Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1991: дзесяць падзеяў году незалежнасьці 


25 жніўня спаўняецца чвэрць стагодзьдзя абвяшчэньню незалежнасьці Беларусі, якая была вынікам змаганьня пакаленьняў. Мы прапануем узгадаць дзесяць найбольш значных і прыкметных падзеяў 1991 году.

Масква ўводзіць танкі ў Вільню

13 студзеня 1991 году на загад Крамля савецкія ўзброеныя сілы і падразьдзяленьні КДБ штурмуюць тэлецэнтар у сталіцы Літвы, якая раней заявіла пра выхад з СССР. 14 чалавек загінулі.

У гэты ж дзень Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце прымае заяву ў падтрымку Літвы. У Вільню накіроўваецца дэлегацыі ад ВС і дэпутацкай апазыцыі. 17 студзеня Вярхоўны Савет абмяркоўвае сытуацыю ў Літве; дэпутаты Апазыцыі БНФ дамагаюцца прыняцьця заявы з асуджэньнем сілавой апэрацыі ў Вільні. Такім чынам, Вярхоўны Савет БССР робіцца адзіным у СССР (ня лічачы балтыйскіх) парлямэнтам, які падтрымаў Літву.

Рэфэрэндум аб захаваньні СССР

17 сакавіка з ініцыятывы прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова адбываецца рэфэрэндум, на які выносіцца пытаньне: «Ці лічыце вы неабходным захаваньне Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой у поўнай меры будуць гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?». Армэнія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова і Эстонія адмовіліся праводзіць рэфэрэндум. Паводле афіцыйных дадзеных, у БССР 82,5% удзельнікаў адказалі на пытаньне «Так». Аднак БНФ паставіў пад сумнеў легітымнасьць рэфэрэндуму, паколькі пастанова аб правядзеньні рэфэрэндуму на тэрыторыі БССР была прынятая не Вярхоўным Саветам, а Прэзыдыюмам ВС, які ня меў для гэтага паўнамоцтваў. Таксама, у парушэньне заканадаўства, дэпутаты Апазыцыі БНФ – апанэнты пазыцыі Крамля, у часе агітацыі доступу на тэлебачаньне не атрымалі.

Зьезд БНФ пацьвярджае курс на незалежнасьць

23-24 сакавіка ў Менску праходзіць Другі зьезд БНФ, які прывітаў Васіль Быкаў. Лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк заяўляе ў праграмным выступе, што “у нас ёсьць усё, каб жыць добра. Няма толькі свабоды і незалежнасьці. Дасягненьне свабоды і сувэрэнітэту Беларусі – найважнейшая задача нашага пакаленьня”. Зьезд вылучае незалежнасьць як галоўную мэту; у афіцыйнай прэсе ўзмацняецца агітацыйная кампанія супраць БНФ і яго лідэра.

Найбуйнейшы ў СССР страйк

3-га красавіка ў Менску рабочыя электрамэханічнага заводу ў адказ на падвышэньне ўтрая коштаў прэм’ер-міністрам СССР на харчовыя і прамысловыя тавары перакрываюць рух па вуліцы Даўгабродзкай. 4 красавіка дзесяткі тысяч рабочых менскіх прадпрыемствах сьцякаюцца да Дому ўраду; пачынаецца стыхійны мітынг. Ад эканамічных патрабаваньняў рабочыя пераходзяць да палітычных, сярод якіх – “неадкладна распачаць выкананьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце”, “не падпісваць саюзную дамову да прыняцьця Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі”, “нацыяналізаваць маёмасьць КПБ-КПСС”.

Дэпутаты БНФ запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі ВС для разгляду патрабаваньняў страйку, аднак кіраўніцтва ВС на чале з першым намесьнікам старшыні Станіславам Шушкевічам (старшыня ВС Мікалай Дземянцей захварэў) адмовілася гэта зрабіць. 24 красавіка ў Воршы рабочыя перакрылі чыгуначны рух. У Воршу пасылаюцца паўтары тысячы байцоў АМАПу. 25 красавіка агульнанацыянальны страйкам спыняе страйк.

Апазыцыя БНФ прадухіляе ўвядзеньне пасады прэзыдэнта

21 траўня Вярхоўны Савет адмаўляецца прыняць прапанову Апазыцыі БНФ аб уключэньні ў парадак дня пытаньня аб абвяшчэньні незалежнасьці (прапанова набрала 118 галасоў пры неабходных 173). Пры гэтым камуністычная большасьць уносіць праект закону “Аб прававым статусе надзвычайнага становішча”, які істотна пашырае магчымасьці рэпрэсіўных органаў. Паміж камуністамі і дэпутатамі БНФ адбываецца вострая дыскусія, у выніку для прыняцьця закону не хапае 15 галасоў. Камуністы спрабуюць узяць рэванш -- прапануюць увесьці пасаду прэзыдэнта і абраць яго непасрэдна на сэсіі. Гэтак званае “рэйтынгавае” (неабавязковае для выкананьня) галасаваньне паказвае, што большасьць дэпутатаў ВС выказваюцца за ўвядзеньне прэзыдэнцтва, аднак Апазыцыі БНФ ўдаецца заблякаваць прыняцьце рашэньня, і яно пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

У Вярхоўным Савеце гучаць імёны адказных за ўтойваньне праўды пра Чарнобыль

13-14 чэрвеня Вярхоўны Савет заслухвае справаздачу часовай камісіі па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая была створаная на патрабаваньне дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту. Старшыня камісіі Рыгор Вячэрскі канстатуе, што “першы сакратар ЦК КПБ Сьлюнькоў, бюро ЦК КПБ валодалі інфармацыяй у поўным аб’ёме ужо 29 красавіка 1986 году. Аналягічную інфармацыю меў і старшыня Савету міністраў Кавалёў... І таварыш Сьлюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося”.

Праімэрскі путч у Маскве. БНФ выводзіць людзей на вуліцу

19 жніўня у Маскве “Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы” (гэтак званы ГКЧП) заяўляе, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў няздольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя і фактычна ўводзіць у краіне элемэнты надзвычайнага становішча. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заяўляе пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымлівае путчыстаў. На чыгуначную станцыю “Радыятарная” прыганяюць восем закратаваных вагонаў.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ ацэньваюць стварэньне ГКЧП як дзяржаўны пераварот і заклікаюць не выконваць яго загадаў. Парлямэнцкая Апазыцыя БНФ зьбірае людзей на плошчы і патрабуе склікаць надзвычайную сэсію ВС. Мітынгі на плошчы перад Домам ураду адбываюцца таксама 20 і 21 жніўня. Да дэпутатаў БНФ далучаюцца іншыя парлямэнтарыі, і неўзабаве колькасьць дэпутатаў, якія патрабуюць нечарговай сэсіі, дасягае 82-х. Увечары 21 жніўня паведамляецца, што путч праваліўся.

Нечарговая сэсія Вярхоўнага Савету абвяшчае незалежнасьць

22 жніўня Прэзыдыюм ВС БССР вымушаны склікаць нечарговую сэсію. Двое сутак дэпутаты Апазыцыі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком распрацоўваюць законапраекты для абвяшчэньня і ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі.

Увечары 23 жніўня дэпутаты БНФ выступаюць у прамым эфіры БТ і заклікаюць людзей на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць апазыцыю. Раніцай 24 жніўня на плошчы зьбіраюцца тысячы грамадзян, у 9.30 распачынаецца нечарговыя сэсія. Галіна Сямдзянава уносіць у залю бел-чырвона-белы сьцяг, дэпутаты БНФ прапануюць уключыць у павестку дня пытаньне аб Незалежнасьці, адстаўцы кіраўнікоў ВС, якія падтрымалі путчыстаў і ліквідацыі КПБ-КПСС.

Насуперак першапачатковаму пляну Прэзыдыюму ВС правесьці сэсію за адзін дзень, яна пераносіцца на наступны. 25 жніўня дэпутаты БНФ зганяюць з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева, што дэмаралізуе камуністаў. Старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку, функцыі выканаўцы абавязкаў старшыні пераходзяць да Станіслава Шушкевіча. Вярхоўны Савет спыняе дзейнасьць КПБ-КПСС. Дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступае супраць абвяшчэньня незалежнасьці і адмаўляецца ўдзельнічаць у галасаваньні. Слова бярэ Зянон Пазьняк, які засьцерагае дэпутатаў ад празьмернай эйфарыі адносна Ельцына, выказвае сумневы ў “дэмакратычным характары будучай Расеі”, абвінавачвае Маскву ў нафтавым шантажы і заяўляе, што “калі мы ня будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, мы ня зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы”. Пазьняка падтрымліваюць старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч і некаторыя кіраўнікі абласьцей. Пытаньне аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону ставіцца на галасаваньне. За станоўчае рашэньне выказваюцца 253 дэпутаты (патрабуюцца 232 галасы). Беларусь робіцца незалежнай краінай. На плошчы перад Домам ураду ідзе шматтысячны мітынг. 31 жніўня Польшча першай з краінаў сьвету прызнае незалежнасьць Беларусі.

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” набываюць статус дзяржаўных сымбаляў

У сярэдзіне верасьня у фае Дома ўраду дэпутаты Апазыцыі БНФ з дапамогай мастакоў робяць выставу, прысьвечаную гісторыі нацыянальных сымбаляў. Шмат хто з дэпутатаў-камуністаў прызнаецца, што ўпершыню даведваецца пра традыцыі выкарыстаньня “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцягу.

18 верасьня Станіслаў Шушкевіч абіраецца старшынём ВС, а 19-га парлямэнт разглядае пытаньне аб дзяржаўных сымбалях. У падтрымку нацыянальнай сымболікі выступаюць былы старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Георгій Таразевіч і прэзыдэнт Акадэміі навук Уладзімер Платонаў. У выніку некалькіх перагаласаваньняў і ўнясеньняў працэдурнай зьмены ў Канстытуцыю бел- чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” набываюць статус дзяржаўных сымбаляў. Таксама краіна атрымлівае новую назву – Рэспубліка Беларусь.

Віскулі. ВС ратыфікуе пагадненьне аб дэнансацыі саюзнай дамовы

7 сьнежня ў Беларусь прыбываюць прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук; Ельцын выступае ў Вярхоўным Савеце.

8 сьнежня ў Белавескай пушчы ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расеі (Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч, Барыс Ельцын, Генадзь Бурбуліс, Леанід Краўчук і Віктар Фокін) канстатуюць, што СССР спыняе існаваньне і заяўляюць пра стварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. 10 сьнежня Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікуе “Белавескія пагадненьні”, супраць галасуе адзін дэпутат – былы сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня. 21 сьнежня ў Алма-Аце кіраўнікі былых савецкіх рэспублік канчаткова канстатуюць ліквідацыю СССР. 25 сьнежня прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падае ў адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG