Бізнэсовец зь Пецярбургу перадаваў дарагую нерухомасьць некалькім жанчынам, сярод якіх меркаваная дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Кацярына Ціханава і дзьве сваячкі Аліны Кабаевай.
Бізнэсовец зь Пецярбургу Рыгор Баеўскі, які зьяўляецца партнэрам Аркадзя Ратэнберга, перадаваў дарагую нерухомасьць некалькім жанчынам, сярод якіх меркаваная дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Кацярына Ціханава і дзьве сваячкі былога дэпутата Дзярждумы Аліны Кабаевай. Пра гэта ў чацьвер, 31 сакавіка, паведамляе Reuters.
Акрамя таго, нерухомасьць перадавалася дзяўчыне, якая пазіравала для календара да дня нараджэньня Пуціна, адзначае агенцтва.
Пра тое, што Баеўскі перадаваў або прадаваў нерухомасьць гэтым жанчынам, сьведчаць існуючыя ў адкрытым доступе дакумэнты, адзначае агенцтва. Акрамя таго, Ціханава пры рэгістрацыі новай кампаніі падавала ў якасьці свайго ўласнага адрасу кватэру, якая раней належала Баеўскаму.
Баеўскі пачаў весьці бізнэс з братамі Ратэнбергамі ў 2011 годзе, да 2014 ён працаваў кіраўніком на адным з інвэстыцыйных прадпрыемстваў Аркадзя Ратэнбэрга.
Паводле дадзеных Reuters, кампаніі, саўладальнікам якіх быў Баеўскі, за апошнія два гады атрымалі дзяржзаказы на агульную суму 6 мільярдаў рублёў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў агенцтву, што ў Крамлі ня ведаюць пра тое, хто такі Баеўскі, і Пуціну ён не знаёмы. У сваю чаргу прадстаўнікі Ратэнбэрга адзначылі, што бізнэсовец у іх не працуе, а дадзеныя сьцьвярджэньні назвалі «абсурднымі».
Раней Пяскоў заяўляў, што супраць кіраўніцтва Расеі, у першую чаргу прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, чакаецца «інфармацыйны ўкід». На думку прэс-сакратара прэзыдэнта, гаворка ідзе пра кампанію, зьвязаную са «спробамі разгойдаць абстаноўку ў краіне, дыскрэдытаваць кіраўніцтва краіны, у першую чаргу прэзыдэнта», і такім чынам «аказаць уплыў і на сытуацыю ў краіне, і на хаду выбарчага працэсу».
У лістападзе 2015 году агенцтва Reuters апублікавала расьсьледаваньне пад назвай «Дачка Пуціна, малады мільярдэр і сябры прэзыдэнта». У артыкуле сьцьвярджалася, што кіраўнік навуковай арганізацыі «Иннопрактика», якая працуе на базе МДУ — Кацярына Ціханава — малодшая дачка расейскага прэзыдэнта. На штогадовай вялікай прэс-канфэрэнцыі 17 сьнежня 2015 году Ўладзімір Пуцін адмовіўся адказваць на пытаньне, ці зьяўляецца Ціханава яго дачкой. Ён сказаў, што не абмяркоўвае пытаньні, зьвязаныя зь яго дзецьмі, у тым ліку зь меркаваньняў бясьпекі.