Іранскія вайскоўцы прыбылі ў Сырыю, каб далучыцца да буйной наземнай наступальнай апэрацыі на баку ўраду прэзыдэнта Башара Асада. Пра гэта крыніцы Reuters паведамілі ў чацьвер. Агенцтва адзначае, што гэта чарговае сьведчаньне хуткай інтэрнацыяналізацыі грамадзянскай вайны ў Сырыі.
Як паведамляе Reuters, расейскія ваенныя самалёты бамбілі лягер сырыйскіх паўстанцаў, навучаных ЦРУ, паставіўшы Маскву і Вашынгтон на супрацьлеглыя бакі канфлікту на Блізкім Усходзе ўпершыню з часоў «халоднай вайны».
Ваенныя Расеі і ЗША правядуць сёньня перамовы з дапамогай закрытай відэасувязі, каб знайсьці спосаб пазьбегнуць сутыкненьняў двух узброеных сіл, якія вядуць паралельныя кампаніі авіяўдараў ў Сырыі, паведаміў супрацоўнік міністэрства абароны ЗША. Расейскія самалёты нанесьлі ўдары паблізу гарадоў Хома і Хомс у заходняй Сырыі на другі дзень паветранай кампаніі, распачатай у сераду.
Масква заяўляе, што наносіць ўдары па пазыцыях ісламскіх баевікоў, аднак мясцовасьць, па якой яна наносіць ўдары, занятая паўстанцкім альянсам, які ў адрозьненьне ад «Ісламскага дзяржавы» падтрымліваюць саюзьнікі ЗША, ў тым ліку арабскія дзяржавы і Турцыя.
Хасан-Хадж Алі, кіраўнік групоўкі антыасадаўскіх паўстанцаў сказаў Reuters, што адной з мэтаў расейскай авіяцыі была база яго групоўкі ў правінцыі Ідліб. Яе паразілі каля 20 ракетаў у выніку двух асобных удараў. Байцы групоўкі прайшлі падрыхтоўку ЦРУ ў Катары і Саудаўскай Арабіі, што было часткай праграмы Вашынгтона, накіраванай на падтрымку групаў, якія выступаюць супраць як «Ісламскай дзяржавы», так і Асада.
«Расея кідае выклік усім і кажа, што няма альтэрнатывы Башару,» — сказаў Хадж Алі. Паводле яго інфармацыі, расейскія самалёты былі ідэнтыфікаваныя членамі яго групоўкі, якія калісьці служылі пілётамі сырыйскіх ВПС.