Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч зрабіў прапанову Караткевіч. Дзьмітрыеў адмовіў


Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч на выбарчым участку 11 кастрычніка
Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч на выбарчым участку 11 кастрычніка

Лібэральна-дэмакратычная партыя прапануе кампаніі «Гавары праўду» сумесна рыхтавацца да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў 2016 годзе.

Пра гэта заявіў сёньня першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Мы з павагай ставімся да Тацяны Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева за тое, што, у адрозьненьне ад некаторых іншых апазыцыянэраў, яны пайшлі на прэзыдэнцкія выбары і адстойвалі сваю пазыцыю. Таму мы прапануем рыхтавацца разам да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2016 году. Мы гатовыя на тое, каб абмяркоўваць кандыдатуры з кампаніі «Гавары праўду» і Лібэральна-дэмакратычнай партыі і здымаць кандыдатуры ў супольных інтарэсах. Гэта патрэбна для таго, каб у кожнай акрузе быў кандыдат ад улады і кандыдат памяркоўнай апазыцыі. І гэтую прапанову мы робім сёньня, паколькі падрыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў трэба сёньня, а ня заўтра ці пасьлязаўтра.

Гайдукевіч сказаў, што мінулая прэзыдэнцкая кампанія была толькі прэлюдыяй да галоўнай кампаніі, а менавіта — парлямэнцкай кампаніі 2016 году. «Мы хочам вярнуць беларускаму парлямэнту тое месца, якое ён павінен займаць. У гэтым парлямэнце павінна дыскутавацца адна галоўная праблема: краіне патрэбныя перамены», — заявіў ён.

Гайдукевіч падкрэсьліў, што такую прапанову Лібэральна-дэмакратычная партыя робіць толькі памяркоўнай апазыцыі, а што тычыцца так званай «радыкальнай» апазыцыі, то ёй такіх прапаноў рабіцца ня будзе.

Гайдукевіч заклікаў апазыцыю перастаць абмяркоўваць, хто «агент КДБ», а хто «спарынг-партнэр». На ягоную думку, апазыцыі трэба абавязкова аб’яднацца, бо ўлада пойдзе на выбары адной калёнай. «Таму і нам неабходна таксама яднаньне», — дадаў ён.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Кампанія «Гавары праўду» не пагадзілася на прапанову Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

«Мы адкрытыя для будаваньня кааліцыі на парлямэнцкія выбары 2016 году з дэмакратычнымі сіламі, арганізацыямі і рухамі. Нягледзячы на яе назву, Лібэральна-дэмакратычную партыю Беларусі мы ня лічым дэмакратычнай арганізацыяй. Мы перакананыя, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Гайдукевіч працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Таму ніякіх падставаў для сумесных дзеяньняў падчас парлямэнцкай кампаніі мы ня бачым», — сказаў Свабодзе кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG