Тройчы чальцы ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча замаўлялі памяшканьне для сустрэч з выбаршчыкамі ў сярэдняй школе № 28. І тройчы туды ніхто не зьяўляўся — ні сам кандыдат, ні ягоныя аднадумцы. Анонсаў пра сустрэчы таксама нідзе не было — таму пра іх ня ведалі і выбаршчыкі.
Падобная сытуацыя атрымалася і зь пікетамі: ініцыятыўная група «забівала» месцы, вызначаныя ўладамі для вулічных агітацыйных сустрэч, але адбываліся яны далёка не заўсёды. А калі й адбываліся, то замест замоўленых дзьвюх гадзінаў пікет працягваўся гадзіну або нават меней.
Віцябляне, нават вельмі захацеўшы, так і не змаглі пашырыць свае веды пра кандыдата Гайдукевіча, задаць яму свае пытаньні, пазнаёміцца з праграмай. Тым ня менш, Сяргей Гайдукевіч заявіў, што прагназуе высокі працэнт яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі.
Што да Віцебшчыны, то колькасьць людзей, якія датэрмінова прагаласавалі, тут ня самая вялікая, аднак і не самая малая па Беларусі: паводле афіцыйнай статыстыкі Цэнтравыбаркаму, увечары 9 кастрычніка яна складала 29,83%, саступіўшы Магілеўшчыне (29,92%) і Гомельшчыне (30,25%).