Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка міністра ЖКГ абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай


Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна намесьніка міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Яму прадʼяўлена абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Пра гэта паведамляецца на сайце Сьледчага камітэту.

Усяго па крымінальнай справе прыцягнутыя шэсьць чалавек. Адносна трох зь іх крымінальны перасьлед спынены ў выніку акту амністыі.

Паводле сьледчых, адно з прадпрыемстваў сыстэмы ЖКГ ня выканала дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму ў справе тэхналягічнага абсталяваньня.

«Па названых заданьнях без фактычнага выкананьня работ у 2013 годзе залішне і неабгрунтавана расходаваны сродкі рэспубліканскага бюджэту на суму ў 861 мільён рублёў», — паведамляе Сьледчы камітэт.

Намесьнік міністра ЖКГ арганізаваў складаньне і падпісаньне заведама фальшывых дакумэнтаў аб выкананьні праграмы.

Падчас сьледзтва ўсе фігуранты справы цалкам прызналі сваю віну. Яны раскаяліся і ў поўным абʼёме пакрылі нанесеную шкоду.

Крымінальная справа ў дачыненьні да трох абвінавачаных перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Раней старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што абвінавачаныя зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з хадайніцтвам аб памілаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG