У Цэнтральны раённы суд Менску на сёньня выкліканыя старшыня АГП Анатоль Лябедзька і актывіст партыі Мікалай Казлоў. У SMS-паведамленьнях, якія яны атрымалі, сказана, што адбудзецца разгляд пратаколаў аб удзеле ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве, якое адбылося на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 22 лютага.
Гаворка ідзе пра другі мітынг у падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў. Падчас мітынгу міліцыянты не складалі пратаколаў, а абмежаваліся складаньнем сьпісу найбольш актыўных удзельнікаў. У заяве АГП будучыя суды названыя «новым судовым канвэерам».
«Мы канстатуем, што нічога ў палітычным клімаце не мяняецца. Мы ня лічым за перамены тое, калі, вобразна кажучы, раней цябе моцна білі два разы дубінкай, а цяпер — пяць, але напаўсілы. Мы назіраем тую ж самую сытуацыю з міліцэйскімі ілжэсьведкамі, з судзьдзямі, у якіх загадзя ў кампутары напісанае рашэньне. Усё так, як было ўчора», — адзначыў у камэнтары Анатоль Лябедзька.
З Цэнтральнага суду SMS-позвы на разгляд пратаколаў за падзеі 22 лютага атрымалі таксама актывісты Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў. Суды над імі пройдуць 10 сакавіка.