Карыстальнікі інтэрнэту спрабуюць вызначыць, да якога сьвету належыць Сьвятлана Алексіевіч, падлічваючы колькасьць словаў з коранем «рус» ці «бел» у яе нобэлеўскай лекцыі. На маю думку, вызначыць, што вы беларус альбо былі выхаваныя ў гэтай краіне, можна з дапамогай такіх простых і іранічных апісаньняў. Пазнаеце сябе ці знаёмых — вы частка беларускага сьвету.
«Вы ведаеце, што назва „Бабруйск“ ня сьмешная, а „Белоруссия“ няправільная»
«Палова вашых знаёмых навучаецца на платным, вы часта ходзіце да прыватнага стаматоляга, хоць у краіне бясплатная мэдыцына і адукацыя».
«Страху настолькі шмат, што вы пачынаеце яго не заўважаць. Вы баіцеся начальства, непрацягненьня кантракту, міліцыі на вуліцы, дэкрэтаў прэзыдэнта і сталеньня яго малодшага сына і нават турнікета ў мэтро — пры спробе прайсьці без жэтона ён можа ўдарыць».
«Вы слухаеце чыноўнікаў і робіце наадварот: калі па тэлебачаньні кажуць, што дэвальвацыі ня будзе, беларус мусіць заняць чаргу ў абменьнік».
«Як беларус, вы мірны і талерантны, але цяжка знайсьці нацыю, якой бы беларусы не зайздросьцілі б і якую б любілі. Мы ня любім расейскіх турыстаў, кітайскіх студэнтаў і турэцкіх кавалераў беларускіх жанчынаў. Асабліва кавалераў».
«Вы жывяце ў краіне пяцігодак, а колькасьць дошак гонару на квадратны кілямэтар тут самая вялікая ў Эўропе. Дзіўна, але пяцігодкі звычайна супадаюць з прэзыдэнцкімі выбарамі і згадваюць іх толькі тады. Праўда, мінулы раз выявілася, што рухацца мы пачалі ў адваротны бок — замест росту заробку да 1000$ у наступнай пяцігодцы, ён упаў да 300».
«Вы навучыліся пратэставаць бяз словаў, маршы студэнтаў крытыкуюцца адным з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў як „пратэсты двоечнікаў“ і спакойна прынялі зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў, сярод якіх былі міністар унутраных справаў і віцэ-прэм’ер».
«Вы ставіцеся да Лукашэнкі як да дажджу: супраць дажджу няма сэнсу змагацца, можна зьехаць у іншую краіну, дзе яго менш, можна набыць парасон, проста прызвычаіцца і нават палюбіць. Альбо казаць, што дождж гэта лепш, чым завіруха».
«Вас абклалі падаткам для беспрацоўных, а калі вы ня зможаце яго аплаціць, вас могуць арыштаваць. Для вас амаль увялі падатак на частыя паездкі за мяжу і ўжо абмежавалі магчымасьць часта езьдзіць за мяжу на аўтамабілі, і вы павінны заплаціць за дарагі падарунак ад мужа ці жонкі. Заплаціць, вядома, дзяржаве».
«Вы ведаеце, што іншыя беларусы мала вандруюць, але сярод вашых знаёмых амаль ва ўсіх ёсьць шматразовы шэнген. Праўда, не прынята дзяліцца публічна, як яго ўдалося атрымаць. Дарэчы, калі кажуць пра тое, што беларусы — няшчасная нацыя, вы ведаеце, што гэта ня так, бо бачылі твары суайчыньнікаў, якія толькі што атрымалі пашпарт зь візай»
«Узровень жыцьця і курс беларускага рубля падае, але вы заўважаеце ўсё больш новых айфонаў у мэтро і дарагіх машынаў на вуліцах. Вашы знаёмыя і вы ходзіце па барах — і ваш рахунак за піва большы, чым у варшаўскіх сяброў, але заўжды можна выпіць беларускай гарэлкі за 0,4$ на пасашок нават у самым дарагім рэстаране».
«Ваш прэзыдэнт сьмешны і можа зьмяняць дату свайго дня народзінаў, прымаць парады зь непаўналетнім сынам у генэральскай форме альбо даваць дыетычныя парады, але гэта лепш, чым калі б ён быў сур’ёзым. Іронія і самаіронія вам моцна дапамагаюць глядзець на тое, што адбываецца».
«Перад тым як ісьці ў клюб, вы выпіваеце і часта не даходзіце да самога клюба, застаючыся на кухні і разважаючы пра эканоміку, космас і палітыку. Космас і палітыка гэта прыкладна адно і тое ж, бо знаходзіцца на роўнай ад вашай кухні адлегласьці».
«Вашы дзеці выступаюць на Эўравізіі лепш, чым дарослыя, БАТЭ ведаюць у сьвеце лепш, чым назву беларускай сталіцы, а хакейны чэмпіянат запомніўся не спартовымі посьпехамі, а танным алькаголем і магчымасьцю спажываць яго паўсюль і з замежнікамі».
«Беларусы вераць у тое, што ведаюць беларускую, бо вучылі яе ў школе адну гадзіну на тыдзень, але калі пачынаюць размаўляюць, ім робіцца сорамна».
«Вы частка рэлігійнай нацыі, якая ходзіць у храмы раз у год, чытае гараскопы і сьвяткуе Купальле».
«Вы жывяце ў краіне, якую лічыце маленькай і мірнай, але і тое, і іншае можна аспрэчыць. Беларусь сувымерная з Брытаніяй, тут шмат самагубстваў, былі тэракты і многа забойстваў на бытавой глебе. Але народны дэвіз „абы не было вайны“ ўжо не падаецца вам сьмешным».
«У Макдональдс возяць школьныя экскурсіі, і гэта важней, чым паездка ў тэатар, а ў самім Макдольдсе няма вайфаю, як няма яго і ў публічным транспарце — вы моцна не перажываеце, бо тлумачэньні чыноўнікаў лепшыя за самі праблемы — апошні раз сказалі, што інтэрнэт у транспарце замінаюць паставіць...хакеры».