Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Правацэнтрысцкая кааліцыя — гэта шырэй за выбары»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Працэс стварэньня першай у Беларусі правацэнтрысцкай кааліцыі працягваецца», — заявіў сёньня Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«У розных суб’ектаў разнахуткасная гатоўнасьць да супрацы. Адны могуць ісьці больш шпарка, некаторыя такі тэмп ня могуць падтрымліваць. Але мы ставімся з павагай да ўсіх. Трэба, каб гэта было рашэньне ня толькі кіраўніцтва, але і ратыфікацыя калегіяльнымі органамі».

Лябедзька нагадаў, што кааліцыю ствараюць тры партыі: АГП, БНФ, БХД і рух «За свабоду», бо, на ягоную думку, іншых працаздольных структураў правацэнтрысцкага кшталту ў Беларусі няма:

«Гэта першы досьвед, калі можа быць створаная пляцоўка для супрацы, узаемадзеяньняў менавіта правацэнтрысцкіх структураў. Такога раней не было, каб усе структуры правага цэнтру мелі палітычную волю, гаварылі, што гэта цікава, карысна і ў гэтым можа быць плён».

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў Свабодзе, што пытаньне пра правацэнтрысцкую кааліцыю будзе ўключана ў парадак дня бліжэйшага пасяджэньня партыйнага сойму, які плянуецца правесьці праз суботу.

На пытаньне, ці ствараецца новая кааліцыя спэцыяльна пад парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2016 годзе, старшыня АГП адказаў:

«Кааліцыя шырэй за гэта. Яна паглынае і гэтую кампанію. Спадзяюся, што будзе некалькі кампаніяў, у тым ліку і парлямэнцкая. Натуральна, што мы яе не абмінём. Усе выступаюць за ўдзел у ёй. Пытаньне толькі ў фармаце гэтага ўдзелу».

Такім чынам, дэмакратычныя сілы могуць пайсьці на чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў як мінімум дзьвюма калёнамі: правацэнтрысцкая кааліцыя і пазапартыйны сьпіс «ТаК! «За мірныя перамены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG