У менскім Цэнтральным раённым судзе пачаліся працэсы над удзельнікамі мітынгу 22 лютага ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў. Мікалай Статкевіч, які ў ліку сёньняшніх падсудных, на працэс не прыйшоў. Справу Анатоля Лябедзькі паводле ягонай заявы адклалі на 14 сакавіка.
Анатоля Лябедзьку будзе судзіць Вікторыя Шабуня, Мікалая Статкевіча — Міхаіл Хома, Алеся Макаева — Валер Есьман, Мікалая Казлова — Тацяна Рак, Алеся Абрамовіча — Натальля Вайцяховіч.
Усе актывісты былі запрошаныя на суд праз SMS. Паведамленьні з запрашэньнямі ў суд атрымалі таксама актывісты Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў.
Падчас мітынгу міліцыянты не складалі пратаколаў, а толькі зрабілі сьпіс найбольш актыўных удзельнікаў. У заяве АГП будучыя суды названыя «новым судовым канвэерам».