Сёньня ў афіцыйным выданьні Эўразьвязу апублікаваны два распараджэньні Рады Эўразьвязу, 2015/1948 і 2015/1949, якія фармальна прыпыняюць на чатыры месяцы санкцыі ў дачыненьні да беларускіх дзяржаўных службоўцаў, бізнэсоўцаў і кампаній, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі. Рашэньне па гэтым пытаньні было прынятае 29 кастрычніка.
Санкцыі прыпыняюцца ў адносінах да 171 з 175 чалавек і да ўсіх 14 кампаній з гэтак званага «чорнага сьпісу» Эўразьвязу.
Чатыры асобы, супраць якіх санкцыі застаюцца ў сіле, гэта тыя, каго Брусэль падазрае ў дачыненьні да зьнікненьняў былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.
Гаворка ідзе пра колішняга міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, колішняга кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, былога камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Зьмітра Паўлічэнку і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова. Рашэньне пра забарону на ўезд гэтых асобаў у краіны Эўразьвязу было прынятае 24 верасьня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы паводле справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.