Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ раз пра мараль


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Вяртаюся да гэтай тэмы, бо яна ў мінулую выбарчую кампанію гучала без усякай меры, гучыць у сецівах і дагэтуль.

Каб доўга не тэарэтызаваць, скажу адразу: публічна зьвінавачваць кагосьці з жывых у амаральнасьці – амаральна, бо мараль катэгорыя не публічная (калі вы насамрэч хочаце пагаварыць пра мараль). Зьвінавачваць у амаральнасьці таго, хто ўдзельнічаў у выбарах – амаральна, бо выбары, па вялікім рахунку, гульня (як і «вся наша жизнь»:)). Амаральна зьвінавачваць у амаральнасьці таго, хто мог памыліцца, бо кожны мае права на памылку, а не памыляюцца толькі куміры, якіх «не сатвары сабе».

Вось чаму ўсе выбарча-пасьлявыбарчыя маралізацыі выклікаюць пэўную гідлівасьць. А калі розум бярэ верх над эмоцыямі, прыходзіш да высновы, што яны, маралізацыі, яшчэ і абсалютна дэструктыўныя, бо ўказваюць не на той аб’ект грамадзкай і палітычнай дзейнасьці, за які ў поўную сілу трэба брацца ўжо сёньня, каб вынік наступнай кампаніі быў іншым.

А брацца трэба не за Караткевіч і тых, хто галасаваў за яе (для многіх гэта, між іншым, быў сапраўдны выклік свайму асяродзьдзю і самім сабе, што трэба цаніць), а за тых, хто галасуе за Лукашэнку і выбірае нам нязьменнага першага прэзыдэнта.

Вось тут самы час і месца пагаварыць пра мараль.

Дзяўчына: «Я люблю Лукашэнку. Ён класны. Самы лепшы прэзыдэнт на сьвеце»

Камэнтары на гэты відэасюжэт на Свабодзе – журналіст прафнепрыгодны, узяў інтэрвію ў малалеткі, бэрэсэмаўкі, лукашысткі. А павінен быў у каго ўзяць? У Халіп? У Калінкінай? У Шапуцькі?

Ня ведаю, скуль гэты камэнтатар, але дзяўчына ў сюжэце сказала тое, што сказала б абсалютная большасьць яе раўналеткаў, зь якімі яна тусуецца па жыцьці, «вконтакте» і ў аднаглазьніках.

У адной менскай школе я назіраў, зь якім абурэньнем накінулася дзяўчынка-другакласьніца на сваю маці, калі тая на пытаньне малой «За каго ты галасавала?» адказала «За Караткевіч».

Ды як ты магла? Аляксандар Грыгор’евіч Лукашэнка наш прэзыдэнт, ты павінна была галасаваць за яго, дзякуючы яму ў нас шчасьлівае дзяцінства… Стоп! Тут ужо матка ня вытрымала – дзіця яўна казала чужымі словамі. Дзе настаўніца? Хто вам даў права прамываць майму дзіцяці мазгі? – Ды ўсё ў парадку, у нас палітінфармацыі, мы ўсё робім згодна з мэтадычкамі, – зьдзівілася ў свой чарод настаўніца.

Сцэна адбывалася на тле магутнай школьнай плыні бацькоў і дзяцей. Намінальна беларуская гімназія ўслаўляла матуляў у іхны Дзень песьнямі пра «невскіе мосты», Арбат і іншыя дарагія атрыбуты любімай Радзімы.

Разумею, што ўсёй моцы нашай дэмсуполкі ня хопіць нават на адну гэтую школу. Але затое які стымул ператварыць суполку ў рух!

«Калі б ня ён, нас захапіла б Амэрыка»

Гэта ўжо з размовы з маладым спэцыялістам на прадпрыемстве ў Цюцюкевічах. Калі б не Лукашэнка, нас даўно захапіла б Амэрыка. – Хутчэй бы:) – Ня сьмейся, ты ж бачыш, што Штаты «творят» ва Ўкраіне. – Ня бачу. Але хто табе гэта сказаў? – У нас рэгулярна праводзяцца палітінфармацыі.

Яму 21 год і ў сваім калектыве ён лічыцца сярод прагрэсіўных. Цяпер увага – працягваем пра мараль. А калі б ты не прагаласаваў за яго? – Ну, пазбавілі б прэміі, а так трэба было сфоткаць свой бюлетэнь «за яго» і атрымаць у аўтобусе на карман 500 тысяч. Зацані? Ясна, усе так і рабілі.

Думаю, з грашыма гэта ініцыятыва прадпрыемства, але з палітінфармацыямі ў духу халоднай вайны – ініцыятыва главы гасударства, усяго гэтага расплодзішча ідэолягаў. Дык вось што яны ўдуваюць на сваіх палітінфармацыях!

У майго суразмоўцы няма ні ценю сумневу ў тым, што ён усё зрабіў правільна, чыста, маральна. Ну пазьдзіўляўся ён крыху на мой «сьпіч у адказ» пра тое, хто нас даўно і без усялякіх амэрык захапіў, крыху прыкалола яго, колькі ў нас зьнешняга доўгу, колькі насельніцтва і хто нашы суседзі (ён ня ведаў), але энтузіязму рабіць з гэтага высновы я не заўважыў.

Затое я зрабіў выснову (ня першы раз) – паспалітыя беларусы ў масе сваёй у палітычны інтэрнэт не заходзяць. І калі ў вас ёсьць жаданьне пашырыць свае электаральныя ўплывы, а гэта можна зрабіць толькі за кошт электарату Лукашэнкі, дык ваш аб’ект дзейнасьці – усе гэтыя людзі.

Ня ведаю, як вы, а я веру ў базавую маральнасьць беларускага чалавека. Прынамсі, пераканацца ў адваротным не было падставаў. Проста чалавеку, каб адрозьніць маральнае ад амаральнага, трэба, як мінімум, два каналы інфармацыі, а не адзін, як тое было ў СССР і як ёсьць у РБ, калі хлусьню няма ад чаго адрозьніць і яна ўяўляецца нормай.

Але гэта людзі, зь імі ўсё ж неяк можна гаварыць-пераконваць. Нашмат страшнейшае ў сваім амаралізме чынавенства, функцыянэры, палітінфарматары. Тыя, што спакваля ператварылі нашы школы з установаў асьветы і адукацыі ў стацыянарныя ўчасткі «па выбарах першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Базылевіч: Маладых настаўніц пазбаўляюць маральнай цноты

Гэты пост у фэйсбуку Натальлі Васілевіч – гатовы абзац у новую кнігу Сьвятланы Алексіевіч. (А нашы выбарчыя кампаніі паводле глыбіні народнае драмы ўжо цалкам цягнуць на вайну, Чарнобыль і самагубствы.)

«Гэты раз я не была назіральнікам, але здаецца сёньня я нарэшце зразумела, што самае цяжкае ў гэтым занятку, чаму я не знайшла ў сабе сіл пайсьці і быць часткай працэсу. Самае цяжкае назіраць тых, хто ў камісіі першы раз. Маладых настаўніц, якіх пазбаўляюць маральнай цноты (девственности). Якія да апошняга чырванеюць, парываюцца ўцячы, схавацца, не датыкацца да гэтых бюлетэняў, не падпісваць пратаколаў. А потым расслабляюцца і «атрымліваюць задавальненьне». Напэўна, гэта самае жахлівае – назіраць за гэтым і з арсэналу барацьбы з фальсыфікацыямі мець толькі сорам, і не магчы нічога зрабіць».

Колькі такіх згвалтаваньняў на кожныя выбары па ўсёй краіне – тысячы, дзясяткі тысяч? Вось матэрыял для звышлітаратуры. А якая пляцоўка для дэмакратычных сіл! Вось дзе поле бітвы за маральнасьць у грамадзтве. Недаступныя? А калі гэта суседка – няўжо солі не пазычыць? Слова за слова… А калі знаёмая знаёмых? Чыста пагаварыць. Не «ад апазыцыі», а – пра мараль.

Мой калега не перастае зьдзіўляцца – праз выбарчыя камісіі ў Беларусі за 20 гадоў прайшлі дзясяткі тысяч народу, калі ня сотні. І ніхто не раскалоўся! Напэўна ж нехта зь іх эміграваў за мяжу, прасіў прытулку, мог бы расказаць на мікрафон. Чаму ніхто не апынуўся ў апазыцыі? А навошта? Ну, калі б страціў працу, напрыклад. А такія працу ня страчваюць ніколі. Яны страчваюць цноту. І цалкам натуральна пра гэта маўчаць. Пра такое стараюцца маўчаць да сьмерці.

Але ж і атмэсфэру ў сваіх установах і па ўсёй краіне ствараюць гэтыя дзясяткі-сотні тысяч «апушчаных». Ка-а-ашма-а-ар.

А вы кажаце, Караткевіч. Якраз у яе электараце такіх, напэўна, не сустрэнеш. Толькі ж трэба неяк дабірацца і да такіх.

Звальваць маральную віну не на тых – значыць, ня ведаць, што рабіць далей, ня бачыць аб’екта сваёй дзейнасьці і не плянаваць рэальных перамен.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG