«Нашым не цікава. Не прынята ў нас глядзець на тое, як гуляюць інваліды. Але людзей не падманеш. Чаму ў той жа Нямеччыне, краіне, якая ня мае недахопу ў відовішчах, заўзятары ёсьць, і ў вялікай колькасьці?», - кажуць беларускія баскетбалісты.
Баскетбол на вазках – самы відовішчны від спорту ў праграме параалімпійскіх гульняў. У Нямеччыне, напрыклад, падчас спаборніцтваў залі на некалькі тысячы гледачоў запаўняюцца цалкам, прычым квіткі каштуюць па 6–7 эўра. У Беларусі, нават калі грае зборная па баскетболе сярод вазочнікаў, не прыходзіць амаль ніхто, альбо пад прымусам зганяюць студэнтаў і школьнікаў, каб забясьпечыць масавасьць. Калі адбываюцца споборніцтвы сярод аматарскіх камандаў, глядацкая трыбуна ўвогуле пустуе.

Заляй для трэніровак і спаборніцтваў Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўленчы цэнтар дазваляе менскаму клюбу карыстацца задарма – у межах гарадзкой праграмы падтрымкі інвалідаў. Але ёсьць нюанс – калі хто арандаваў залю, то перавага аддаецца кліенту, які заплаціў грошы, а не вазочнікам. Таму бывае, што, прыехаўшы на трэніроўку, баскетбалісты вымушаныя адразу вяртацца дадому – заля занятая. Гэта нязручна, бо некаторыя гульцы ня могуць перамяшчацца па горадзе самастойна і залежаць ад дапамогі блізкіх. Каб мінімалізаваць рызыку, трэніроўкі прызначаюцца на дзённы час – тады менш шанцаў, што будуць гуляць здаровыя.

У агульнанацыянальным турніры па баскетболе сярод інвалідаў-вазочнікаў усяго чатыры каманды. Дзьве зь Менску — «Рэабілітацыйна-спартовы клюб інвалідаў» і «Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўленчы цэнтар», а яшчэ дзьве — з Гомеля і Магілёва. Па факце ўсе менчукі трэніруюцца разам, падзел на каманды ўмоўны. Паводле ўзроўню майстэрства Менск значна наперадзе – за гульню сталічныя каманды набіраюць больш як 30 балаў, рэгіянальныя – каля 10.

«Усё трымаецца на голым энтузіязьме. Ніякіх грошай тут няма, - кажа старшыня рады Рэабілітацыйна-спартовага клюбу інвалідаў Уладзімер Шымковіч. – Клюб існуе 12 гадоў, увесь гэты час мы спрабуем стварыць нейкую ўцямную структуру, але дарэмна. Калі са мной нешта здарыцца, замяніць ня будзе каму. З улікам эканамічнай сытуацыі ў краіне ніхто ня хоча дапамагаць. Цяпер вось скончыўся тэрмін арэнды юрыдычнага адрасу, а паводле новага закону мы чамусьці ня маем права на паніжальны каэфіцыент. Я падняў пастанову Савету міністраў ад 2013 году зь пералікам грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць права на паніжальны каэфіцыент. Такіх у краіне 195. Ёсьць сярод іх некалькі інвалідных, але ў асноўным гэта арганізацыі са здаровымі людзьмі. Мы ж ніяк ня можам трапіць у той рэестар. І цяпер мы ў такім стане, што ня можам плаціць арэнду за памяшканьне, дзе зарэгістраваны юрыдычны адрас. Усе нашы сродкі – гэта тое, што мы самі зьбіраем, скідваемся з інвалідных пэнсіяў».

Баскетбол, у які гуляюць інваліды, лічыцца дарагім спортам – патрэбныя адмысловыя вазкі, якія мала таго, што выкарыстоўваюцца толькі ў гэтым відзе спорту, дык яшчэ і вырабляюцца індывідуальна пад кожнага гульца. Каштуюць вазкі ад 1,5 да 3 тысяч эўра. Асаблівасьць вазкоў для баскетболу ў тым, што колы разьмешчаныя пад вуглом – гэта дадае крэслу ўстойлівасьці, яго ня так лёгка паваліць пры кантактах.
«Гэта наша бяда – мы дарагі від спорту. Чыноўнікі, відаць, хацелі б, каб мы ў дартс ці ў шахматы гулялі, дзе амаль ніякага інвэнтару ня трэба. А нам трэба вазкі, якія, да ўсяго, ламаюцца на кожнай трэніроўцы. Баскетбол – спорт, дзе шмат залежыць ад вазка», — кажуць баскетбалісты.
Некалькі год таму Рэабілітацыйна-спартовы клюб інвалідаў выйграў грант у амэрыканскім хрысьціянскім дзіцячым фондзе. Зь яго дапамогай была створаная фірма па вытворчасьці вазкоў, у тым ліку і для заняткаў спортам. Такія вазкі каштуюць прыкладна 1,5 тысячы эўра. Калі замаўляць за мяжой фірмовыя, то трэба 3 тысячы за кожны. Зразумела, што кошт адбіваецца на якасьці. У замежных варыянтаў – вышэйшая хуткасьць і лепшая манэўранасьць. На каманду з 15 чалавек такіх усяго 4 штукі — гэта дапамога Беларускай фэдэрацыі баскетболу, якая апошнім часам стала спрыяць клюбу.

Заўзятары на спаборніцтвах, якія праходзяць у Беларускім пратэзна-артапэдычным аднаўленчым цэнтры, — гэта ў асноўным сямейнікі гульцоў. Зазіраюць таксама пацыенты са стацыянару – ім папросту няма як бавіць вольны час.

Уладзімер Шымковіч (на фота – № 9) – сам гуляе ў адной зь менскіх камандаў. Нягледзячы на інваліднасьць, ён ходзіць – на пратэзах і з кійком. Але на час гульні баскетбалісты здымаюць усе пратэзы.

Гульцы і трэнэры адзначаюць, што баскетбол для інвалідаў – даволі агрэсіўны спорт. Кантакты суправаджаюцца бразганьнем вазкоў, нярэдка гульцы перакульваюцца ці нават вылятаюць з вазкоў — тады гульня прыпыняецца, чалавеку дапамагаюць падняцца і сесьці, калі трэба – адбываецца замена.

Вазок лічыцца часткай гульца, менавіта таму кожнае крэсла індывідуальнае. А правілы гульні для інвалідаў адпавядаюць правілам у рэгулярным баскетболе. Разам могуць гуляць людзі рознага веку – у менскім клюбе мужчыны ад 20 да 55 год. Самая надзейная каманда падтрымкі – гэта жонкі гульцоў-інвалідаў. Жанчыны стараюцца суправаджаюць сваіх мужоў на спаборніцтвы, падтрымліваць падчас гульні. Некаторыя нават апранаюць форму каманды.

Увогуле, многія баскетбалісты займаюцца яшчэ і іншымі відамі спорту – вялікім тэнісам, грэбляй, санкамі, бочай.
«Мы тлумачым чыноўнікам, што магчымасьць займацца баскетболам – вельмі добры фактар. Хаця б таму, што з гэтага віду спорту можна сысьці ў амаль любы іншы, баскетбол вельмі рознабаковы ў пляне трэніроўкі цела», — кажа Ўладзімер Шымкевіч.
Кіраўнік клюбу адзначае, што калі людзі трапляюць у баскетбольную сэкцыю, яны звычайна слабыя, непадрыхтаваныя. І ня толькі ў фізычным сэнсе.

«Апроч таго, што баскетбол вельмі добра ўплывае на фізычны стан, людзі становіцца сацыяльна актыўнымі. У нас тут 15 вазочнікаў. Сярод іх – дырэктар службы бытавых паслуг “124”, дырэктар фірмы па вытворчасьці інвалідных вазкоў, дырэктар аўтасэрвісу, дзе пераабсталёўваюць аўтамабілі для ручнога кіраваньня – яму ганяюць машыны з усяго СНД для пераробкі, ёсьць таксама дыплямаваны юрыст, ёсьць людзі, які працягваюць працаваць на заводзе, нягледзячы на інваліднасьць. Вельмі важна, што ў спорце адбываецца сацыяльная адаптацыя чалавека, ён вучыцца знаходзіцца ў калектыве. Калі здарылася няшчасьце, галоўнае — не сядзець на канапе і ня слухаць шкадаваньні. Мы спрабуем даказаць, што можам быць актыўнымі ня горш, чым здаровыя людзі».

21-гадовы Вадзім Ліпінскі (на здымку ў зялёнай майцы) займаецца баскетболам ужо год. Але першы яго спорт – лыжныя гонкі.
«Лыжныя трэніроўкі кожны дзень, на лыжаролернай трасе ў Вясьнянцы. Шматлікія інваліды-спартсмэны займаюцца адначасова некалькімі відамі спорту – па-першае, каб нагрузка ішла на розныя групы мышц, па-другое, так павялічваецца шанец добра заявіць пра сябе ў нейкім спорце і трапіць на параалімпіяду», — кажа Вадзім.
Вадзім кажа, што досьвед у лыжных гонках дапамагае яму разьвіваць хуткасьць падчас гульні ў баскетбол. А тут гэта таксама вельмі важна.

«Чамусьці нас заўсёды абмінаюць дзяржаўныя праграмы падтрымкі. Для піяру нас могуць дзесьці выкарыстаць, а як да справы даходзіць… Вось майкі на нас, гуляем у іх восем год – купілі за свае сродкі. Цяпер трэба новыя, папрасілі грошай у адміністрацыі Фрунзенскага раёну – прайшоў месяц, ніякага адказу няма, і нават тэлефон не здымаюць, калі спрабуем званіць туды. Патрэбна была пітная вада для чэмпіянату – зьвярнуліся ў «Дарыду», каб яна стала спонсарам і прадставіла ваду. Дык нават пару скрыняў вады не далі», — скардзяцца гульцы.
На ўсё, што зьвязана са спортам, інваліды трацяцца са сваіх пэнсій і заробкаў.

Трэніроўкі праходзяць два разы на тыдзень. Спартоўцы кажуць, што калі зь нейкіх прычынаў здараюцца перапынкі, то кепска – цела просіць нагрузак: «Пасьля трэніроўкі мы адчуваем сябе ў дзесяць разоў лепш».
Цікава, што ў каманды фактычна няма трэнэра.
«Намінальна ёсьць, але ён вельмі заняты на асноўным месцы працы. Таму мы бачым яго толькі тады, калі выяжджаем на міжнародныя спаборніцтвы. Трэніруемся самі. У нас на 15 чалавек 10 майстроў спорту, таму кожны сам ведае сваю праграму і тое, што яму трэба рабіць», — распавядае кіраўнік клюбу Ўладзімер Шымкевіч.
Кажа, што было б добра, каб быў сталы трэнэр. Але праца гэтая без заробку, таму знайсьці энтузіяста цяжка. «Хто пойдзе працаваць бяз грошай? Хто будзе траціць на нас хоць некалькі гадзін у тыдзень? Мы такіх энтузіястаў знайсьці ня можам, хоць шукаем і запрашаем пры любой нагодзе».

Уладзімер Шымкевіч адзначае, што праблема інвалідаў-спартсмэнаў – тое, што яны застаюцца незаўважнымі для чыноўнікаў. А тыя не выяўляюць ахвоты, каб хаця б проста прыйсьці і паглядзець:
«Мы просім і запрашаем – прыйдзіце і паглядзіце на нас. Кожны раз, калі праводзім спаборніцтва, рассылаем запрашэньні – і ў Міністэрства спорту, і ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ніводнага чалавека – ніхто ніколі не прыйшоў».
КМ, фота Радыё Свабода © 2016 Pадыё Свабода