Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША назваў «важнымі» вынікі расьсьледаваньня, праведзенага Радай бясьпекі Нідэрляндаў, і выяўленьне абставінаў гібелі пасажырскага ляйнэра ў небе над Данбасам. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Марк Тонар адзначыў важную ролю, якую адыгралі экспэрты многіх краінаў, у прыватнасьці, ЗША ў вывучэньні ўсіх абставінаў катастрофы.
У заяве дыпляматычнага ведамства ЗША гаворыцца, што нідэрляндзкі даклад пацьвердзіў сказанае больш за год таму дзяржаўным сакратаром ЗША Джонам Кэры: рэйс МН17 быў зьбіты ракетай «Бук». Тады ж у заяве Кэры адзначалася, што амэрыканскія сыстэмы сачэньня зафіксавалі пуск ракеты з тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі. Амэрыканскі бок у тыя дні зьвярнуў увагу на радыёперахоп паміж лідэрамі сэпаратыстаў, якія абмяркоўвалі гібель самалёта непасрэдна па сьлядах катастрофы.
Раней у аўторак прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Нед Прайс заявіў, што Вашынгтон будзе «цалкам падтрымліваць» усе намаганьні па прыцягненьні да адказнасьці вінаватых у гібелі Боінга на ўсходзе Ўкраіны. У заяве адзначаецца незалежны характар праведзенага расьсьледаваньня, якое, па словах Прайса, адпавядала міжнародным стандартам.