Публіцыст Зьміцер Растаеў напісаў яркі і рэзанансны тэкст пра тое, як Тацяна Караткевіч патрапіла ўслухацца ў душу народа. Асноўныя тэзісы:
«Она ещё не президент, не депутат даже, у неё нет ещё никаких реальных полномочий, а к ней уже тянутся за помощью немощные, обиженные, униженные и просто те, кому одиноко и некому рассказать о своём горе...
Здесь-то и выявляется фундаментальная ошибка оппозиционных лидеров, эксплуатирующих баррикадный дискурс: они зовут людей на бой, а людям хочется заботы... Народ ищет заступников, а не заводил...
Успех же политика определяется тем, как точно он считывает чаяния масс и насколько адекватно отвечает их вызовам. Умение вслушаться в душу народа — важнейшее качество политика...»
Чытаеш гэтыя, як мне здаецца, дакладныя развагі, і разумееш, што мы ідзем па крузе і мэнтальна вярнуліся ў той самы 1994 год, калі людзі на сустрэчах з Лукашэнкам ручаямі падплывалі да яго са сваімі праблемамі і «жаданьнем выказацца».
Вядома, ня толькі прыватныя назіраньні журналіста, але і аналіз сацыялягічных дадзеных сьведчыць — у беларусаў і праз 20 гадоў пануе той самы невынішчальны патэрналізм і этатызм. Больш простымі словамі: быў «Бацька», а цяпер няхай будзе «Маці» — але ніякі табе не «найманы мэнэджэр», ня «твой прадстаўнік ва ўладзе». Нехта зьверху, «Бог з машыны» са старажытнагрэцкай трагедыі, Бацька ці Маці, які выслухае, прыгрэе, вырашыць усе праблемы, дасьць новыя льготы і пакарае багатых і чыноўнікаў.
Нейкая нацыя-сірата, якая вечна шукае сябе бацькоў. «Девочка ищет отца». І ня толькі ўнутры сваёй краіны. Працэнтаў 60–70 насельніцтва толькі і чакае, каб хто-небудзь нас далучыў да сябе. «Хто будзе лепш карміць, да таго і далучуся».
Людзі ініцыятыўныя, самастойныя, моцныя, прадпрымальныя бачаць усё гэта і разумеюць, што ў іх у гэтай краіне мінімум шанцаў на рэалізацыю. Бо пры такім настроі большасьці народу любая ўлада, каб прыгрэць усіх «пакрыўджаных і прыніжаных», будзе заціскаць бізнэс, павялічваць ролю дзяржавы ва ўсім, і любога, хто высоўваецца, акуратна (альбо рэзка) прыбіваць малаточкам да агульнай стэрыльнай плоскасьці. Таму такія людзі зьяжджаюць, становяцца мільянэрамі ў Маскве, кампутарнымі геніямі ў ЗША і тэлезоркамі ва Ўкраіне.
А тым, хто застаўся, палітыкі, якія хочуць мець посьпех, будуць зноў казаць — «мы вас прытулім, абагрэем, дадзім бясплатную мэдыцыну і адукацыю, і гарантаваную працу». І калі раптам нейкі «праўдалюб», ацаніўшы рэальна сытуацыю, скажа, як Чэрчыль у свой час — «Я не магу прапанаваць нічога, акрамя крыві, цяжкай працы, сьлёз і поту», — то адказ яму народ даўно даў у Купалаўскім вершы «Прарок»: «Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?»
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.