Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адамкус і Ландсбергіс выступілі супраць Беларускай АЭС і патрабуюць неадкладна спыніць яе будаўніцтва


Вітаўтас Ландсбергіс
Вітаўтас Ландсбергіс

Былыя кіраўнікі Літвы Валдас Адамкус і Вітаўтас Ландсбергіс патрабуюць «зрабіць усё, каб будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы было неадкладна спынена».

Іх зварот да ўраду краіны падпісалі таксама кіраўнік апазыцыйнай партыі «Саюз айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» Габрыэлюс Ландсбергіс, лідэр апазыцыйнага Літоўскага лібэральнага руху Элігіюс Масюліс і старшыня Літоўскага саюзу сялян і зялёных Рамунас Карбаўскіс.

Валдас Адамкус
Валдас Адамкус

«Адпаведна з графікам працаў Беларускую АЭС намячаецца падключыць да электрасеткі ўжо праз тры гады. Небясьпечная станцыя будзе падключана да магутных лініяў электраперадачы, якія ўжо працягнутыя ў Вісагінас, і тых, якія плянуецца працягнуць у Круоніс, так што вырабленая там электраэнэргія бескантрольна напоўніць нашу краіну з усялякімі эканамічнымі і палітычнымі наступствамі», — гаворыцца ў звароце.

Паводле аўтараў заявы, у такім выпадку Літва стане ня толькі палітычна залежнай ад гэтага небясьпечнага вытворцы электраэнэргіі, але і на грошы ад продажу гэтай электраэнэргіі сама будзе фінансаваць праект, небясьпечны і, магчыма, пагібельны для Літвы.

«Не ўпускаючы астравецкую электраэнэргію ў Літву і не купляючы яе, а таксама не дазваляючы карыстацца рэзэрвовымі магутнасьцямі электраэнэргетычнай сыстэмы Літвы, мы можам стварыць для выканаўцаў праекту вельмі цяжкапераадольныя перашкоды, ускладніць яго рэалізацыю і магчымасьці ў пляне акупнасьці. Разумеючы ўсё гэта, мы зьвяртаемся да ўраду Літвы і адначасова да ўсіх міжнародных арганізацыяў з патрабаваньнем зрабіць усё, каб будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы неадкладна было спынена», — гаворыцца ў звароце, які цытуе Delfi.

Як гаворыцца ў дакумэнце, урад Літвы тым самым павінен забясьпечыць, каб выпрацаваная на БАЭС электраэнэргія ні пры якіх абставінах ня трапіла ў Літву і не транспартавалася празь Літву, а таксама каб яна ніколі не прадавалася на яе рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG