Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Вашчыкоўскага ў Беларусь. Сустрэча з Лукашэнкам, наведваньне Гарадзеншчыны. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Польскі міністар замежных спраў сёньня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, наведаў Горадню і Ваўкавыск.

19:05 23.3.2016

Вітальд Вашчыкоўскі: «Можна сказаць, я тутэйшы»

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі сказаў сёньня побач з помнікам Элізе Ажэшцы ў Горадні, што ён, можна сказаць, тутэйшы. Бо яго мама нарадзілася ў Ваўкавыску, які ён вельмі хацеў наведаць.

Пасьля ўскладаньня вянка да помніка польскай пісьменьніцы міністар адказаў на пытаньні журналістаў.

16:35 23.3.2016

Міністар замежных спраў Польшчы ўсклаў у Горадні вянок да помніка Элізе Ажэшцы

12:40 23.3.2016

Лукашэнка: Свайго не аддамо

«Разам з вамі мы можам згуляць значную ролю, знаходзячыся ў эпіцэнтры эўрапейскага кантынэнту. І разам мы можам значна паўплываць на многія працэсы, якія тут адбываюцца. У нашых інтарэсах, у інтарэсах Польшчы і Беларусі, але ні ў якім разе не на шкоду нашым суседзям», — заявіў Лукашэнка польскаму міністру замежных спраў Вітальду Вашчыкоўскаму.

І дадаў: «Але і свайго мы не аддамо. Гэта ваша пазыцыя, гэта і наша пазыцыя».

12:37 23.3.2016

Вашчыкоўскі: Дыялёг зь Менскам без папярэдніх умоваў

Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсьліў у размове з Лукашэнкам, што новы польскі ўрад лічыць ненармальнай сытуацыю, калі на працягу многіх гадоў Беларусь і Польшча не размаўлялі:

«Таму мы вырашылі без усялякіх папярэдніх умоваў пачаць дыялёг і ўрэгуляваць усе суседзкія адносіны, якія можна будзе вырашыць бліжэйшым часам», — сказаў польскі міністар замежных спраў, якога цытуе БелТА.

12:29 23.3.2016

Лукашэнка: Палякаў ня крыўдзім

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што палякі ў Беларусі карыстаюцца роўнымі правамі зь іншымі нацыянальнасьцямі. Ён дадаў, што і ў пляне рэлігійных пытаньняў беларускую ўладу няма ў чым папракнуць, паколькі ніхто не перашкаджае наведваць чалавеку той храм, які ён лічыць патрэбным. «Я вельмі роўна да ўсіх стаўлюся. Так будзе і надалей», — падкрэсьліў Лукашэнка.

12:28 23.3.2016

Лукашэнка паабяцаў зрабіць так, каб дэмакратыі ў Беларусі было ня менш, чым у Польшчы

Падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Вітальдам Вашчыкоўскім Аляксандар Лукашэнка заявіў пра агульнасьць падыходаў Польшчы і Беларусі да выбудоўваньня зьнешняй палітыкі.

11:49 23.3.2016

Лукашэнка сустракаецца з Вашчыкоўскім

На сустрэчы зь Вітальдам Вашчыкоўскім Аляксандар Лукашэнка выказаў надзею, што Беларусь і Польшча будуць больш інтэнсіўна разьвіваць двухбаковыя адносіны. «Нядобра нам глядзець адзін на аднаго праз плот, — сказаў Лукашэнка. — Мы заўсёды знаходзілі агульную мову. Хацелася б, каб так было і цяпер». Паводле яго слоў, Беларусь і Польшча могуць згуляць значную ролю ў Эўропе і паўплываць на многія працэсы.

08:33 23.3.2016

Учора польскі міністар заявіў, адказваючы на пытаньне Свабоды, што будзе абмяркоўваць зь беларускім кіраўніком многія тэмы, у тым ліку пытаньне правоў чалавека.

Па абедзе ў Гародні кіраўнік польскага МЗС пакладзе вянок да помніка Элізы Ажэшка, сустрэнецца зь сябрамі Саюзу палякаў Беларусі. Пазьней у Ваўкавыску ён наведае магілы сваіх продкаў матчынай лініі і сустрэнецца з настаўнікамі і вучнямі мясцовай польскамоўнай школы.

Учора Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Курапаты, дзе паклаў вянкі да магіл ахвяраў сталінізму.

Міністар учора таксама наведаў польскі візавы цэнтар, сустрэўся зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем, пасьля чаго заявіў, што прыехаў, каб пачаць перамовы аб зьмяненьні сытуацыі бязь нейкіх папярэдніх умоваў.

Учора ўвечары на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці польскі міністар замежных спраў заявіў, што Польшчы ня хоча рэвалюцыяў у Беларусі, а гатовая паспрыяць эвалюцыйнаму разьвіцьцю і збліжэньню з Эўропай.

XS
SM
MD
LG