Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў: Садружнасьць «несьмяротных». Чаму Ўкраіне няма чаго рабіць у СНД


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Цяпер саміт СНД — гэта сустрэча палітыкаў, якія ўпэўненыя, што адзіная магчымасць адмовіцца ад улады — гэта дзяржаўнае пахаваньне.

Калі СНД стваралі — амаль 25 гадоў таму — яно было міждзяржаўным аб’яднаньнем. Да кожнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасьці ставіліся з асаблівай цікавасьцю — бо гаворка ішла пра развод былых савецкіх рэспублік. Пасьля СНД сталі называць прэзыдэнцкім клубам. Ніякіх асаблівых рашэньняў на сустрэчах ужо не прымалі, але саміты хаця б можна было выкарыстоўваць для стасункаў на вышэйшым узроўні.

Сёння ж саміт СНД — гэта сустрэча палітыкаў, якія ўпэўненыя, што адзіная магчымасць адмовіцца ад улады — гэта дзяржаўнае пахаваньне. Прэзыдэнты Ўкраіны і Малдовы на саміт проста не прыехалі — а што ім там рабіць? Бо іх прэзыдэнтамі абралі. А вось іх калегі — «абраныя» зусім у іншым сэнсе. Кіраўнікі Казахстана і Ўзбекістана ўзначалілі свае краіны яшчэ да распаду Савецкага Саюзу — у гэтых былых савецкіх рэспубліках вырастаюць пакаленьні, якія ня ведалі нікога, апроч Назарбаева і Карымава. Прэзыдэнты Беларусі і Таджыкістана кіруюць сваімі краінамі ўжо два дзесяцігодьдзі. Пуцін на чале Расеі 15 гадоў. Ільхам Аліеў 12 гадоў таму стаў спадчыньнікам ўласнага бацькі. Ня надта доўгі тэрмін праўленьня хіба што ў прэзыдэнтаў Армэніі і Кыргызстана, але і ў гэтых краінах сытуацыя ўвесь час разьвіваецца ад кансэрвацыі рэжымаў да грамадзянскага супрацьстаяньня. І ў гэтай схільнасьці да кансэрвацыі Армэнія і Кыргызстан падобныя да іншых краінаў СНД, хоць там і ёсьць сапраўдная апазыцыя. Ёсьць яшчэ Туркмэністан — яго прэзыдэнт таксама ня езьдзіць, як правіла, на саміты СНД. Але Туркмэністан — гэта ўжо амаль манархія. Для Гурбангулы Бэрдымухамэдава яго калегі — вялікія дэмакраты.

У Маскве ці Астане, напэўна, скажуць, што кансэрвацыя — гэта выдатна. Гэта — стабільнасьць. У гады перабудовы такую стабільнасьць называлі інакш — застой. І мелі рацыю. Састарэлы кіраўнік, заклапочаны выключна захаваньнем улады і ўласным уплывам. Адбор кадраў па прынцыпе асабістай адданасьці, а не кампетэнтнасьці. Памылковыя рашэньні, карупцыя, пасіўнасць насельніцтва і яго нежаданьне адказваць за сваю краіну. І ў выніку — непазьбежны крах дзяржаўных структур.

Украінцы прайшлі гэты шлях дастаткова хутка — зь Віктарам Януковічам. Нашым суседзям па былым СССР яшчэ трэба будзе пераканацца ў сапраўднай цане такой стабільнасьці. Менавіта таму добра, што прэзыдэнт Украіны больш на такія саміты ня езьдзіць.

Саміт кіраўнікоў краін СНД адкрыўся 16 кастрычніка ў Казахстане. У ім прымае ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнікі Малдовы і Ўкраіны ад удзелу ў саміце адмовіліся. Дэлегацыі гэтых краін узначальваюць дыпляматы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Арыгінал публікацыі знаходзіцца на сайце Ўкраінскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG