Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андруша з табакеркі


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Мне дык наагул усё роўна – левы ты ці правы. Галоўнае, як той казаў, «тонкі густ і разнастайнасьць думак». Адно што засмучае – чамусьці кожнаму беларускаму камуністу абавязкова трэба лізгануць таварыша Сталіна асабіста і ўвесь без выключэньня савецкі лад у прынцыпе. Бяз гэтага, бадай, немагчымы самы абрад ініцыяцыі. Вы, лібэралы, маўляў, са сваімі падручнікамі гуляйцеся, а ў нас, кансэрватараў, свае: Ленін, Сталін, вялікі Савецкі Саюз.

Сьвежы артыкул літаратара Андрушы Лазуткіна «Хто расстрэльваў Курапаты: НКВД ці СС (да 137-годзьдзя Сталіна)» наводзіць на сумныя высновы: ні чорта ў гэтым сьвеце не зьмяняецца: усё тыя ж пасажы – лексычна і сынтаксычна, усё тыя ж партрэты на сьцяне. І тыя ж усьмешачкі ў патрэбных месцах.

Артыкул як быццам прысьвечаны дэканструкцыі міта пра Курапаты. Па сутнасьці, гэта кампіляцыя фактаў, узятых дзеля пацьверджаньня аўтарскай гіпотэзы – месца масавых пахаваньняў ня мае ніякага дачыненьня да расстрэлаў 1930-х, а асноўная маса забітых – ахвяры нацыстаў. Нарэзка цытатаў з газэт «Во славу Родины» і «Рэспубліка» спачатку бярэ пад сумнеў колькасьць ахвяраў (чвэрць мільёна, прапанаваная Пазьняком, зьмяншаецца ў дзесяць разоў, а тады і ў трыццаць), назву ўрочышча, потым даціроўку расстрэлаў і ўрэшце прыналежнасьць іх да сталінскіх. А згадка пра наяўнасьць ва ўрочышчы старога ціру пакліканая дэзавуяваць паказаньні мясцовых жыхароў аж да такой ступені, што й расстрэлаў ніякіх не было – салдацікі балаваліся.

У прынцыпе, калі б Лазуткін на гэтым спыніўся, я б яго зразумеў. Ну, вось так можна падаць цытатную сырную талерку. Вось такая гнуткая навука гісторыя. Узяў і ідэйна сьцёр міт пра сымбалічную магілу ўсіх закатаваных у эпоху індустрыялізацыі. Што не адмяняе...

Але вось якраз адмяняе:

«Апазыцыя штогод ладзіць гістэрыку на кожную чырвоную дату календара. Таму да дня нараджэньня Сталіна мы падрыхтавалі маленькі падарунак для нашых дарагіх сяброў».

«Клінтан усяляк выказваў С.Шушкевіч, В.Кебічу і З.Пазьняку спачуваньні з нагоды «сталінскіх рэпрэсій». Між тым, мармуровую лаўку, падораную Штатамі з барскага пляча, невядомыя ламалі і ўзрывалі 11 разоў – цяпер ад яе застаўся толькі шэры бэтонны кубік, а драўляныя крыжы рэгулярна валяць».

«Відавочнае жаданьне арганізатараў «праскочыць» нязручныя факты, зрабіць акцэнт на палітычнай кар’еры Пазьняка і дзейнасьці Народнага фронту, а заадно замазаць крывёю «бальшавіцкі рэжым». На выставе выкарыстоўвалася і наўпроставая фальсіфікацыя (альбо сафістыка, як заўгодна): «дошка гонару» з фатаграфіямі расстраляных; напрыклад, пісьменьніка Зарэцкага і іншых. Арганізатарамі меркавалася, што расстралялі іх у Курапатах; але нагадаем, што ніводная ахвяра так і не была апазнаная».

«КХП-БНФ пад вадзіцельствам Ю.Беленькага займаецца выключна крыжовымі паходамі на Курапаты; у кастрычніку гэтага году прайшла акцыя лідэраў апазыцыі са сьвечкамі каля будынку КДБ: Статкевіч, Някляеў і Лябедзька разважалі пра сталінскія ахвяры і «пакаяньне камуністаў». Праўда, у адносінах са спонсарамі гэта не асабліва дапамагло: уся троіца і дагэтуль сядзіць бяз грантаў».

Ня ведаю, ці перадае беларускі пераклад усёй пазнавальнасьці бездакорнага стылю, водару неўміручага «Славянскага набату» ці «Политического собеседника». Тройчы ўзятыя ў двукосьсе «сталінскія рэпрэсіі» выклікаюць асаблівае замілаваньне; нікому не ўдасца «замазаць крывёю «бальшавіцкі рэжым», гэта праўда, нікому. Партрэт зьнішчанага ў трыццаць сёмым Міхася Зарэцкага на «курапатаўскай» выставе – гэта толькі «дошка гонару», фальсыфікацыя альбо сафістыка (не ў ціры ж яго стралялі, сьмех і грэх). Дый «пакаяньня камуністаў» чакаць ня варта – за што прабачэньня прасіць, за што? Ну, і, канечне, «гранты». Малайчына, добра стаіш у пазыцыі «Зю» перад старэйшымі па званьні. Вазьмі з палічкі піражок.

Мне па-ранейшаму цікава, куды завядзе творчая дарожка Андрушу Лазуткіна, як і тады, калі я пісаў рэцэнзіі на ягоныя кнігі. Сумна аднак, што вечна паскоранае разьвіцьцё нашай літаратуры змушае 23-гадовых аўтараў ператварацца з «Сэліна без памфлетаў» у «Сэліна з памфлетамі» вельмі хутка – яшчэ да напісаньня «Падарожжа на ўскрай ночы».

Хацелася б думаць, што гэта чарговы эпатажна высунуты сярэдні палец, мастацкі тролінг, каб ня пахла яно ўсё махровай, добра знаёмай кан’юнктурай.

Дый шкада, спазьнілася публікацыя – плянавалася да 137-годзьдзя Сталіна, а выйшла адразу пасьля дня чэкіста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG