэму? — робіцца сур’ёзным апанэнт.
— Бо ізноў выказаў тое, чаго твае аднаклясьнікі жадалі моўчкі...
Падміргваю прысутным і працягваю шлях.
«Дэпутатам» Кіруха праходзіць да выпускнога...
Ігар Канановіч
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org