Папа Рымскі Францішак пасьля сустрэчы ў пятніцу ў аэрапорце Гаваны з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам прыбыў з шматдзённым візытам у Мэксыку. У кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы ў рамках лацінаамэрыканскага турнэ заплянавана наведваньне Бразыліі і Парагвая.
Першая ў гісторыі сустрэча кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы з Маскоўскім патрыярхам працягвалася ў кубінскай сталіцы больш за дзьве гадзіны. «Мы гаварылі як браты», — заявіў пантыфік пасьля гутаркі. Мітрапаліт Кірыл таксама назваў размову «брацкай, адкрытай».
Па выніках перамоваў папы рымскага і патрыярха Маскоўскага была падпісана сумесная дэклярацыя. Дакумэнт, сярод іншага, заклікае сусьветную супольнасьць да хуткіх дзеяньняў, якія дапамогуць абараніць хрысьціянаў. «У многіх краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі вынішчаны цэлыя сем’і, населеныя пункты, гарады, дзе жылі нашы браты ў Хрысьце», — гаворыцца ў дакумэнце.
Два лідэры падкрэсьлілі, што такія групы, як радыкальная групоўка «Ісламская дзяржава» нясуць пагрозу ня толькі хрысьціянам, але і пасьлядоўнікам іншых рэлігій, у тым ліку мусульманам. «Мы б хацелі выказаць спачуваньне прыхільнікам іншых рэлігійных традыцый, якія сталі ахвярамі грамадзянскай вайны, хаосу, разьвязанага тэрарыстамі гвалту», — адзначаецца ў дэклярацыі.