Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ, разьмеркаваньне, страх перад адміністрацыяй — на што студэнты скардзіліся Караткевіч


Сустрэча студэнтаў БДУ з кандыдатам у прэзыдэнты Тацянай Караткевіч была нешматлюдная. Тыя, хто прыйшоў, казалі, што іншыя баяцца.

Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч правяла перадвыбарчую акцыю «Кава за Так»: частавала студэнтаў БДУ кавай і заклікала аддаваць за яе свае галасы. Агітацыйная перадвыбарчая акцыя адбылася перад пачаткам заняткаў пры ўваходзе ва ўнівэрсытэцкі гарадок БДУ.

Тут Караткевіч і яе каманду чакала служба аховы БДУ, якая, аднак, не перашкаджала перадвыбарчай акцыі. Актывісты групы падтрымкі выставілі плякат кандыдаткі, дасталі тэрмасы і плястыкавыя кубачкі і заклікалі ў мэгафон узяць удзел у сустрэчы пад назвай «Кава за Так».

Тацьцяна Караткевіч частавала “Кавай за Так”
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00
Наўпроставы лінк

Да акцыі далучылася каля 20 студэнтаў. Кандыдатка ў прэзыдэнты наліла ім каву ўласнаручна. Кандыдатка таксама раздала прысутным «Дыплёмы ад Тацяны Караткевіч» з выявай Пагоні і тэкстам-дэклярацыяй яе магчымага прэзыдэнцтва:

«Мы тут стаім ня проста так — гэта мы толькі так кажам, што „Кава за Так“. Мы хочам пачуць ад вас пытаньні, прапановы і меркаваньні, бо вы — моладзь, наша будучыня», — казала кандыдатка.

У адказ студэнты зьвярнулі ўвагу на тое, што іх прыйшло на сустрэчу мала, і самі ж зрабілі выснову: студэнты апалітычныя і баяцца. Хлопец, які казаў гэта, між іншым запытаўся, ці не баіцца ўдзельнічаць у выбарах і сама кандыдатка.

Затым былі пытаньні пра неабходнасьць абавязковага сяброўства ў БРСМ, прымусовага разьмеркаваньня, сыстэмы аплаты, а таксама пра агульнадзяржаўную палітыку і эканоміку. Караткевіч давала адказы на пытаньні, а агулам заклікала браць актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці краіны, каб супольна дамагацца пераменаў:

«Сёньня шмат каму цікава, якая ў нас ёсьць альтэрнатыва. І сёньня я прэзэнтую гэтую дэмакратычную альтэрнатыву. Што тычыцца страху, то ў мяне ёсьць свой рэцэпт: таксама былі сытуацыі, каб рабіць выбар, і я проста рабіла крок наперад. Насамрэч я бачыла, што страху няма — ёсьць новыя магчымасьці. Спадзяюся, што я буду добрым прыкладам у гэтым».

Сярод прысутных толькі некаторыя студэнты пагаджаліся выказаць сваё меркаваньне пра выбары і агітацыйную акцыю Тацяны Караткевіч. А некаторыя прызнаваліся, што, каб спаткацца з кандыдаткай на прэзыдэнта, уставалі а шостай гадзіне раніцы. Дзьве дзяўчыны назвалі агітацыю з кавай і дыплёмамі «сьмелым крокам» Тацяны Караткевіч:

«Да нас ніхто яшчэ не прыходзіў з кандыдатаў, і сапраўды я лічу, што гэта тая нагода, каб прачнуцца а шостай ранку і прыйсьці на сустрэчу. Каб яшчэ хто прыйшоў, то мы з задавальненьнем пабачыліся б і паразмаўлялі. Адна рэч, калі ты бачыш кандыдата праз інтэрнэт ці па тэлевізіі, а калі бачыш ягоныя эмоцыі і пачуцьці, то гэта зусім іншае. Тут ужо можна і лепш зразумець, і пачуць — падтрымаеш ты гэтага чалавека ці не. Я лічу, што насамрэч гэта важна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG